Бе́чы (, ) — вёска ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Азяранскага сельсавета.
Геаграфія За 36 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Жыткавічы (на лініі Лунінец — Калінкавічы), 269 км ад Гомеля.
Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Тураў — Лельчыцы. Планіроўка складаецца з 2 просталінейных, шчыльна размешчаных вуліц, блізкіх да шыротнай арыентацыі. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу.
На поўдні нацыянальны парк «Прыпяцкі».
Гісторыя Выяўленае археолагамі гарадзішча ранняга жалезнага стагоддзя (у 1 км на поўдзень ад вёскі) сведчыць пра засяленне гэтых месцаў з даўніх часоў. Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVIII стагоддзя як паселішча ў Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе валоданне казны. У 1834 годзе ў Тураўскім казённым маёнтку.
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Дзень ураджая», працавала гамарня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў ліпені 1943 года нямецкія акупанты спалілі 76 двароў і забілі 27 жыхароў. Падчас наступу савецкіх войскаў мясцовы жыхар А. А. Ярмоленка правёў па малапрыкметных сцяжынках праз цяжкапраходныя балоты батальён савецкіх салдат у тыл суперніка, чым дапамог разграміць варожы гарнізон у вёсцы. За адвагу ў баю, знаходлівасць і дапамогу Чырвонай Арміі А. А. Ярмоленка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Вызвалена 21 сакавіка 1944 года. 25 жыхароў загінулі на франтах. Паводле перапісу 1959 года ў складзе калгасу «Савецкая Беларусь» (цэнтр — вёска Азяраны). Дзейнічае бібліятэка.
Насельніцтва 1811 год — 18 двароў. 1816 год — 62 жыхара. 1834 год — 24 двары, 156 жыхароў. 1897 год — 45 двароў 236 жыхароў (паводле перапісу). 1917 год — 351 жыхар. 1925 год — 85 двароў. 1940 год — 312 жыхароў. 1959 год — 474 жыхара (паводле перапісу). 2004 год — 74 гаспадаркі, 141 жыхар. 2019 год — 51 чал.
Вядомыя асобы Мікалай Міхайлавіч Паграноўскі (нар. 1952) — беларускі мастацтвазнавец, мастацкі крытык, куратар і галерыст. Уладзімір Іванавіч Торчык (нар. 1954) — вучоны ў галіне інтрадукцыі і зялёнага будаўніцтва.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Азяранскі сельсавет (Жыткавіцкі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна