Стані́слаў Лю́двік (Станісла́ў Льво́віч) Пташы́цкі (; , сяло Кузава, Маскоўская губерня — , Варшава) — польскі гісторык, архівіст, філолаг, гісторык літаратуры і выдавец. Кандыдат гісторыка-філалагічных навук (1877), ганаровы прафесар (1929). Член Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (з 1904 года), акадэмік Польскай акадэміі навук (з 1931 года). Вядомы даследчык гісторыі, пісьменнасці і права Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія Нарадзіўся 12 красавіка 1853 года ў шляхецкай сям'і ў сяле Кузава пад Масквой. Яго старэйшым братам быў расійскі матэматык Іван Львовіч Пташыцкі (1854—1912). У 1872 годзе скончыў Першую Віленскую гімназію. У 1877 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, пасля чаго застаўся працаваць асістэнтам на кафедры славянскай філалогіі. Адначасова з гэтым, у 1879—1912 гадах, працаваў настаўнікам рускай і лацінскай моў у прыватных гімназіях Пецярбурга, а таксама выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі.

У 1878 годзе быў прызначаны перакладчыкам-архівістам пры Сенаце. У 1883—1884 гадах знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы, дзе паглыблена займаўся славянскай філалогіяй і архіўнай справай. У 1884—1887 гадах займаў пасаду метрыканта (захавальніка) «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. З 1894 года (паводле іншых звестак з 1896 года) працаваў прыват-дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта па кафедры славянскай філалогіі. З 1899 года выкладаў у якасці прафесара ў Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі.

Займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю: у Пецярбургу з'яўляўся куратарам бясплатнай кухні для беднай польскай моладзі ад Дабрачыннага таварыства і касцёла Святой Кацярыны, а таксама быў старшынёй Таварыства польскай маціцы школьнай. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны браў удзел у працы Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы вярнуўся на радзіму. Стаў адным з арганізатараў Люблінскага ўніверсітэта (цяпер Каталіцкі ўніверсітэт Любліна), дзе займаў пасаду прафесара, быў дэканам гуманітарнага факультэта і дырэктарам універсітэцкай бібліятэкі. У 1918—1919 і 1921—1926 гадах з'яўляўся дырэктарам Дзяржаўнага архіва ў Любліне. Адначасова ў 1919—1921 гадах працаваў дэканам філасофскага факультэта Віленскага ўніверсітэта, прафесарам дапаможных гістарычных дысцыплін.

Адыграў значную ролю ў працэсе рэвіндыкацыі: удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, вёў перагаворы з РСФСР па вяртанні польскіх бібліятэк і архіўных матэрыялаў. У 1926—1931 гадах працаваў галоўным дырэктарам Дзяржаўных архіваў Польшчы ў структуры Міністэрства рэлігійных канфесій і народнай асветы. Быў ініцыятарам стварэння і першым рэдактарам архівазнаўчага часопіса «Archeion» (1927—1932). Арганізоўваў і праводзіў курсы па архіўнай справе.

Быў жанаты з Зоф'яй Выжыкоўскай (памерла ў 1906 годзе), з якой меў сына Станіслава Яна Аляксандра Пташыцкага (нарадзіўся ў 1892 годзе, у міжваенны перыяд быў консулам Польскай Рэспублікі ў Піле і Аполе).

Памёр 20 снежня 1933 года ў Варшаве. Пахаваны на могілках у горадзе Бельск Падляскі.

Навуковая дзейнасць Станіслаў Пташыцкі з'яўляецца аўтарам больш за 130 навуковых публікацый. Асноўнымі кірункамі яго даследаванняў былі літаратура XVI стагоддзя, гісторыя і права Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя ўзаемаадносін Польшчы і Расіі, гісторыя друкарства і бібліятэк. Шмат пісаў пра старабеларускую мову ў канцылярыях ВКЛ, даследаваў акты уній паміж ВКЛ і Польшчай, шляхецкія і магнацкія роды ВКЛ, іх кнігазборы.

У 1887 годзе апублікаваў значную працу «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». Бліскуча ведаючы архівы, ён удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га тома «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), у якім былі апублікаваны заходнерускія (беларуска-літоўскія) летапісы. Выявіў і ўпершыню апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907). У 1915 годзе выдаў попісы войска Вялікага Княства Літоўскага за 1528, 1565 і 1567 гады. У нясвіжскай бібліятэцы Радзівілаў гісторык выявіў рукапіс твора Мацея Стрыйкоўскага «Пра пачаткі літоўскага народа».

Выдаваў помнікі старажытнай польскай і ўсходнеславянскай пісьменнасці. Найбольш вядомай яго працай у галіне гістарычнай навукі, напісанай ужо ў незалежнай Польшчы, стала «Энцыклапедыя дапаможных навук гісторыі і літаратуры польскай» («Encyklopedja nauk pomocniczych historji i literatury polskiej», 1919, 1921/1922). Рэгулярна друкаваўся ў часопісах «Журнал Министерства Народного Просвещения», «Русская Старина», «Библиограф», «Историческое Обозрение».

Узнагароды Камандорскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы (30 красавіка 1927) Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы (2 мая 1923) Залаты Крыж Заслугі (10 лістапада 1933) Медаль Дзесяцігоддзя Здабытай Незалежнасці (1928) Крыж «Pro fide et Ecclesia in Russia merito» (1931) Кавалерскі крыж ордэна Святога Рыгора Вялікага (Ватыкан, 1920)

Бібліяграфія Иван Федоров, московский первопечатник. Пребывание его во Львове (Краков, 1884) Dostojnicy Litewscy (Варшава, 1886) Описание книг и актов Литовской метрики (СПб., 1887) Средневековые западноевропейские повести (СПб., 1892) К истории Литовского права после третьего статута (СПб., 1893) К вопросу об изданиях и комментариях Литовского Статута (СПб., 1893) Сборник образцов славяно-русских старопечатных изданий. Выпуск I, XV—XVI век (СПб., 1895) Западнорусские летописи (1907) Переписи войска литовского 1528, 1565, 1567 г.г. (1915) Encyklopedja nauk pomocniczych historji i literatury polskiej (1921) Dzieje rodów litewskich, jako materjal do archeologji historycznej (Варшава)

Крыніцы

Літаратура

Matelski D. Anatomia grabieży. Polityka Rosji wobec polskiego dziedzictwa kultury od XVII do XXI wieku. — Kraków, 2021. — S. 927.

Катэгорыя:Нарадзіліся 12 красавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1853 годзе Катэгорыя:Памерлі 20 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1933 годзе Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Архівісты Польшчы Катэгорыя:Гісторыкі літаратуры Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Кавалеры ордэна Адраджэння Польшчы Катэгорыя:Узнагароджаныя Залатым Крыжам Заслугі Катэгорыя:Акадэмікі Польскай акадэміі навук Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве Катэгорыя:Пахаваныя ў Бельску Падляскім