Амялья́н Міха́йлавіч Агано́ўскі (псеўданімы і крыптанімы: Амяльян з Грыгорава, Емілян, Ом. о і інш.; ; , с. Грыгораў, цяпер Івана-Франкоўскі раён, Івана-Франкоўская вобласць — , Львоў) — украінскі вучоны-філолаг, пісьменнік і грамадскі дзеяч. Доктар філасофіі (1865), член-карэспандэнт Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (з 1881). Брат Аляксандра, Пятра і Іларыя Аганоўскіх, дзядзька Любаміра Аганоўскага.

Біяграфія Нарадзіўся года ў вёсцы Грыгораў (цяпер Івана-Франкоўскі раён, Івана-Франкоўская вобласць, Украіна) у сям’і святара. Бацька, айцец Міхаіл Аганоўскі, быў настаяцелем царквы Раства Прасвятой Багародзіцы. Сям’я мела шляхецкае паходжанне і належала да герба «Агоньчык»Шашкевичіяна. — 1988. — Ч. 11 (42-43)..

У горадзе Беражаны скончыў нармальную школу. Згадом навучаўся там у цэсарска-каралеўскай Беражанскай гімназііБережанська Земля: Історично-Мемуарний Збірник. — Ню Йорк — Лондон — Сидней — Торонто, 1970. — Т. 1. — С. 75.. Два старэйшыя класы заканчваў у Львове. У 1853 годзе ў гэтым горадзе здаў іспыты на атэстат сталасці. У 1857 годзе скончыў Львоўскую духоўную семінарыю. У гэтым жа годзе ажаніўся з дачкой святара ў Чэсніках Фалінай Нядзвецкай. Вывучаў тэалогію ў Львоўскім універсітэце. Акрамя багаслоўскіх навук, вывучаў рускую (украінскую) мову і літаратуру на лекцыях Якава Галавацкага. У гэты ж час вывучаў класічную філалогію і польскую мову.

Працаваў катэхізатарам пры Дамініканскай (нямецкай) гімназіі. З 1863 года выкладаў рэлігію, рускую мову і літаратуру ў Акадэмічнай гімназіі Львова. Скончыў Львоўскі (1865) і Венскі (1870) універсітэты. З 1867 года ўзначаліў кафедру рускай філалогіі Львоўскага ўніверсітэта, замяніўшы на гэтай пасадзе Я. Ф. Галавацкага.

У 1877 годзе А. М. Аганоўскага абралі дэканам філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта. У 1881 годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам Польскай акадэміі навук. З 1888 года — прафесар Львоўскага ўніверсітэта.

Грамадская дзейнасць З’яўляўся адным з заснавальнікаў таварыства «Асвета» (быў яго старшынёй у 1877—1894 гадах), Народнай Рады (1885), Навуковага таварыства імя Тараса Шаўчэнкі (1893). Пад яго ўплывам многія студэнты мянялі свае погляды з масквафільскіх на нарадоўскія (у прыватнасці, Уладзімір МаслякБоднарук І. Бучацький Парнас // Бучач і Бучаччина. Історично-мемуарний збірник. — 1972. — С. 101.). Цесныя сувязі з ім падтрымліваў Васіль Цалкоўскі.

Імкнуўся дасягнуць паразумення з аўстрыйскім урадам і польскімі палітычнымі коламі, укараняючы ў жыццё палітыку так званай «новай эры», якая, аднак, пацярпела няўдачу. У прыватнасці, 24 лістапада 1890 года разам з Аляксандрам Барвінскім, Канстанцінам Целішэўскім, Косцем Лявіцкім, Карнілам Мандычэўскім і мітрапалітам Сільвестрам Сембратовічам удзельнічаў у прэс-канферэнцыі Казіміра Бадэні, на якой былі падведзены вынікі папярэдніх перагавораў. У 1874—1894 гадах актыўна ліставаўся з Аляксандрам Барвінскім.

У 1893 годзе стаў старшынёй камітэта па перавозцы і перапахаванні на Лычакаўскіх могілках мошчаў Маркіяна Шашкевіча з НавасёлакГорак Р. Задля празника. У сутінках. — К. : Радянський письменник, 1989. — С. 358. — ISBN 5-333-00206-1..

Навуковая і выкладчыцкая дзейнасць Рабіў акцэнт на фарміраванні ўкраінскай літаратурнай мовы на аснове этымалагічнага правапісу. На працягу працы ў Львоўскім універсітэце імкнуўся рэфармаваць выкладанне рускай (украінскай) мовы і літаратуры. Дабіваўся навучання на жывой мове замест штучнага «язычча», якое ўкараняў Я. Ф. Галавацкі.

У выданні Польскай акадэміі ведаў «Rozprawy Wydziału Filologicznego» ў 1877 годзе А. М. Аганоўскі апублікаваў артыкул «O przyimkach w jezykach staroslovenskim, ruskim i polskim», а ў «Archiv fur zlav. Philol.» у 1880 годзе — «Einige Bemerkungen uber die Sprache der altpolnischen Sophienbibel».

У вядомай працы «Studien auf dem Gebiete der ruthenischen Sprache» (1880) ён праводзіць думку пра самастойнасць рутэнскай мовы (украінскай) і вылучае яе тры асноўныя гаворкі: галіцкую з трыма падгаворкамі, паўднёварускую з чатырма падгаворкамі і беларускую. Далей ідзе даследаванне фанетыкі і словаўтварэння, прычым аўтар карыстаецца данымі пісьмовых і вусна-народных помнікаў. Выбітны філолаг А. А. Пацябня прызнаваў гэтую кнігу вельмі карыснай, а Іван Франко лічыў яе адным з лепшых набыткаў украінскай філалагічнай літаратуры. Займаўся таксама тыпалагічным параўнаннем аспектаў царкоўнаславянскай, польскай і ўкраінскай моў. У X томе «Rozpraw» (1888) Аганоўскі надрукаваў у дадатак да «Studien» артыкул «O wazniejszych wlasciwosciach jezyka ruskiego», дзе разглядае галосны «i» і сляды насавых гукаў.

З’яўляецца аўтарам падручніка «Граматика язика руського» (1889), які замяніў сабой састарэлы падручнік Міхаіла Асадцы. Апублікаваў хрэстаматыі па гісторыі царкоўнаславянскай (1871) і стараўкраінскай (1881) моў.

Да ліку важных філалагічных прац А. М. Аганоўскага належыць таксама каментаванае выданне «Слова аб палку Ігаравым» (1875), у якім ён апісвае рускую літаратуру і асвету ў XII стагоддзі, пераказвае змест «Слова» і гістарычныя звесткі пра паход Ігара Святаславіча. Вучоны лічыў, што аўтарам «Слова» быў галічанін, што твор, відавочна, спяваўся, і яго пераклад, як і ўводзіны, адлюстроўваў мясцовую галіцкую гаворку.

Літаратуразнаўства і «Гісторыя літаратуры рускай» Самая вялікая і вядомая праца А. М. Аганоўскага — «Гісторыя літаратуры рускай» — пачала друкавацца па частках у часопісе «Зара» з 1886 года. Да гэтага ён ажыццявіў комплексны аналіз аднаго з перыядаў украінскага пісьменства ў працы «Погляд на гісторыю рускай літаратуры ў часы Татаршчыны» (1881). На працягу 1887—1894 гадоў выйшлі чатыры тамы «Гісторыі літаратуры рускай» (усяго 6 частак). Першы том ахопліваў літаратуру ад старажытнай эпохі да канца XVIII стагоддзя, другі том — лірыку XIX стагоддзя, трэці — прозу XIX стагоддзя, чацвёрты — этнаграфію XIX стагоддзя. З-за смерці аўтара праца засталася няскончанай.

Гэты твор жорстка крытыкаваў Іван Франко: «Гэтая сістэма зусім негістарычная, чытач пры такой падачы матэрыялу не атрымлівае ніякага ўяўлення пра развіццё літаратуры»Франко І. Історія літератури руської / І. Франко // Зібрання творів у 50 т. Т. 27 / Іван Франко. — К. : Наук. думка, 1980. — С. 335.. Праца таксама стала аб’ектам суровай крытыкі з боку Аляксея Сабалеўскага, Аляксандра Пыпіна, а пазней — Сяргея Яфрэмава, Дзмітрыя Чыжэўскага і іншых. З іншага боку, сучасны літаратуразнаўца В. Мікіцюк лічыць, што хібы «Гісторыі літаратуры рускай» былі абумоўлены нераспрацаванасцю метадалогіі стварэння гісторыка-літаратурных аглядаў і адсутнасцю падрыхтоўчых манаграфійМикитюк В. Літературна і наукова спадщина Омеляна Огоновського: автореф. дис. … канд. філ. наук. : 10. 01. 03 / В. Микитюк. — Львів, 1995. — С. 25.. Нягледзячы на крытыку, вучні і студэнты доўгі час навучаліся менавіта па гэтай працы, якая з’яўлялася незаменным дапаможнікам для азнаямлення з галіцка-рускай літаратурай. Праз увесь твор яскрава праведзены ўкраінафільскі пункт гледжання.

«Гісторыя літаратуры рускай» стала прычынай дыскусіі ў 1890—1891 гадах паміж А. М. Пыпіным і дзеячамі ўкраінскай нацыянальнай культуры (А. М. Аганоўскі, І. С. Нячуй-Лявіцкі, Міхаіл Камароў). На артыкул Пыпіна «Особая история русской литературы» Аганоўскі адказаў брашурай «Моему критикови» (Львоў, 1890).

У 1872—1873 гадах змясціў у часопісе «Правда» цыкл артыкулаў «Крытычна-эстэтычны погляд на некаторыя паэзіі Т. Г. Шаўчэнкі», дзе прааналізаваў некалькі «Думак» паэта, баладу «Таполя», паэмы «Гайдамакі» і «Неафіты». Выдаў папулярны нарыс «Жыццё Тараса Шаўчэнкі. Чытанка для сялян і мяшчан» (1876), даследаванне «Гайдамакі. Паэма Тараса Шаўчэнкі» (1879). У 1893 годзе за яго рэдакцыяй выйшаў поўны «Кабзар» Т. Р. Шаўчэнкі з уступным артыкулам пра жыццё паэта і каментарыямі. М. П. Драгаманаў, які быў асабіста варожа настроены да Аганоўскага, прызнаў гэтае выданне «вялікім крокам наперад».

Амяльян Аганоўскі і Іван Франко Непростыя творчыя адносіны настаўніка і вучня (Амяльяна Аганоўскага і Івана Франко) доўжыліся на працягу 1875—1894 гадоўМикитюк В. Іван Франко та Омелян Огоновський: мовчання і діалог / В. Микитюк. — Львів: ВЦ ЛНУ ім. І. Франка, 2000. — 188 с.. У 1880-х гадах І. Я. Франко рэцэнзаваў працы Аганоўскага, у прыватнасці, даў станоўчую ацэнку яго падручніку параўнальнай граматыкі славянскіх моў «Studien auf dem Gebiete…».

Складаныя адносіны паміж імі пачаліся падчас габілітацыі Франко. Франко вырашыў абараняць дактарат у Чарнавіцкім універсітэце і звярнуўся да Аганоўскага з тэмай «Палітычная паэзія Тараса Шаўчэнкі». Аганоўскі адхіліў гэтую тэму з-за складанага палітычнага становішча ў Галічыне. Франко прапанаваў іншую ідэю — пра рэлігійную паэзію, але прафесар зноў адмовіў, спаслаўшыся на сваю некампетэнтнасць у гэтай справе.

І. Я. Франко неаднаразова крытыкаваў выкладчыцкую метадалогію свайго настаўніка, называючы яго лекцыі сухімі і педантычнымі: «Яшчэ сёння мяне прабіраюць халодныя дрыжыкі пры згадцы пра педантычныя, недарэчныя лекцыі Венцлеўскага, Чаркаўскага, Аганоўскага…»Франко І. Як це сталося (Спогад) // Зібр. творів: У 50 т. — Т. 34. — С. 372.. Трапнай ацэнкай лектарскага майстэрства Аганоўскага стаў выраз Франко: «Ён быў па сваёй натуры больш анатам, чым фізіёлаг»Франко І. Професор Омелян Огоновський // Зібр. творів у 50 т. — Т. 43. — С. 366.. Аганоўскі таксама звяртаў увагу на дакучлівыя ацэнкі студэнта і скардзіўся, што чужыя людзі лепш ацэньваюць яго працыВРІЛ, ф.3 (Іван Франко), од. зб. 1608, арк.. 149. Толькі ў некралогу «Прафесар Амяльян Аганоўскі» Франко змяніў сваё меркаванне пра ўніверсітэцкага настаўніка.

Літаратурная творчасць Першыя літаратурныя вопыты А. М. Аганоўскага, напрыклад, вершаваная аповесць «Хрэст» (у часопісе «Зоря Галицкая», 1860), былі напісаны на цяжкім штучным «языччы», але пасля яго мова ўсё больш набліжалася да ўкраінскай народнай гаворкі, што ўзгаднялася з яго агульным народніцкім украінафільскім кірункам.

У Галічыне Аганоўскі быў вядомы як драматычны пісьменнік (гістарычныя драмы «Фядзько Астрожскі», 1861, не надрукавана; «Настасся», 1862; «Гальшка Астрожская», 1887). Таксама з’яўляецца аўтарам паэм, балад, вершаў і апавяданняў, апублікаваных у часопісах «Зоря галицька», «Галичанинъ», «Зборник».

Сям’я і памяць Памёр года ў Львове. Пахаваны ў сямейным склепе на Лычакаўскіх могілках (поле № 1). Фірма Генрыка Пер’е выканала помнік на магіле, а мармуровы партрэт у медальёне стварыў скульптар Антоній Рудзевіч (1854—1914). У гэтым склепе таксама пахаваныя яго жонка Фаліна з Нядзвецкіх Аганоўская (1843—1908); іх дачка Эмілія Аганоўская (1878—1906); Вольга з Аганоўскіх (памерла ў 1935) — жонка вядомага галіцкага палітыка Косця Лявіцкага; сын Пятра Аганоўскага — географ, правадзейны член Навуковага таварыства імя Тараса Шаўчэнкі Уладзімір Аганоўскі (1895—1976) і іншыя члены сям’і.

У 1933 годзе, аддаючы пашану братам Аганоўскім, Рада горада Львова вырашыла перайменаваць адну з вуліц на Новым Знясенні ў вуліцу Аганоўскіх. Аднак у 1950 годзе, шукаючы сімпатыі Кім Ір Сена, савецкія ўлады перайменавалі яе ў Карэйскую. Гэтая назва засталася і дагэтуль.

Бібліяграфія Исторія літературы рускои. Написавъ Омелянъ Огоновскій. Часть I (1887) Исторія літературы рускои. Написавъ Омелянъ Огоновскій. Часть II (1888) Исторія літературы рускои. Написавъ Омелянъ Огоновскій. Часть III (1893) Исторія літературы рускои. Написавъ Омелянъ Огоновскій. Часть IV (1894) Хрестоматія староруська для высшихъ клясъ гимназіяльныхъ (1881) Studien auf dem Gebiete der ruthenischen Sprache von Dr. Emil Ogonowski (1880) O przyimkach w jezykach staroslovenskim, ruskim i polskim (1877) Einige Bemerkungen uber die Sprache der altpolnischen Sophienbibel (1880) O wazniejszych wlasciwosciach jezyka ruskiego (1888) Граматика руского языка для школъ середнихъ (1889)

Крыніцы

Літаратура «Киевская Старина» (1894, XII, 475—479) V том «Записок Товарищества имени Т. Шевченка» (1895, 1 — 34). Żiteckij P. Ueber das altrussische Lied von Igors Heereszug. — Arch. f. sl. Phil., 1877, Bd 2, S. 642—660.