Ордэн Базыльян, таксама Базыльяне, Базыляны () — агульная назва некалькіх каталіцкіх манаскіх ордэнаў Візантыйскага абраду, якія прытрымліваюцца статута, складзенага святым Васілём Вялікім.

Мэтай «OSBM» (Ордэна Базыльян), згодна з яго Канстытуцыяй, з’яўляецца выхаванне супольнага жыцця дзеля ўласнага асвячэння праз выкананне абяцанняў і запаведзей Любові і дзеля выратавання блізкіх з дапамогай прапаведавання праз правядзенне місій і рэкалекцый, навуковай і выдавецкай дзейнасці, пастырства і працы з моладдзю.

Гісторыя Заснавальнікам Ордэна лічыцца св. Васілій Вялікі (329—379 гг.), адзін з найслаўнейшых ва Усходняй Царкве. Дагэтуль яго Правілы (шырокія і кароткія) разам з іншымі аскетычнымі сачыненнямі складаюць аснову Канстытуцыі Ордэна, хоць у больш чым тысячагадовай гісторыі лад жыцця манахаў падлягаў пэўным зменам. Архіепіскап Цэзарэі Кападакійскай Васіль Вялікі і Рыгор Назіянзійскі распрацавалі манаскі статут у дзвюх версіях — поўнай і кароткай. Статут святога Васіля Вялікага істотна паўплываў як на ўсходнюю царкву, так і на заходні манаскі статут святога Бенедыкта Нурсійскага. У адрозненне ад Антонія Вялікага, які навучаў пустэльніцкаму жыццю, і ад Пахомія, які намагаўся злучыць пустэльніцтва з элементамі манаскай «кінобіі» (сумеснага жыцця), Васіль Вялікі пабудаваў свой статут выключна на «кінобіі» і звязваў сузіральны лад жыцця з грамадска-карыснай дзейнасцю. У IX ст. статут Васіля Вялікага лёг у падмурак статута, распрацаванага Тэадорам Студытам.

Манаскае жыццё ў Кіеўскай Русі, у тыповай для Усходу форме, сваімі каранямі ўзыходзіць да часоў князя Уладзіміра Вялікага (980—1015), калі ў пячорах у наваколлях Кіева пасяліліся першыя манахі. Найбольшы ўплыў на развіццё гэтай практыкі мелі Св. Антоній Пячэрскі († 1073) і яго паслядоўнік — Св. Феадосій Пячэрскі († 1074). Пасля татарскіх набегаў, што ў сярэдзіне XIII ст. знішчылі Кіеўскую Русь, манахі шукалі сабе месца на паўночных і заходніх тэрыторыях края, закладваючы новыя манастыры. Такім чынам, яны дабраліся да Галіцка-Валынскага княства, якое ўвайшло ў межы Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства.

Вялікую ролю ў фарміраванні базыльянскага жыцця ў Кіеўскай Мітраполіі, пасля аднаўлення адзінства з Каталіцкай Царквой, адыгралі Кіеўскі Мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі і Іасафат Кунцэвіч, якія ў пачатку XVII ст. правялі грунтоўную рэформу тагачаснага манаскага жыцця, надаючы яму структуру сучасных чыноў, укараняючы цэнтралізацыю манастыроў. З узаемна незалежных базыльянскіх манастыроў, падпарадкаваных уладзе мясцовага біскупа, створаны Ордэн у сённяшнім разуменні гэтага слова. Таму Мітрапаліта Руцкага і Іасафата Кунцэвіча можна лічыць сапраўднымі заснавальнікамі сённяшняга Базыльянскага Ордэна.

Так сфарміраваны Ордэн Базыльян дынамічна развіваўся ў XVII і XVIII стагоддзях, пра што сведчыць хоць бы той факт, што пасля забароны дзейнасці Ордэна Езуітаў у Польшчы ў другой палове XVIII ст. базыльяне перанялі кіраванне шматлікімі езуіцкімі школамі і гімназіямі.

Базыльянскі Ордэн значна пацярпеў пасля падзелаў Польшчы. На расійскай тэрыторыі быў цалкам і канчаткова скасаваны, затое, не без цяжкасцей, працягнуў існаванне ў Аўстра-Венгрыі. Аднак у другой палове XIX ст. стала неабходным яго абнаўленне. Рэформу правялі езуіты. Пачалася яна ў кляштары ў Дабромылі ў 1882 г., адтуль і яе назва — дабромыльская рэформа. Пасля рэформы базыльяне зноў шырока развілі дзейнасць місіянерскую і рэкалекцыйную, пастырскую і выдавецкую.

Традыцыйная назва Ордэна — Чын святога Васіля Вялікага. Афіцыйная, хоць менш вядомая, назва была прынята на адной з генеральных Капітул Ордэна ў 1931 годзе для падкрэслення ролі свяшчэннамучаніка Іасафата (Кунцэвіча) у фарміраванні сучаснай мадэлі базыльянскага жыцця. Базыльянскі Чын святога Іасафата — назва гэта фігуруе ў афіцыйных царкоўных дакументах. Ва Усходніх Каталіцкіх Цэрквах існуе некалькі Чыноў, якія паходзяць з традыцыі св. Васіля Вялікага, а менавіта: Базыльяне з Гротафераты каля Рыма ў Італіі (італа-грэкі), Базыльяне Найсвяцейшага Збавіцеля, Базыльяне св. Іаана Хрысціцеля (соарыты), Базыльяне-Алепінцы — гэтыя тры адносяцца да Мелхіцкай Царквы. Існуе таксама Кангрэгацыя св. Васіля лацінскага абраду.

Пасля I сусветнай вайны большасць базыльянскіх манастыроў апынуліся ў межах тагачаснай Польшчы. У краінах сацыялістычнага блока афіцыйная дзейнасць Ордэна была перапынена. Паўсюль, за выключэннем Польшчы, Чын вымушаны быў сысці ў падполле. На працягу многіх гадоў базыльяне выхоўваліся, маліліся і дзейнічалі як свецкія людзі. Многія манахі рэпрэсаваныя, асуджаны ў ссылку і ў турмы. Многія базыльяне ва Украіне, у Чэхаславакіі, у Румыніі і Венгрыі загінулі за свае рэлігійныя перакананні. У 2001 г. пяць базыльян былі беатыфікаваныя. Цяпер праводзіцца беатыфікацыйны працэс яшчэ шэрага базыльян.

Літаратура Акты, издаваемые Виленскою Археографическою комиссиею для разбора древних актов. Вильна, 1914 г., с. 503 (209). Католическая энциклопедия, изд. оо. Францисканцев, 2002. Конституції Чину святого Василія Великого. Рим, 2002. Catalogus Ordinis Basiliani Sancti Iosaphat. Romae, 2005. Суша А. Базыльяне // Культура Беларусі: энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 1. С. 407―410.

Спасылкі

Лаўрэш Леанід. 400-годдзе базыльянскай кангрэгацыі ў Нагародавічах // на pawet.net Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // на pawet.net

Катэгорыя:Каталіцкія ордэны і кангрэгацыі Катэгорыя:Грэка-каталіцтва