Мікалай Віктаравіч Статкевіч або Мікола Статкевіч (нар. 12 жніўня 1956, в. Лядна, Слуцкі раён, Мінская вобласць) — беларускі палітык, лідар партыі Народная Грамада. Адзін са стваральнікаў грамадскага аб’яднання «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў».
Біяграфія Нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Паходзіць са старажытнага праваслаўнага шляхецкага роду герба Касцеша. Продкі маці паходзяць са шляхецкага роду Валадковічаў . Дзед палітыка, Павал Статкевіч, быў расстраляны ў 1944 годзе за сувязь з партызанамі. Дзед па кудзелі, Сымон Гарабец, быў сябрам КПЗБ, расстраляны ў часе сталінскіх рэпрэсій.
У 1973 годзе паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (МВІЗРВ), якое скончыў у 1978 годзе па спецыяльнасці «ваенны інжынер па радыёэлектроніцы». Па размеркаванні быў накіраваны ў Мурманскую вобласць, дзе служыў 4 гады. Меў вышэйшую баявую класіфікацыю — «Майстар». У 1982 годзе вярнуўся ў Мінск, паступіў у МВІЗРВ ў ад’юнктуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў кандыдатам тэхнічных навук. Выкладаў у МВІЗРВ. Паступіў у дактарантуру. Напісаў больш за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эканомікі і сацыяльнай псіхалогіі.
У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільні выйшаў з КПСС. 20 жніўня 1991 года публічна выступіў супраць путчу ў Маскве. Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.
Беларускае аб’яднанне вайскоўцаў
У 1991 годзе абвясціў аб стварэнні Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), якое ставіла за мэту «стварэнне беларускай арміі, абарону незалежнасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства». Адной з першых акцый БЗВ стала прыняцце грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года, у гадавіну Аршанскай бітвы, Дзень беларускай вайсковай славы.
У 1993 годзе выступіў супраць Дамовы аб калектыўнай бяспецы з ваюючымі краінамі (Арменія, Таджыкістан і інш.), паводле ўмоў якой Беларусь павінна была адпраўляць сваіх салдат на чужыя войны. За гэта звольнены з войска за месяц да планаванай абароны доктарскай дысертацыі. Пасля шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку Міколы Статкевіча беларускі парламент падпісаў гэты дагавор з умовай не адпраўляць беларускіх салдат у «гарачыя кропкі».
16 лютага 1994 года Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь забараніў дзейнасць БЗВ за ўдзел яго членаў у ахове забастоўкі рабочых у Мінску ад дзеянняў міліцыі. 16 лютага 1994 года быў створаны арганізацыйны камітэт патрыятычнага руху БЗВ. 10 сакавіка 1995 года БЗВ быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі як «непалітычны грамадска-патрыятычны рух». Асноўныя мэты: «абарона незалежнасці, дэмакратыі; патрыятычнае выхаванне ў грамадстве і арміі; недапушчэнне выкарыстання арміі супраць народа; садзейнічанне стварэнню беларускага войска». Пастаянны ціск улады на БЗВ прывёў Статкевіча да прыняцця рашэння ісці ў палітыку. У 1995 годзе Статкевіч сышоў з пасады старшыні БЗВ, а сама арганізацыя канчаткова спыніла сваё існаванне праз пяць гадоў, не здолеўшы прайсці перарэгістрацыю.
Палітычная дзейнасць
З 1995 года старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада. У лістападзе 1996 года ў часе давыбараў у Вярхоўны Савет на адной з акруг Мінска выйшаў у другі тур, аднак выбары былі скасаваныя праз прыняцце новай рэдакцыі КанстытуцыіСвабода. — 1996. — № 90 — с.1. З 1999 года старшыня Усходнееўрапейскага сацыял-дэмакратычнага форуму. Адзін з арганізатараў пратэстнай акцыі «Марш свабоды» ў 1999 годзе.
У 2000 годзе балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў. З 2003 года член «Еўрапейскай кааліцыі». Удзельнік парламенцкіх выбараў 2004 года. У 2005 годзе асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 года ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.
У 2008 годзе напярэдадні парламенцкіх выбараў нягледзячы на судзімасць была зарэгістраваная ягоная ініцыятыўная група, аднак подпісы былі прызнаныя несапраўднымі, і сам Статкевіч не атрымаў статус кандыдата ў дэпутаты.
У 2009 годзе кангрэсам «Еўрапейскай кааліцыі» вылучаны кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Паводле афіцыйных даных, заняў 7 месца з 10, набраўшы 1,05 % галасоў . 19 снежня 2010 годзе браў удзел у акцыі на плошчы Незалежнасці супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Затрыманы неўзабаве пасля разгону акцыі. 26 траўня 2011 года асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення.
Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча не была зарэгістраваная праз знаходжанне Статкевіча ў турме. 22 жніўня 2015 года Статкевіч быў датэрмінова вызвалены паводле амністыі Аляксандра Лукашэнкі.
У часе знаходжання Статкевіча ў турме была сфармаваная ініцыятыўная група па яго вылучэнні ў кандыдаты ў Прэзідэнты на выбарах 2015 года. У ініцыятыўную групу ўвайшлі Лявон Вольскі, Зінаіда Бандарэнка, Сяргей Законнікаў, Радзім Гарэцкі, Алесь Пушкін. Быў адным з арганізатараў мітынгу 10 кастрычніка 2015 года перад прэзідэнцкімі выбараміhttp://korrespondent.net/world/3574749-v-mynske-proshly-massovye-aktsyy-protyv-lukashenko В Минске прошли массовые акции против Лукашенко. Таксама арганізаваў акцыю пратэсту 12 верасня 2016 года пасля парламенцкіх выбараў. Падтрымліваў пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў 2016 годаhttp://naviny.by/rubrics/economic/2016/03/14/ic_articles_113_191185 Предприниматели провели в Минске новую акцию протеста. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2016 года ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча не была зарэгістраваная праз яго судзімасць.
Адзін з арганізатараў акцый пратэсту ў Беларусі 2017 года. У студзені 2019 года Беларускім нацыянальным кангрэсам высунуты ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты.
Выбары 2020 года. Зняволенне Не зарэгістраваны для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года праз непагашаную судзімасць, супрацоўнічаў з Сяргеем Ціханоўскім. Затрыманы 31 траўня 2020 года па дарозе на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай, асуджаны на 15 сутак, а пасля яшчэ на 15 сутак. 30 чэрвеня аб’яўлена, што Мікалай Статкевіч надалей застанецца пад вартай, яму прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў будынку СІЗА Гомеля Мікалай Статкевіч быў асуджаны паводле ч. 1 арт. 293 крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) да 14 гадоў пазбаўлення волі асобага рэжыму (суддзя Мікалай Іванавіч Доля). Разам са Статкевічам на розныя тэрміны асуджаны Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Дзмітрый Папоў, Арцём Сакаў, Уладзімір Цыгановіч, ім таксама прысуджаная кампенсацыя на карысць дзяржавы ў памеры 3,078 мільёнаў рублёў.
11 верасня 2025 года быў вывезены з турмы разам з іншымі 52-ма палітвязнямі пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнка з прадстаўніком Дональда Трампа Джонам Коўлам дзеля далейшай прымусовай дэпартацыі з Беларусі ў Літву. Адмовіўся пакідаць Беларусь, застаўся ў нейтральнай паласе, праз некалькі гадзін вярнуўся ў Беларусь у суправаджэнні службоўцаў рэжыму Лукашэнкі, далейшы лёс доўгі час быў невядомым.
19 лютага 2026 года быў адпушчаны дамоў у Мінску, пра што паведаміла жонка, Марына Адамовіч. Як стала вядома, 21 студзеня 2026 года Мікола Статкевіч перанёс інсульт у зняволенні, быў у рэанімацыі. Мікола Статкевіч паведаміў, што пасля адмовы ад прымусовай дэпартацыі ён быў вернуты ў калонію ў Глыбокім. Наталля Эйсмант, прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, заявіла, што Статкевіч вярнуўся ў турму, бо адмовіўся ехаць у Літву. Таксама, паводле Эйсмант, дазвол на шпіталізацыю Статкевіча нібыта даваў сам Лукашэнка.
Сям’я У 2011 годзе ажаніўся з Марынай Адамовіч, мае дзвюх дачок ад першага шлюбу, якія жывуць у Германіі.
Узнагароды
Міжнародная прэмія імя Вілі Бранта «За асаблівую палітычную мужнасць» (2012)http://www.nv-online.info/by/339/politics/55526/ Николай Статкевич награжден премией Вилли Брандта Прэмія імя Юрыя Захаранкі «З адкрытым забралам» «за мужнасць, за гонар, за самаахвярнасць» (2012)https://charter97.org/ru/news/2012/2/24/48491/ Николай Статкевич награжден премией «С открытым забралом» Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)
Ацэнкі У адказ на крытыку старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Мікалая Статкевіча былы палітвязень і палітолаг Сяргей Марцалеў заявіў: «Ярмошына хвалюецца, бо Статкевіч прадэманстраваў рэжыму, што ён з’яўляецца паслядоўным і, галоўнае, эфектыўным палітыкам».
Літаратура Palitviazni.info — 2013. — С. 251—252 Тамковіч А. Супраць плыні. — 2011. — С. 41—52 Адзін дзень палітвязня 2009—2011. — 2011. — С. 200—211 — ISBN 978-0-929849-42-3
Спасылкі
Афіцыйны сайт Мікалая Статкевіча
Катэгорыя:Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі (2010) Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Выпускнікі Мінскага вышэйшага інжынернага зенітнага ракетнага вучылішча Катэгорыя:Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення арганізацыяй Amnesty International у Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна» Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі імя Сахарава Катэгорыя:Палітвязні Беларусі