Дэвід Кіт Лінч (; ) — амерыканскі , , мастак, прадстаўнік амерыканскага незалежнага кінематографа. Лаўрэат прэміі «Залатая пальмавая галіна» (1990), прыза за рэжысуру (2001) Канскага кінафестывалю, «Залатога льва» за ўнёсак у сусветны кінематограф (2006), «Оскара» за «выдатны ўклад у кінематограф» (2019).
Біяграфія
Дзяцінства Нарадзіўся 20 студзеня 1946 года ў амерыканскім горадзе Місула, штат Мантана. Бацька — навуковец, працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі ЗША. З маленства Лінч цікавіўся незвычайнымі рэчамі.
Адукацыя. Пачатак творчай кар’еры Праз бацькаву работу сям’я часта мяняла месца жыхарства, маленькі Лінч вымушаны быў вучыцца ў розных школах. Каб стаць мастаком, у 1965 годзе паступае ў Карконскую школу мастацтваў у Вашынгтоне. Яго мастацкія погляды ў значнай ступені сфармаваліся пад уплывам аўстрыйца Оскара Какошкі, праз захапленне якім Лінч наведвае Аўстрыю. Сярод іншых настаўнікаў Лінч называў Фрэнсіса Бэкана і Эдварда Хопера.
У пачатку 1966 годзе Дэвід Лінч апынуўся ў Філадэльфіі, дзе пачаў займацца ў Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Ходзячы на курсы эксперыментальнага мастацтва, ён адкрывае для сябе анімацыю і здымае сваю першую стужку — «Шэсць хворых мужчын». У 1967 годзе ён набывае відэакамеру і стварае свой першы фільм «Алфавіт», у якім сумяшчае мультыплікацыю і кінакадры. Фільм заснаваны на начных жахах, якія перажыла Пэгі, пляменніца Лінчавай жонкі. Сама Пэгі выканала ў фільме ролю дзяўчынкі. Гэтая праца ўвайшла ў адзін з альманахаў авангарднага кіно. У 1970 годзе ён зрабіў анімацыйную карціну «Бабка», якая доўжылася 35 хвілін, вызначалася праніклівым зместам і прадуманай лініяй апавядання.
«Галава-гумка»
У 1971 годзе Дэвід Лінч узяўся за працу над сваім першым поўнаметражным фільмам «Галава-гумка». Сябар з маленства Джэк Фікс аказаў яму фінансавую падтрымку. Праца ішла з цяжкасцямі, але была завершана ў 1976 годзе. Фільм адразу зрабіўся культавым. Фільм паказвае падарожжа ў чалавечую свядомасць, поўную яскравых вобразаў, якія зачароўваюць. Стэнлі Кубрык пазней назваў гэты фільм адным з сваіх любімых і нават прымушаў сваіх акцёраў глядзець яго перад здымкаю фільма «Ззянне» (1980), каб прывесці іх у пэўны псіхалагічны стан.
Набыццё вядомасці Маладога рэжысёра заўважыў Мэл Брукс, на студыі якога Лінч у 1980 годзе паставіў фільм «Чалавек-слон» з удзелам Энтані Хопкінса, Джона Хёрта, Эн Бэнкрафт і Джона Гілгуда. Новы фільм быў намінаваны ў васьмі катэгорыях на прэмію «Оскар», але ён не атрымаў ніводнай, затое яму дастаўся «Сезар» як найлепшаму замежнаму фільму. Галоўны герой, надзвычай брыдкі, паказаны ў фільме больш чалавечным і добрым, чым «нармальныя людзі».
Пасля гэтага Лінчу прапанавалі зняць трэцюю частку эпапеі «Зорныя войны», але ён адмовіўся і пачаў працаваць з новым праектам — экранізацыяй рамана «Дзюна». Але прадзюсары не далі Лінчу самастойна правесці мантаж фільма і кантралявалі працэс здымкаў. Фільм «Дзюна», які быў выпушчаны ў 1984 годзе, не меў поспеху, і пры велізарным на тую пару бюджэце 45 мільёнаў долараў прынёс толькі 27 мільёнаў у пракаце. У гэтай карціне дэбютаваў акцёр Кайл Мак-Лахлен, які вельмі спадабаўся Лінчу і потым здымаўся ў некалькіх яго стужках. Адну з роляў «Дзюны» сыграў музыка Стынг, пасля чаго Лінч пачаў запрашаць рок-зорак на ролі ў сваіх фільмах. Пазней у Лінча зняліся Дэвід Боўі і Мэрылін Мэнсан.
У 1986 годзе Лінч зняў «Сіні аксаміт» з Кайлам Мак-Лахленам у галоўнай ролі. Па выхадзе фільма кінакрытыкі загаварылі пра Лінча як пра «неаварвара», маючы на ўвазе заснаваную ім наватарскую плынь у кінематографе. У 1990 годзе выйшаў роўд-муві «Дзікія сэрцам» з Нікаласам Кейджам і Лораю Дэрн у галоўных ролях. Не зважаючы на супярэчлівыя ацэнкі кінакрытыкаў, канскае журы на чале з Бернарда Берталучы прысудзіла рэжысёру «Залатую пальмавую галіну».
У пачатку 1990-х гадоў зняты Лінчам серыял «Твін Пікс» выклікаў сярод гледачоў гэтак званую «піксаманію», але поўнаметражны псіхадэлічны прыквел да серыяла («Твін Пікс: Агонь, ідзі за мною», 1992 г.) атрымаў досыць нізкія ацэнкі, збольшага таму (паводле меркавання самога Лінча), што стылістычна ён быў мала звязаны з серыялам.
Фільмы 1990—2000 гадоў «Загубленая шаша» (1997) падзяліла крытыкаў на два лагеры, першы прыняў кінастужку станоўча, а другі назваў яе заняпадам Лінчавай кар’еры. Фільм апавядае пра забойцу-шызафрэніка, якога прысудзілі да смяротнага пакарання. Перад смерцю яму здалося, што ён нібыта апынуўся на волі, дзе неўзабаве яго ўцягваюць ў шэраг захапляльных і надзвычайных прыгод.
У вачах крытыкаў з мэйнстрыму Лінча рэабілітаваў фільм «Простая гісторыя» (1999), заснаваны на рэальных падзеях. Праца «Малхоланд Драйв» (2000) адразу зрабілася культавай, і часопіс «Кае дзю Сінэма» назваў яе «найлепшым фільмам дзесяцігоддзя». Сам Лінч растлумачыў змест фільма як «каханне ў горадзе сноў». Стужка расказвае пра дзвюх кабет, гісторыя якіх не мае ні пачатку, ні канца. У фільме не зразумець, дзе сон, а дзе рэчаіснасць; невядома хто з герояў сніць гэты сон, а хто толькі сніцца і каго насамрэч не існуе.
Наступны фільм «Унутраная імперыя» зняты на ручную лічбавую камеру даволі прымітыўнай мадэлі. Здымка вялася без гатовага сцэнарыя, збольшага прайшла ў Польшчы.
Апошнім часам Лінч здымаў шмат кароткіх рэкламных ролікаў, а таксама анімацыйныя карціны.
Кароткаметражныя фільмы 1966 — «Шэсць хворых мужчын» / Six Figures Getting Sick (Six Times) (анімацыйны) 1968 — «Алфавіт» / The Alphabet 1970 — «Бабка» / The Grandmother 1974 — «Калека» / The Amputee 1988 — «Каўбой і француз» / The Cowboy and the Frenchman 1990 — «Індустрыяльная сімфонія № 1: сон разбітых сэрцаў» / Industrial Symphony No. 1: The Dream of the Broken Hearted 2002 — «Цёмны пакой» / Darkened Room 2002 — «Трусы» / Rabbits 2002 — «Краіна тупых» / Dumbland 2007 — «Лодка» / Boat 2007 — «Абсурд» / Absurda (эпізод кінаальманаха «У кожнага сваё кіно» / Chacun son cinéma) 2010 — «Lady Blue Shanghai» (12-хвілінны ролік для Dior) 2011 — «The 3 Rs» (хвілінны ролік для Венскага фестывалю) 2013 — «Idem Paris» (8-хвілінны ролік, які паказвае стварэнне літаграфіі ў старадаўняй парыжскай студыі)
Тэлевізійныя серыялы 1990—1991, 2017 — «Твін Пікс» / Twin Peaks 1992 — «У жывым эфіры» / On the Air 1993 — «Гатэльны нумар» / Hotel Room
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Сезар» Катэгорыя:Карыстальнікі Twitter Катэгорыя:Сюррэалісты