Дэр Фрайнд (דער פֿרײַנד), у перакладзе: сябар — яўрэйская штодзённая газета, выходзіла ў 1903—1914 гг. у Пецярбургу і затым у Варшаве, нейкі час пад назвай Лэбм (жыццё).
З 1895 года выдавец Ш. Рапапорт дабіваўся дазволу на друк. Пачала выходзіць пад рэдакцыяй С. Гінзбурга пры ўдзеле Ё. Лур’е і Х. Гурвіча, выдавалася Гінзбургам і Рапапортам, першы нумар выйшаў . Газета была сіянісцкай, потым нейтральнай. Была выдатнай з інфармацыйнага і літаратурнага бакоў, карысталася сімпатыямі інтэлігенцыі і простага народу, ужо ў першым годзе тыраж дайшоў да 50 тысяч. Камерцыйная ўдача дазволіла палепшыць тэхнічную базу і афармленне. Газета спрыяла ўзнікненню і развіццю масавай яўрэйскай аўдыторыі, развіццю літаратуры і літаратурнай мовы. У ёй друкаваліся найлепшыя пісьменнікі. Са з’яўленнем іншых выданняў яе значэнне пачало падаць. Масавы чытач і многія пісьменнікі адышлі ад яе, і яна стала арыентавацца на больш інтэлігентных чытачоў. У 1905 годзе пры ёй выходзіў штомесячнік з такой самай назвай.
Газета падтрымала рэвалюцыю 1905 года, заклікала да змагання за грамадзянскія правы. 12 снежня 1905 года ўлады прыпынілі яе выхад, бо ў ёй быў апублікаваны маніфест пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, з-за палітычнага судовага працэсу газета выходзіла пад змененай назвай да 30 чэрвеня 1906 года. Праз камерцыйныя цяжкасці ў 1908 годзе спынілася на 2 месяцы, у 1909 годзе перамясцілася ў Варшаву і выходзіла пад рэдакцыяй Ш. Розенфельда. У 1913 г. цэнзура зноў прыпыніла газету, яна вярнулася да змененай назвы, канчаткова спынілася ў жніўні 1914 г.
Значнае месца ў ёй займалі заклікі пашыраць адукацыю, рэфармаваць хедары. Друкаваліся палітычныя агляды, пазнавальныя артыкулы.
Яўрэйская мова, якую спачатку разглядалі толькі як сродак пашырэння асветніцкіх поглядаў, набывала ў думках аўтараў і чытачоў большую нацыянальна-культурную каштоўнасць. Ё. Лур’е сцвярджаў, што ідыш спрыяе нацыянальнаму пачуццю лепш за іўрыт. Упарадкаваны правапіс ідыша, уведзены рэдакцыяй газеты, пашырыўся на іншыя выданні і стаў нарматыўным.
У ёй друкаваліся Я. Дынезон, Мендэле, М. Ратнер, М. Рыўкін, З. Сегаловіч, М. Тайч, С. Фруг, Шолам-Алейхем і інш.
Цікавыя факты
Першая штодзённая газета на ідышы ў межах Расійскай імперыі. Газета відаць на карціне Ю. Пэна, ёсць іншая падобная, з «Гайнтам».
Гл. таксама Былі іншыя газеты з такой назвай у ЗША, Варшаве, Галандыі, Мексіцы. Кол мэвасэр
Крыніцы
Катэгорыя:Газеты і часопісы на ідышы Катэгорыя:Газеты Варшавы Катэгорыя:Газеты Санкт-Пецярбурга