«Энеіда навыварат» — парадыйна-сатырычная паэма; адзін з першых буйных твораў беларускай літаратуры новага часу.
Напісана пасля 1812 і не пазней пач. 1830-х г. Дайшоў толькі ўрывак з паэмы (палавіна 1-й песні, каля 300 радкоў). Першыя датаваныя спісы адносяцца да 1837, першая публікацыя — у пецярбургскім часопісе «Маяк» (1845), больш поўная — у «Смоленском вестнике» (1890). Большасць даследчыкаў лічыць, што паэма нарадзілася на заходняй Смаленшчыне, цесна звязанай з Беларуссю, яе аўтар В. Равінскі. Частка даследчыкаў называе іншага аўтара - Ігната Манькоўскага.
Паэма напісаная ў жанры травесціі (гл. бурлеска) і парадуе «Энеіду» Вергілія. Прымыкае да шэрагу травесційных «Энеід», якія пачынаючы з XVII ст. ўзнікалі ў многіх еўрапейскіх літаратурах як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Бліжэйшымі ўзорамі для аўтара «Энеіда навыварат» былі адпаведныя ўкраінскія (І. Катлярэўскага) і рускія (М. Осіпава) творы. У сваіх папярэднікаў ён запазычыў сюжэт (прыгоды легендарнага героя Энея), але стварыў арыгінальны твор, напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Траянцаў — спадарожнікаў Энея — аўтар надзяліў рысамі прыгонных сялян, паказаў кемлівасць, працавітасць і жыццелюбівасць народа. Пад выглядам старажытных багоў (Юнона, Эол) і некаторых іншых персанажаў (Дыдона) выводзяцца памешчыкі і іх памагатыя. Аўтар прадэманстраваў дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы (усходнебеларускія гаворкі). Твор багаты па танальнасці і фарбах. У паказе жыцця аўтар імкнецца да праўдзівасці, хоць гэта яшчэ не рэалізм у поўным сэнсе слова.
«Энеіда навыварат» адыграла вялікую ролю ў станаўленні новай беларускай літаратуры і ўваходзіць у скарбніцу беларускай паэзіі.
Публікацыі Энеіда навыварат. Тарас на Парнасе: Паэмы. Мн., 1982.
Літаратура
Карский Е. Белорусы. Т. 3, вып. 3. Пт., 1922; Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968; Бас I. Літаратурныя пошукі, знаходкі, даследаванні. Мн., 1969; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1969; Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971; Кісялёў Г. Разыскивается классик… Мн., 1989; Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. № 10; Блінава Э. Лінгвістычны аналіз паэмы «Энеіда навыварат» // Роднае слова. — 2005. — № 12. — С. 31-34.
Спасылкі Хаўстовіч М. «Энеіда навыварат»: спроба рэканструкцыі Энеiда навыварат (аудыё)
Катэгорыя:Беларуская літаратура XIX стагоддзя Катэгорыя:Сатырычныя паэмы Катэгорыя:Ананімныя творы Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Кнігі 1845 года