Жыгімонт Ваза, у Польшчы Зыгмунт III ( — ) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1587—1632), кароль шведскі (1592—1599). Сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога.

Нарадзіўся ў горадзе Грыпсгольм у Швецыі. 3 1568 года спадчыннік шведскага трона. Абраны польскім каралём на элекцыйным сойме 1587 года, пасля смерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага. Перамог іншага кандыдата, аўстрыйскага эрцгерцага Максіміліяна. Але на элекцыйным сойме не было паслоў ад ВКЛ. Каб дамагчыся падтрымкі сваёй кандыдатуры ў ВКЛ, 28 студзеня 1588 года зацвердзіў новую рэдакцыю Статута.

Унутраная палітыка Намагаўся аднавіць пазіцыі каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай, але гэта не дало жаданых вынікаў. Падтрымаў Берасцейскую унію 1596 года. Аднак, вымушаны быў спрыяць прыняццю пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631 гадоў, якія гарантавалі правы праваслаўных. Збліжэнне Жыгімонта Вазы з Габсбургамі выклікала ў Польшчы незадавальненне большасці шляхты. Кароль акружыў сябе езуітамі, іншаземцамі і вузкім колам магнатаў. Cярод яго фаварытаў з ВКЛ былі Л. Сапега і Я. К. Хадкевіч. Жыгімонта Вазы ўвесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона, зменшыць ролю соймавых паслоў выклікалі незадавальненне шляхты. Партыі рэгалістаў і лаялістаў падтрымалі караля ў яго палітыцы па змяншэні ролі біржанскіх Радзівілаў і Замойскага ва ўнутранай палітыцы, аднак ў вырашальны момант пасля Гузаўскай бітвы і летам 1608 г. заблакавалі намаганні па іх фізічнай ліквідацыі і ўсталяванні абсалютнай улады. Пасля рокашу 1606-1609 года пад маршалкоўствам Я. Радзівіла ракашане былі разбітыя, але Сойм 1609 абвесціў амністыю і зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць абрання караля і пастаянную прысутнасць сенатараў дзеля кантролю за яго дзеяннямі.

Хаця войны, якія веў Жыгімонт Ваза былі наступальнымі і вяліся на чужой тэрыторыі, або перыферыях Рэчы Паспалітай, але яны працягнуліся тры дзесяцігоддзі, на іх патрабаваліся фінасаванне (падаткі браліся з шляхты і гарадоў па ухвале сойма), пастаянная мабілізацыя шляхты. Паколькі войны вяліся на усходзе, поўначы і поўдні краіны войскі і іх канфедэрацыі пры маршах і пастоях рабавалі насельніцтва, што выклікала абурэнне насельніцтва ВКЛ і шэраг палітычных крызісаў.

Замежная палітыка Арыентаваўся на Габсбургаў і Свяшчэнную Рымскую імперыю, што было замацавана дзвюма шлюбамі з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, сёстрамі, Ганнай і Канстанцыяй. У 1592 годзе пасля смерці Юхана III заняў шведскі трон. Палітыка аднаўлення пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі цалкам правалілася. У 1599 годзе шведская пратэстанцкая групоўка скінула яго з трона і абрала рэгентам, а з 1604 года і каралём, яго дзядзьку Карла IX. Да канца свайго жыцця Жыгімонт Ваза імкнуўся вярнуць сабе шведскую карону, уцягнуў Рэч Паспалітую ў доўгі канфлікт са Швецыяй. Падтрымліваў прапанову групоўкі магнатаў і шляхты аб ажыццяўленні аб’яднання Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай. Статус партнёра пачаткова прадугледжваўся, як трэцяга ўдзельніка федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ, але спачатку баяры потым дыпламаты пачалі схіляцца да дынастычнай уніі. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II, даваў ім дапамогу і дазволіў вербаваць войска ў ВКЛ і Польшчы.

Пасля няўдалай інтэрвенцыі у Швецыю 1598 г. і грамадзянскай вайны там з 1600 годзе распачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў. Войска Рэчы Паспалітай здабыла перамогу ў Кірхгольмскай бітве 1605 года, аднак скарыстаць з поспеху з-за рокашу і немагчымасці сканцэнтраваць дзяржаўныя рэсурсы на вырашэнні менавіта гэтай праблемы не здолела, і вайна зацягнулася. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім у Маскоўскае княства шведскага корпуса дзеля барацьбы з войскамі Ілжэдзмітрыя II пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў.. У выніку паражэння маскоўскага войска каля Клушына ў 1610 годзе Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Жыгімонта Вазы — Уладзіслава. Абодва расійскія народныя апаўчэнні абіралі сваім будучым царом шведскага прынца Карла Філіпа — сына Карла ІХ, а значыць і яго персанальнага і дзяржаўнага ворага Рэчы Паспалітай. Аднак, як і ўдовая шведская каралева, так і Жыгіімонт Ваза не адпусцілі сваіх сыноў у Маскву, дзе была палітычная тарбулентнасць. Узброенным чынам Уладыслаў не здолеў замацавацца на пасадзе маскоўскага цара, хоць і захаваў за сабой тытул да Смаленскай вайны 1634 года, бо ў выніку Смуты і вайны паводле Дэўлінскага міра да ВКЛ была вернута Смаленскае ваяводства, а Кароне — Чарнігаўскае — Рэч Папалітая у апошні раз пашырыла свае межы.

Жыгімонт Ваза спрабаваў праводзіць актыўную палітыку на поўдні. Падтрымліваў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і поўдзень Польшчы саюзнікаў Трансільваніі — крымскіх татараў і туркаў. У 1620 годзе польскае войска было разбіта туркамі каля Цацоры. У Хоцінскай бітве 1621 года войска Рэчы Паспалітай абапершыся на ВКЛ, запарожскіх казакоў і нямецкіх наймітаў атрымала перамогу над імі, якая аднак, з-за таго што войска, якое ужо два дзесяцігоддзі амаль безперапынна ваявала у Інфлянтах і Маскве, разглядала сябе як найманае. Большасць з жаўнераў была шляхтай, або наймалася магнатамі — кароль і дзяржава была ім павінна грошы за службу, а агулам, шляхта не жадала плаціць сталыя і павышаныя падаткі. Да таго ж шведы, скарыстаўшыся з вайны Рэчы Паспалітай на поўдні ў 1621 г. занялі Рыгу і высадзіліся ў Прусіі таму перамога пад Хоцінам не была выкарыстана.

Асноўная мэта замежнай і ўнутранай палітыкі — вяртанне шведскай кароны і стварэнне моцнай спадчынай манархіі з Рэчы Паспалітай не былі рэалізаваныя. Планы Жыгімонта Вазы, прывялі да працяглых канфліктаў з Масквой, Швецыяй, на якія запатрабаваліся выматваючыя фінасавыя высілкі шляхецкага грамадства, якое не ўдалося падпарадкаваць цэнтральнай уладзе і стварыць сітэму пастаянна дзеячай дзяржаўнай адміністрацыі і падаткаў. У расійскай гістарыяграфіі яго праўленне лічыцца пачаткам заняпаду Рэчы Паспалітай. З іншага боку, менавіта Жыгімонт Ваза веў наступальныя войны на чужой, а не абарончыя на сваей тэрыторыі, разграміў Маскоўскую дзяржаву і павялічыў межы краіны за яе кошт, перамог Асманскую імперыю на сушы на піку яе магутнасці і падчас свайго даўгога праўлення стабілізаваў інстытуты шляхецкай дэмакратыі ў Рэчы Паспалітай.

Гл. таксама Калона Жыгімонта III Вазы

Крыніцы

Літаратура Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мінск, 2005. Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. — Мінск, 1998. Беларусь: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. Дземідовіч А. В. Вялікае Княства Літоўскае ў адносінах Рэчы Паспалітай з Расіей і Швецыяй у першай трэці XVII ст., Мінск 2021 Якубаў В. Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI — пачатку XVII ст. — Вільня: Ciklonas, 2024. — 348 с. Якубаў В. У. Удзел Грамадзян ВКЛ у войску ІІ Ілжэдзмітрыя 1608—1610 г. // Przegąd Środkowo-Wschodni.- № 9, Warszawa, 2024. — s. 9-49 Якубаў В. Удзел грамадзян Вялікага Княства Літоўскага у ваенных кампаніях Рэчы Паспалітай на тэрыторіі Маскоўскай дзяржавы 1609—1613 гг. // Intercultural Studies of Central and Eastern Europe Volume: 18, 2025, s. 3-40 Filipczak-Kocur A., Skarbowość Rzeczy Pospolitej 1587—1648. Projekty- ustawy — realizacja, Warszawa 2006 Przepiórka A.G., Od Staroduba do Moskwy. Działania wojsk Dymitra II Smozwańca 1607—1608, Zabrze 2007 Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. Szkice z czasów Zygmunta III i Władysława IV Wazy. — Warszawa, 2001. Wisner H. Rzeczpospolita Wazów. — Warszawa, 2004. — T. II : Wojsko WKL. Dyplomacja. Varia. Żojdź K., Wszyscy ludzie króla: Zygmunt III Waza i jego stronnicy w Wielkim Księstwie Litewskim w pierwszych dekadach XVII wieku, Toruń 2019

Спасылкі

Катэгорыя:Вялікія князі літоўскія Катэгорыя:Каралі польскія Катэгорыя:Ваза (дынастыя)