Ля́скавічы. Сустракаецца таксама варыянт Лескаві́чы (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Парэцкага сельсавета.

Геаграфія Размяшчэнне За 35 км на захад ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 238 км ад Гомеля, 26 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.

Транспартная сетка На аўтадарозе Акцябрскі — Любань.

Інфармацыя Планіровачна складаецца з крыху скрыўленай працяглай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і забудаванай двухбакова, няшчыльна, драўлянымі сялянскімі сядзібамі. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса» з цэнтрам у Парэччы, малочнатаварная ферма, механічны парк. Рамонтная майстэрня, пачатковая школа, дзіцячы сад, Дом народнай творчасці, бібліятэка, аддзяленне сувязі, 2 крамы.

Гісторыя Знойдзены каля вёскі скарб з 520 срэбных манет (агульная вага 1 фунт 45 залатнікоў) сведчыць пра дзейнасць чалавека ў гэтых месцах з даўніх часоў. Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVI стагоддзя як вёска ў Слуцкім павеце Наваградскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе пабудаваны драўляны будынак Свята-Нікалаеўскай царквы, якая ў 1866 годзе была капітальна перабудавана. Побач складвалася вёска Малыя Ляскавічы. З пачатку XIX стагоддзя ў складзе маёнтка Ляскавічы адстаўнога капітана І. Б. Корвін-Красінскага, які ён у 1844 годзе здаў у арэнду памешчыку В. Булгаку. З 60-х гадоў XIX стагоддзя маёнтак належаў двараніну М. Дабравольскаму. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. У 1867 годзе адкрыта народнае вучылішча. Па стану на 1870 год — цэнтр воласці. У склад Ляскавіцкай воласці ў 1885 годзе ўваходзіла 26 паселішчаў з 434 дварамі. На 1908 год у Бабруйскім павеце Мінскай губерні.

У 1921 годзе дзейнічалі 2 школы — I і II ступені. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Ляскавіцкага сельсавета Глускага, з 28 чэрвеня 1939 года — Акцябрскага раёнаў Палескай вобласці. Напачатку 1930-х гадоў вёскі Вялікія і Малыя Ляскавічы аб’ядналіся ў адну. Да вайны цэнтр сельсавета перанесены з Ляскавіч у вёску Забалацце. Падчас Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты 5 лютага 1942 года забілі 112 жыхароў (пахаваны ў дзвюх магілах ахвяр фашызму каля школы), у красавіку 1942 года спалілі 52 двары і забілі 171 жыхара, а 5 лютага 1944 года забілі яшчэ 60 жыхароў. 48 жыхароў загінулі на фронце. 17 лістапада 1980 года цэнтр Ляскавіцкага сельсавета вернуты ў ЛяскавічыРашэнне Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 17 лістапада 1980 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1980, № 36 (1662).. У 1983 годзе да Ляскавіч далучана вёска Стары ДворРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 26 мая 1983 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 21 (1755).. З 27 снежня 2022 года вёска ў складзе Парэцкага сельсаветаРешение Гомельского областного Совета депутатов от 27 декабря 2022 г. № 424 Об изменении административно-территориального устройства Октябрьского района Гомельской области.

Насельніцтва Колькасць 2011 год — 152 двары, 335 жыхароў.

Дынаміка 1795 год — у вёсцы Вялікія Ляскавічы — 70 двароў, у слабадзе Ляскавічы — 5 двароў. 1844 год — 53 двары, 176 жыхароў. 1908 год — 147 двароў, 1137 жыхароў. 1940 год — 133 двары, 904 жыхары. 1959 год — 689 жыхароў (паводле перапісу). 1997 год — 248 двароў, 631 жыхар. 1999 год — 237 двароў, 554 жыхары — С. 428.. 2004 год — 207 двароў, 500 жыхароў.

Вядомыя выхадцы М. П. Круцько — навуковец у вобласці фізічнай і калоіднай хіміі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009; член-карэспандэнт з 1994)Акадэмік Круцько Мікалай Паўлавіч.

Памятныя мясціны Помнік ахвярам фашызму.

Літаратура

Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.

Катэгорыя:Парэцкі сельсавет (Акцябрскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна