Рымскія дзеі (дзеянні, гісторыі, ) — сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной беларускай літаратуры XVII ст. Складзены, відаць, у Англіі ў XIII ст. на падставе заходнееўрапейскіх, антычных і блізкаўсходніх крыніцunicat.nlb.by. У ім 181 гісторыя. Асобныя гісторыі пераклаў на беларускую мову Алесь Бразгуноў.

Да нашага часу захавалася звыш 150 спісаў, якія розняцца колькасцю гісторый, іх паслядоўнасцю, варыянтамі. Упершыню зборнік надрукавалі ў 1472 годзе ў галандскім Утрэхце, але працэс яго дапаўнення доўжыўся да канца XVIII ст. Перапісванне зборніка не спынілася і з пачаткам кнігадрукавання, настолькі папулярным ён быў.

Беларуская рэдакцыя была створана ў 1688 годзе і падрыхтавана да друку ў Магілёве, але яе не выдалі, толькі ў 1877—1878 гг. яна была надрукавана Вяземскім у двух частках. Беларускі пераклад змяшчае 39 апавяданняў; яго крыніцай было адно з польскіх выданняў «Historyj rozmaitych», колькасць якіх у польскіх зборніках не перавышае 40. Для большасці гісторый характэрны аскетызм апавядання, простая кампазіцыя, змястоўная насычанасць і дынамізм дзеяння. За рэдкім выключэннем, творы суправаджаюцца эпілогамі-маралізацыямі. Асобна вылучаецца група жыційных твораў і апрацоўка антычнага рамана («Апалон Цірскі»).

Крыніцай асобных твораў быў зборнік «Disciplina clericalis» Пятра Альфонса.

«Рымскія дзеі» трывала ўвайшлі ў культурны набытак чалавецтва. Папулярнасцю з імі могуць параўнацца Біблія, Фізіёлаг або Тысяча і адна ноч, — кажа Алесь Бразгуноў, — гэты зборнік уплываў на развіццё як рэлігійнай, так і свецкай літаратуры сярэдніх вякоў і Адраджэння, да яго звярталіся, акрамя духоўнікаў і маралістаў, вядомыя пісьменнікі: Чосер, Бакача, Шэкспір, Шылер.

Заўвагі

Літаратура Выданні: Залатая калекцыя беларускай літаратуры, т. 2 — Літаратура ХVII—XVIII стагоддзяў. — Мінск, 2012 «Римские Деяния [Gesta Romanorum]» // Памятники древней письменности и искусства, т. 5, Санкт-Петербург: Типография А. Траншеля, 1877; т. 33, Санкт-Петербург: Типография А. Траншеля, 1878. Даследаванні: Алесь Бразгуноў. Перакладная літаратура ў Вялікім Княстве літоўскім у XV—XVIII стагоддзях // Senoji Lietuvos literatūra, 2006, 21, 171—228 — С. 216—219 Аляксандар Надсан. Заходняя літаратура на Беларусі ў XV—XVII стст. pawet.net Катэгорыя:Кнігі паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Беларуская перакладная літаратура