Сямён Львовіч Дорскі (, — ) — беларускі перакладчык, лінгвіст і педагог. Кандыдат філалагічных навук (1961).

Біяграфія Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і службоўца. Родны брат беларускага драматурга Іосіфа Дорскага.

У 1939 годзе завочна скончыў Маскоўскія курсы замежных моў, атрымаўшы кваліфікацыю перакладчыка. Да пачатку вайны паспеў скончыць тры курсы гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У чэрвені 1941 года быў эвакуяваны ў Куйбышаўскую вобласць РСФСР, дзе нейкі час працаваў у калгасе. У верасні 1941 года пераехаў у горад Уральск (Казахстан), дзе выкладаў гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе № 1. У 1942—1943 гадах быў курсантам Ленінградскага ваеннага вучылішча сувязі, якое тады знаходзілася ў эвакуацыі ва Уральску. Са студзеня 1943 па 1946 год служыў у шэрагах Савецкай Арміі. Прайшоўшы франтавы шлях Вялікай Айчыннай вайны, пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе вярнуўся ў Мінск.

У 1947 годзе скончыў факультэт замежных моў Мінскага педагагічнага інстытута. Затым працаваў у БДУ, з 1955 па 1962 гады з’яўляўся загадчыкам кафедры англійскай мовы. З 1962 па 1983 год працаваў дацэнтам кафедры лексікалогіі англійскай мовы ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў. З 1980 года з’яўляўся членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Перакладчыцкая дзейнасць Дэбютаваў у друку як перакладчык у 1952 годзе. Перакладаў з англійскай, нямецкай, італьянскай і французскай моў. Сярод твораў у яго перакладзе «Гронкі гневу» (Джон Стэйнбек), «Птушкі на цернях» (Колін Мак-Калау) сумесна з Валянцінам Рабкевічам, «Сказ пра Робін Гуда» (Джон Фінемар), «Цікі» (Пітэр Джойс). Перакладаў апавяданні Людвіга Рэна (з нямецкай), Лібера Серэньі (з італьянскай), Андрэ Стыля (з французскай), а таксама замежныя казкі для дзіцячых часопісаў (напрыклад, «Бярозка»).

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Кандыдаты філалагічных навук