Ашмянская друкарня — невялікая прыватная кальвінісцкая друкарня, якая дзейнічала на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (на тэрыторыі сучаснага Ашмянскага раёна) ў пачатку XVII стагоддзя. З'яўляецца адной з найменш вывучаных друкарань свайго часу, існаванне якой пацвярджаецца толькі адным вядомым выданнем.
Гісторыя і лакалізацыя Дакладны год заснавання і месцазнаходжанне друкарні застаюцца прадметам дыскусій сярод гісторыкаў і кнігазнаўцаў. Па адных звестках, яна магла быць заснавана яшчэ ў 1590 годзе вялікім маршалкам літоўскім Мікалаем Дарагастайскім у маёнтку Ашмяны Мураваныя (цяпер каля вёскі Мураваная Ашмянка). Паводле іншых дадзеных, друкарню заснаваў яго сын, таксама вялікі маршалак літоўскі Крыштаф Дарагастайскі, каля 1615 года ў саміх Ашмянах.
Сёння каля Мураванай Ашмянкі захаваліся рэшткі старадаўняга цаглянага будынка з падвалам і цокальным паверхам, у якім, як мяркуецца, і магло размяшчацца абсталяванне друкарні.
Выдавецкая дзейнасць На сённяшні дзень у бібліяграфіі дакладна вядома толькі адно выданне, якое пабачыла свет пад маркай Ашмянскай друкарні. Гэта праца ашмянскага кальвінісцкага прапаведніка і рэлігійнага пісьменніка Войцеха Салінарыуса пад назвай «Цэнзура, альбо Разважанне аб канфесіі тых людзей, якія паспалітым імем называюцца арыяны, а па сутнасці з'яўляюцца сацыніянамі...» (), выдадзеная ў 1615 годзе.
На тытульным аркушы гэтай кнігі выразна пазначана месца і год выдання: «Drukowano w Osmianie J.E.M. Pana C. M. Marshalka W.X. Litewskiego Roku 1615» (Надрукавана ў Ашмяне Яго Эксцэленцыі Пана К. М. Маршалка В.К. Літоўскага Року 1615). Маршалкам ВКЛ у той час быў менавіта Крыштаф Дарагастайскі, які з'яўляўся вядомым і ўплывовым апекуном кальвінізму. Змест кнігі ўяўляе сабой вострую тэалагічную палеміку з так званым Ракаўскім катэхізісам (Catechesis Racoviensis major), выдадзеным арыянамі (антытрынітарыямі) у 1605 годзе ў Ракаве.
Сувязь з Любчанскай друкарняй Даследчыкі звяртаюць увагу на шчыльную тэхнічную сувязь паміж Ашмянскай друкарняй і больш буйной Любчанскай друкарняй, якой у той час кіраваў Пётр Бластус Кміта.
Вывучэнне захаванага ўнікальнага асобніка гэтай кнігі, які зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пад шыфрам 094/3626, паказала, што мастацкая аздоба, шрыфты і нават друкарскія матэрыялы кнігі Салінарыуса цалкам ідэнтычныя тым, што выкарыстоўваў Пётр Кміта ў Любчы. Акрамя таго, у выданні выкарыстана папера з папяровых млыноў Паўла Сапегі.
Гэта спарадзіла дзве асноўныя навуковыя гіпотэзы:
Кніга была фактычна надрукавана ў Любчы, але паколькі ўсе сродкі на яе выданне даў Крыштаф Дарагастайскі, было дамоўлена афіцыйна пазначыць на тытуле месца выдання «Ашмяны».
Пётр Кміта, па асабістай просьбе Дарагастайскага, накіраваў у Ашмяны свайго друкара разам з неабходнымі шрыфтамі, матэрыяламі і станкамі для выканання гэтага канкрэтнага магнацкага заказа на месцы.
Крыніцы
Літаратура
Рошчына Т. І. Дарагастайскія ў гісторыі кніжнай культуры Беларусі // Памяць: Ашмянскі р-н. Мінск, 2003.
Катэгорыя:Друкарні Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Выдавецтвы Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Ашмянскага раёна Катэгорыя:Ашмяны Катэгорыя:Кальвінізм у Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Мураваная Ашмянка