Ісідор Мары Агюст Франсуа Ксаўе Конт (;  — ) — французскі філосаф і сацыёлаг. Заснавальнік пазітывізму. Заснавальнік сацыялогіі як самастойнай навукі.

У 1818—1824 гг. сакратар К. А. Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сацыяльнага ладу грамадства (сацыяльная статыка) і яго развіцця (сацыяльная дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сацыяльнага міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гістарычнага развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышыэм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з'явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафізічных паняццяў), пазітыўную, або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практычнай дзейнасці).

Вучэнне Конта Конт прапанаваў ідэю сацыялогіі як навукі аб законах функцыянавання і развіцця грамадства ў цэлым, акрамя грамадскіх з'яў. Ён адзначаў, што ў сваёй галіне сацыялогія павінна вырашаць такія ж задачы, якія у іншых галінах ведаў вырашаюць фізіка, хімія, біялогія, у адрозненне ад канкрэтных навук (мінералогія, батаніка, заалогія), задачай якіх з'яўляецца апісанне канкрэтных з’яў, а не ўстанаўленне іх законаў. Конт пісаў: Сацыялогія, на думку Конта, з'яўляецца навукай пра грамадскія з'явы увогуле, яе законы аднолькава актуальныя для ўсіх часоў і ўсіх народаў.

Грамадства ў разуменні Конта

Абгрунтоўваючы неабходнасць новай навукі пра грамадства і яго законы, яе значэнне, Конт, абапіраючыся на рэаліі 19 стагоддзя, падкрэсліваў, што пэўны тып грамадства, які можна апісаць двума прыметнікамі — тэалагічнае і ваеннае, — памірае. Тэалагічны светапогляд належаў да таго часу, які характарызаваўся дамінаваннем ваеннай дзейнасці, калі значнае месца ў грамадстве займалі вайскоўцы. На змену яму прыходзіць новае грамадства — навуковае і прамысловае (індустрыяльнае). Грамадства, якое нараджаецца, з’яўляецца навуковым у такім жа сэнсе, у якім грамадства, якое памірае, было тэалагічным: для сучаснай эпохі характэрны навуковы светапогляд, гэтак жа як папярэдняй эпосе быў уласцівы светапогляд тэолагаў ці жрацоў.

З таго моманту, калі людзі пачынаюць думаць навукова, вайна людзей паміж сабой перастае быць асноўнай дзейнасцю калектываў — такой становіцца барацьба людзей з прыродай, а таксама рацыянальная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў. Прааналізаваўшы тагачаснае грамадства, Конт прыйшоў да высновы: галоўнай умовай грамадскай рэформы з'яўляецца рэформа інтэлектуальная. Выпадковасці рэвалюцый не забяспечваюць перабудову грамадства, якое перажывае крызіс. Для гэтага неабходны сінтэз навукі і фарміраванне пазітыўнай палітыкі. Знаёмячыся з рознымі навукамі, Конт фармулюе і абгрунтоўвае два асноўныя законы: закон трох станаў і закон класіфікацыі навук...

Чалавечы розум паводле Конта

Згодна з законам трох стадый, чалавечы розум праходзіць тры паслядоўныя фазы: тэалагічную, метафізічную і пазітыўную: На першай ён тлумачыць з'явы праз веды, якія ўзнікаюць спантанна і не маюць доказаў; на другой бяруцца за рэальнасць абстракцыі або абстрактныя сутнасці, і традыцыйныя вераванні замяняюцца «негатыўнай» філасофіяй; на трэцяй розум засноўваецца на дакладнай ацэнцы сацыяльнай рэчаіснасці, гістарычнай рэальнасці, такім чынам адбываецца інтэграцыя і рацыянальная арганізацыя грамадства пад уплывам пазітыўнай філасофіі. На думку Конта, ад агульнага ўзроўню людской веды залежыць і стан тэхнікі, рамёстваў, прамысловасці.

Розум адмаўляецца раскрываць прычыны фактаў і здавольваецца выяўленнем законаў, якія кіруюць імі. Пераход ад тэалагічнай фазы да метафізічнай, а затым да станоўчай у розных інтэлектуальных дысцыплінах ажыццяўляецца не адначасова. Таму закон трох станаў цесна звязаны з законам класіфікацыі навук. Парадак размеркавання розных навук раскрывае парадак станаўлення пазітыўнага розуму ў розных галінах. Іншымі словамі, пазітыўнае мысленне не магло не сфармавацца ў матэматыцы, фізіцы, хіміі раней, чым у біялогіі. У больш складаных дысцыплінах пазітывізм выяўляецца пазней. Чым прасцей матэрыя, тым лягчэй пра яе пазітыўна разважаць. Ёсць рэчы, назіранне за якімі само вядзе розум да станоўчай фазы.

Падзел багацця, адносіны паміж грамадскімі пластамі

Мэта аб’яднання закона трох станаў з класіфікацыяй навук складаецца ў даказванні таго, што спосаб мыслення, які зацвердзіўся ў матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, павінен у канчатковым выніку перамагчы і ў галіне палітыкі і прывесці да стварэння пазітыўнай навукі аб грамадстве. Конт дзеліць гэтую навуку на дзве асноўныя часткі: статыку, якая вывучае ўмовы суіснавання грамадскіх з'яў, і дынаміку, якая вывучае паслядоўны рух грамадскіх з'яў і з'яўляецца, па сутнасці, вучэннем аб прагрэсе грамадства. У гэтым вучэнні ён разглядае некалькі праблем. Першай з іх з'яўляецца разуменне індустрыяльнага грамадства як абавязковага этапу ў развіцці ўсяго чалавецтва. Пры гэтым ён не лічыў істотнымі супярэчнасці інтарэсаў пралетарыяў і прадпрымальнікаў. Паміж імі можа назірацца часовае і другараднае па сваім значэнні суперніцтва ў падзеле багаццяў. Але — і тут Конт згодны з прадстаўнікамі ліберальнага напрамку — пашырэнне вытворчасці адказвае інтарэсам усіх. І закон індустрыяльнага грамадства — узрастанне багацця, які сцвярджае або прадугледжвае, у рэшце рэшт, узгадненне інтарэсаў. Прытым асаблівае значэнне ён надае прыватнай уласнасці і яе канцэнтрацыі, г. зн. павелічэнню багацця.

Конт падкрэсліваў, што канцэнтрацыя капіталу і сродкаў вытворчасці з'яўляецца станоўчай з'явай. Яна адпавядае галоўнай тэндэнцыі, якая назіраецца ў гісторыі развіцця чалавецтва. Матэрыяльная культура можа развівацца толькі пры ўмове, калі кожнае пакаленне вырабляе больш за тое, што яму трэба для жыцця і з прычыны гэтага перадае наступнаму пакаленню большы запас багаццяў, чым яно само атрымала. Конт не лічыў значнымі супярэчнасці паміж прыватнай і грамадскай уласнасцю, паколькі, на яго думку, улада — ці палітычная, ці эканамічная — заўсёды мае асабовы характар. У любым грамадстве кіруе невялікая колькасць людзей. Адной з прычын, што падахвочваюць (свядома ці падсвядома) патрабаваць аб’яднання уласнасці, ёсць надзея, што змена эканамічнага ладу прывядзе да змены структуры кіравання грамадствам. Але, падкрэсліваў Конт, багатыя заўсёды будуць мець столькі магутнасці, колькі неабходна для таго, каб захоўваць вызначальны ўплыў у грамадстве. Аднак уладальнікі не павінны дапускаць бязмежжа. Прыватная ўласнасць непазбежная, неабходная і карысная, але яна мажлівая толькі тады, калі ўспрымаецца не як права на злоўжыванне, а як ажыццяўленне калектыўнай функцыі выбраннікаў лёсу ці тых, хто дзякуючы сваім здольнасцям дасягнуў эканамічнага росквіту. Такім чынам, Конт займае сярэднюю пазіцыю паміж сацыялізмам і лібералізмам. Ён не вымагае сацыялізацыі сродкаў вытворчасці, але і не ідэалізуе яе, уласнасць для яго — гэта, хутчэй, магчымасць выканання грамадскіх функцый.

У гэтым аспекце важна адзначыць, што для Конта сацыяльная іерархія мае другараднае значэнне. Ён падкрэсліваў, што жыццё чалавека не вызначаецца яго месцам у эканамічнай або сацыяльнай іерархіі. Акрамя грамадскага парадку, дзе пануе закон магутнасці, існуе духоўны парадак, парадак маральных каштоўнасцяў. Пралетарый, які знаходзіцца ўнізе грамадскай іерархіі, можа займаць у духоўнай іерархіі вышэйшае становішча, калі яго маральныя якасці, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя калектыву вышэй, чым падобныя якасці тых, хто знаходзіцца над ім у сацыяльнай іерархіі. Духоўны парадак не ёсць трансцэндэнтны парадак, якім ён уяўляецца ў хрысціянскай рэлігіі. Гэта не парадак вечнага жыцця. Гэта парадак тут — на Зямлі, які замяняе грамадскую іерархію сілы і багацця духоўным парадкам маральных якасцяў. Кожны, на думку мысляра, павінен ставіць сабе за найвышэйшую мэту — стаць першым у іерархіі маральнасці. З гэтага выцякаюць дзве важнейшыя асновы грамадства. Парадак і прагрэс — вось дзве катэгорыі, якія з'яўляюцца галоўнымі тэмамі сацыяльнай філасофіі Конта. Парадак як стабільнасць грамадства і прагрэс як мірны і паступовы працэс удасканалення і развіцця грамадства. А паколькі развіццё чалавечага духу ёсць аснова і прычына развіцця грамадства, то менавіта маральныя якасці з'яўляюцца вызначальнымі фактарамі грамадскага прагрэсу. Ён пісаў:

Узмацненне разумовай дзейнасці і зацвярджэнне маральных якасцяў — галоўныя фактары сацыяльнай эвалюцыі. Пазітывізм, уласна, і палягае ў арганізацыі грамадства на прынцыпах гармоніі і салідарнасці. Са сцвярджэннем пазітывізму паўстане новая форма арганізацыі грамадства, якую ён называе сацыякратыяй, гэта значыць такое грамадства, у якім усе яго часткі складуць адзінае гарманічнае цэлае і ў якім кожны індывід як складовая частка цэлага павінен выконваць сваю пэўную функцыю. Конт падкрэсліваў, што чалавек, узяты як асобная істота, — гэта абстракцыя, якая не мае месца ў рэальным грамадскім жыцці. Разам з гэтым ён не адмаўляе існавання класаў у грамадстве, але не лічыць, што паміж класамі існуе антаганізм і паміж імі непазбежная барацьба. Наадварот, адзначаючы, што для любога грамадства характэрна наяўнасць агульнай мэты, Конт падкрэсліваў важнасць салідарнасці, выканання кожным класам сваіх функцый у грамадстве. Яго ідэалам было дасягненне салідарнай дзейнасці дзвюх галоўных сіл у грамадстве: канцэнтраванай сілы багацця і рассеянай сілы мас, багатых патрыцыяў і масы пралетарыяту.

Міжнародныя зносіны і міжнароднае права ў тлумачэнні Конта

Цікавымі і важнымі для далейшага развіцця былі погляды філосафа на міжнародныя адносіны і міжнароднае права. Ён пераканаўча адстойваў думку аб адзінстве чалавецтва і наяўнасці цесных сувязяў паміж народамі. «Ні адзін народ, — пісаў мысляр, — не аддзелены рэальна ад іншых. Немагчыма існаваць ізалявана, не губляючы сваіх сапраўдных маральных, інтэлектуальных і нават фізічных якасцяў. Прагрэс заўсёды з'яўляецца развіццём ўсяго чалавецтва ў цэлым, а не асобнага ізаляванага народа».

Значэнне філасофіі Конта

У цэлым пазітывізм Конта меў уплыў і значэнне для ўсяго грамадазнаўства і філасофіі, і, у прыватнасці, яго філасофская сістэма адыграла прыкметную ролю ў развіцці палітычных і прававых вучэнняў у другой палове XIX стагоддзя.

Каляндар Конта Конт прапаноўваў пазытывісцкі каляндар з 13 месяцаў па 28 дзён. У кожным месяцы — 4 тыдні. Месяц пачынаецца з нядзелі і заканчваецца суботай. Адзін дзень у годзе не мае назвы і ўстаўляецца пасля суботы апошняга 13-га месяца перад Новым годам, як дадатковы дзень адпачынку. У высакосны год такі ж дзень ўстаўляецца пасля апошняй суботы 6-га месяца. Недахоп — пры дзяленні года на кварталы давялося б дзяліць і месяцы.

Працы «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—1842) «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—1854).

Літаратура Елсукоў А. Конт //

Спасылкі

Катэгорыя:Сацыёлагі Францыі Катэгорыя:Філосафы Францыі Катэгорыя:Пазітывісты Катэгорыя:Эстэтыкі