Нацыянальная зборная каманда Беларусі па хакеі з шайбай — каманда, якая прадстаўляе Беларусь на міжнародных турнірах па хакеі з шайбай. Першы матч правяла 7 лістапада 1992 года. Найлепшы вынік на чэмпіянатах свету — 6 месца ў 2006 годзе, на алімпіядах — 4-е месца ў 2002 годзе. У рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея займае 11-е месца.

Гісторыя Пасля Алімпійскіх гульняў 1992 года, дзе ў хакейным турніры ўдзельнічала зборная СНД, былыя саюзныя рэспублікі пачалі ствараць свае нацыянальныя каманды. Зборная Расіі, як правапераемнік зборнай СССР, аўтаматычна атрымала месца ў групе «А» чэмпіянату свету, а ўсім астатнім камандам прыйшлося пачынаць з ніжэйшага дывізіёна — групы «С».

Шлях да вышэйшага дывізіёну Зборная Беларусі свой першы матч правяла 7 лістапада 1992 года ў рамках кваліфікацыйнага турніру да чэмпіянату свету супраць зборнай Украіны і саступіла з лікам 1:4. У сярэдзіне 1990-х гадоў у ніжэйшых дывізіёнах чэмпіянату свету была высокая канкурэнцыя — вырашалі задачу павышэння ў класе шэраг моцных зборных новаўтвораных дзяржаў: Беларусь, Казахстан, Латвія, Славакія, Украіна. Першая спроба беларускай каманды выйсці ў дывізіён класам вышэй была няўдалай. У сакавіку 1994 года ў славацкім Попрадзе беларусы пацярпелі паражэнне ў вырашальным матчы з гаспадарамі з вынікам 1:2. Пуцёўку ў групу «Б» беларуская зборная зарабіла ў наступным годзе, калі абыйшла зборныя Казахстана і Украіны. На пераадоленне чарговай стадыі таксама спатрэбілася два гады. У 1996 годзе ў нідэрландскім Эйндхавене беларусы пацярпелі паражэнне двойчы ад зборных Латвіі і Вялікабрытаніі.

1997 год быў для зборнай Беларусь паспяховым, у красавіку ў польскім Сасноўцы беларускія хакеісты пад кіраўніцтвам Анатоля Варывончыка здолелі выйсці ў групу «А» першынства планеты. Двума месяцамі раней, у аўстрыйскім Інсбруку, зборная Беларусі ў барацьбе са зборнымі Аўстрыі, Казахстана і Нарвегіі здабыла пуцёўку на зімовыя Алімпійскія гульні 1998 года ў Нагана, дзе дабралася да 1/4 фіналу.

Сярод мацнейшых На Алімпіядзе 2002 года ў Солт-Лэйк-Сіці беларуская зборная пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова дасягнула самага гучнага поспеху ў сваёй гісторыі. 20 лютага на лёдзе Уэст-Вэлі, дзякуючы шайбе Уладзіміра Копаця, яны здолелі абгуляць у чвэрцьфінале аднаго з фаварытаў турніру — зборную Швецыі, і выйсці ў паўфінал. Журналісты ахрысцілі тую сустрэчу «Цуд на лёдзе-2», паводле аналогіі з паўфіналам Алімпійскіх гульняў 1980 годаБелоруссия: «Чудо на льду»-2 . Спорт-Экспресс.

Галоўныя трэнеры Уладзімір Сафонаў (1992) Андрэй Сідарэнка (1993—1996) Анатоль Варывончык (1996—2001) Уладзімір Крыкуноў (2002—2003, 2014) Міхаіл Захараў (2003—2005, 2009—2010, 2019—2021) Глен Хэнлан (2005—2006, 2009, 2013—2014) Курт Фрэйзэр (2006—2008) Эдуард Занкавец (2010—2011) Кары Хейкіля (2011—2012) Андрэй Скабелка (2012—2013) Дэйв Льюіс (2014—2018) Сяргей Пушкоў (2018, в.а.) Андрэй Сідарэнка (2018—2019) Крэйг Вудкрафт (2021—)

Вядомыя ігракі Віктар Паўлавіч Касцючонак Андрэй Леанідавіч Стась Андрэй Уладзіміравіч Скабелка Яраслаў Расціслававіч Чупрыс Сяргей Рудольфавіч Шабанаў Аляксандр Мікалаевіч Шумідуб

Гл. таксама Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь Адкрыты чэмпіянат Беларусі па хакеі Моладзевая зборная Беларусі па хакеі з шайбай Юніёрская зборная Беларусі па хакеі з шайбай Хакей з шайбай у Беларусі

Спасылкі Афіцыйны сайт Федэрацыі хакея Беларусі Статыстыка зборнай Беларусі на сайце «Хакейныя архівы»

Беларусь