Азарыцкія лагеры смерці — агульная назва шэрагу месцаў зняволення і масавага знішчэння мірнага насельніцтва нямецка-фашысцкай арміяй каля свайго пярэдняга краю абароны недалёка ад в. Азарычы ў Даманавіцкім раёне Палескай вобласці (цяпер — Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці), як жывой заслоны на шляху наступлення савецкіх войскаў у сакавіку 1944 года ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя У пачатку сакавіка 1944 камандуючы 9-й нямецкай арміяй Ёзэф Гарпэ загадаў размясціць недалёка ад пярэдняга краю абароны канцлагеры, у якія пад выглядам эвакуацыі было прывезена больш за 50 тысяч непрацаздольных людзей, у тым ліку сыпна-тыфознахворых з бальніц і лазарэтаў. Мэтай нацыстаў было распачаць у лагерах эпідэмію і распаўсюдзіць яе на часці Чырвонай Арміі, каб затрымаць іх наступленне.

Былі створаны тры асноўныя і шэраг невялікіх перасыльных лагераў. Яны размяшчаліся ў маладаступных, неспрыяльных для жыцця месцах. Першы лагер займаў участак забалочанага рэдкалесся (200 × 400 м) за 1 км на захад ад в. Дзерць (у 1966 злучылася з в. Юркі Акцябрскага раёна). Другі (600 × 350 м) знахозіўся ў падобным месцы за 2 км на паўночны захад ад Азарычаў у непасрэднай блізкасці ад нямецкага пярэдняга краю. Трэці лагер (350 × 600 м) размяшчаўся на балоце за 2 км на захад ад в. Падасіннік (цяпер не існуе, знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна). Лагеры ўяўлялі нічым не абсталяваныя, без пабудоў тэрыторыі, абнесеныя калючым дротам, з вышкамі вартаўнікоў па вуглах.

Збор і адпраўка людзей у лагеры пачаліся ў першыя дні сакавіка 1944 г. Гэта былі пераважна мірныя сельскія і гарадскія жыхары прыфрантавых раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей Беларусі, а таксама расійскіх Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі, якіх немцы вывезлі пры адступленні яшчэ восенню 1943 г. Усіх жыхароў населеных пунктаў, што падпалі пад татальную «эвакуацыю», нямецкія салдаты гвалтам, пад пагрозай расстрэлу, выганялі з хат і накіроўвалі на зборныя пункты, дзе людзей «сартавалі» на працаздольных і непрацаздольных (старыя, калекі, хворыя, дзеці ва ўзросце да 10 гадоў, кормячыя маці і цяжарныя жанчыны, маці з двума і больш дзецьмі ва ўзросце да 10 гадоў і інш.). Прызнаных працаздольнымі адпраўлялі ў Германію ці далей у тыл для выкарыстання ў якасці рабочай сілы, астатніх накіроўвалі ў Азарыцкія лагеры. Акупанты хлусілі людзям, што ратуюць іх, вывозяць далей ад зоны баявых дзеянняў. Будучых вязняў везлі да месцаў зняволення па чыгунцы да станцый Рудабелка і Рабкор (Акцябрскі раён) на лініі Бабруйск — Старушкі, а таксама на аўтамашынах (тыфозныя хворыя), гналі пешшу па лясным і балотным бездарожжы, робячы непрацяглыя прыпынкі ў перасыльных лагерах, якія для жыхароў навакольных вёсак адначасова былі месцамі збору. У канваіраванні разам з нямецкімі ваеннаслужачымі ўдзельнічалі байцы «ўсходніх» паліцэйскіх фарміраванняў

Асуджаных на смерць людзей размясцілі на адкрытых балоцістых пляцоўках, абгароджаных калючым дротам і міннымі палямі і абстаўленых кулямётнымі вышкамі. Людзей не кармілі, забаранялі раскладаць агонь, яны вымушаны былі піць балотную ваду. Любая форма пратэсту каралася растрэлам. Каб паскорыць пашырэнне эпідэміі, нацысты пераводзілі групы сыпна-тыфозных хворых з лагера ў лагер. Штодзень у Азарыцкіх лагерах ад голаду, холаду, хвароб, здзекаў і куль аховы гінулі сотні і тысячы людзей. Целы іх заставаліся ляжаць непахаванымі. Толькі ў трох асноўных лагерах загінулі каля 13 тыс. чалавек.

У ноч з 16 на 17 сакавіка 1944 г. германскія войскі пачалі запланаваны паступовы адыход на падрыхтаваны абарончы рубеж па р. Трэмля (10–12 км ад Азарычаў). 18—19 сакавіка 1944 вязні былі вызвалены савецкімі войскамі. Жывых засталося 33 480 чалавек, з іх дзяцей да 13 год 15 960, жанчын 13 072, старых 4448.

Многія вязні памерлі ад тыфу, пнеўманіі, пераахаладжэння і дыстрафіі ў 25 шпіталях і іншых медыцынскіх установах 65‑й арміі і 1‑га Беларускага фронту або загінулі ад варожых бамбардзіровак і абстрэлаў падчас эвакуацыі ў глыбокі савецкі тыл. Тысячы з тых, хто выжыў, засталіся калекамі або хранічна хворымі. Усяго сярод вызваленых вязняў было выяўлена 1526 выпадкаў захворвання сыпным тыфам і каля 4 тыс. хворых на пнеўманію. На сыпны тыф перахварэлі таксама каля 200 байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія вызвалялі вязняў Азарыцкіх лагераў. Часова існавала каранцінная зона, у якую ўвайшоў 21 населены пункт.

Судовыя працэсы У 1946 г. Нюрнбергскі міжнародны трыбунал над былымі вышэйшымі кіраўнікамі нацысцкай Германіі кваліфікаваў Азарыцкія лагеры як канцэнтрацыйны лагер, што па сваёй жорсткасці адносіцца да самай высокай катэгорыі «А», а таксама прызнаў спецыяльным канцэнтрацыйным лагерам на пярэднім краі абароны.

На судовым працэсе па справе аб злачынствах, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў студзені 1946 г., быў асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне стваральнік лагера смерці каля в. Дзерць былы камандзір 286‑й ахоўнай і 35‑й пяхотнай дывізій вермахта генерал-лейтэнант І. Г. Рыхерт. У снежні 1947 г. у Гомелі Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі быў асуджаны да 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах (смяротнае пакаранне ў СССР было адменена ў маі 1947) стваральнік лагераў смерці каля вёсак Азарычы і Падасіннік былы камандзір 110‑й пяхотнай дывізіі вермахта генерал-лейтэнант Э. фон Куроўскі. У 1955 г. як неамнісціраваны злачынец перададзены ўладам Федэратыўнай Рэспублікі Германія і там вызвалены.

Ушанаванне памяці

Першы помнік ахвярам Азарыцкіх лагераў смерці ў выглядзе абеліска адкрыты 19 сакавіка 1954 г. каля шашы Азарычы — Акцябрскі на месцы лагера, што існаваў у сакавіку 1944 г. каля Азарычаў. У 1965 г. тут узведзены мемарыяльны комплекс «Азарычы», які быў поўнасцю рэканструяваны ў 1991—1992 і 2023 гг. Штогод 19 сакавіка на мемарыяле праходзіць урачысты мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр Азарыцкіх лагераў смерці.

У 2004 г. у Азарычах адкрыты Музей памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці.

Літаратура Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии. — Минск, 1965. — С. 142—161.

Спасылкі

Матэрыялы Нюрнбергскага працэсу па Азарыцкіх лагерах смерці

Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:Гісторыя Калінкавіцкага раёна Катэгорыя:Азарычы Катэгорыя:Мемарыяльныя комплексы Беларусі Катэгорыя:Канцэнтрацыйныя лагеры Трэцяга рэйха Катэгорыя:1944 год у Беларусі Катэгорыя:Сакавік 1944 года