Плытніцтва: тэматычны слоўнік — беларускі дыялектны слоўнік, прысвечаны тэме плытніцтва (плытагонства), уключае лексіку з архіўных запісаў, зробленых пераважна ў 1960-1970-я гады, і з розных дыялекталагічных і этнаграфічных выданняў. Упершыню сістэматызаваны лексічныя матэрыялы, прысвечаныя адыходнаму неземляробчаму промыслу беларусаў.

Выданне падрыхтавана ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстутута мовазнаўства імя Якуба Коласа; упарадкаванне звестак, іх сістэматызацыю зрабілі Любоў Кунцэвіч, Вераніка Курцова, Тамара Трухан. Выбарку матэрыялаў з даведачна-інфармацыйных крыніц выканала В. Курцова, таксама яна падрыхтавала дадатковы раздзел пра рачныя сплаўныя судны, паказальнік слоў, даведачныя спісы, упарадкавала намінацыйныя абазначальныя сродкі. Малюнкі ў кнізе зрабіла мастак Ірына Забэла.

Прэзентацыя слоўніка была 20 лютага 2020 года ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы. На ёй выступілі ўдзельнікі падрыхтоўкі выдання, Ігар Капылоў, а таксама пісьменнікі Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей і Васіль Шырко, якія ў маленстве бачылі нёманскіх плытагонаў, прысвяцілі свае творы даўняму занятку.

Плытніцтва асабліва шырока прымянялася ў другой палове ХІХ ст., але перастала існаваць ужо ў сярэдзіне XX ст. Гэтая акалічнасць надае слоўніку асаблівы навуковы статус, бо ў ім адлюстравана моўная, сацыяльна-культурная і сацыяльна-эканамічная рэчаіснасць з мінуўшчыны беларускага этнасу

Слоўнік належыць да каштоўных культурна-гістарычных нацыянальных набыткаў, з’яўляецца своеасаблівым помнікам, у якім праз слова і ў слове замацаваны механізмы пазнання беларусамі навакольнага свету, канцэптуалізаваны звесткі пра яго, паказаны моўныя ўзаемадачыненні з суседнімі народамі.

Слоўнік лексіка-тэматычны. Усе словы, уключаныя ў яго, згрупаваны ў адпаведнасці з паняццем, якое яны абазначаюць. Паняццевы (ідэаграфічны) прынцып дазволіў паказаць незвычайна багаты моватворчы патэнцыял беларускай мовы, які ўвасобіўся ў наяўнасці вялікай колькасці тоесных па значэнні слоў.

У лексічны паказальнік слоўніка ўключана каля 2000 слоў. Яны паходзяць з тэрыторыі ўсіх водных басейнаў Беларусі, што дазваляе разважаць пра полідыялектны характар лексічнага корпусу плытніцтва, бачыць яго размеркаванне ў прасторы, арэалы распаўсюджання слоў. Шмат запазычанняў з розных еўрапейскіх моў, ёсць таксама словы-канкрэтызатары, якія ўказваюць краіну, куды адпраўляўся мясцовы лес.

Спасылкі

В. М. Курцова. Прэзентацыя кнігі «Плытніцтва: тэматычны слоўнік» Тэматычны слоўнік «Плытніцтва» падрыхтавалі ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры  — канал «Культура»

Літаратура Плытніцтва: тэматычны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; уклад. В. М. Курцова [і інш.]; навук. рэд. В. М. Курцова. Мінск : Беларуская навука, 2019. — 297 с.: іл. ISBN 978-985-08-2500-1. (змест) Наталля Снігірова. Плытагонства як архаічны адыходны промысел беларусаў і аб’ект сучаснага лексікаграфічнага апісання. Studia Białorutenistyczne 2021/15. Ганцоўская, Н. С.; Акулоўская, С. У. «Плытніцтва: тэматычны слоўнік» як значнае дасягненне славянскай лексікаграфіі // Беларуская лінгвістыка, 86, 2021. Алена Дзядзюля. УНІЗ ПА РАЦЭ. Куды ганялi плыты нашы продкi? // Звязда - Ігуменскі тракт. № 8 (251) - 19 мая 2020. Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Кнігі 2019 года Катэгорыя:Дыялектныя слоўнікі Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы