Гі́нькава возера — возера ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Нехрысць (прыток Авуты), за 33 км на паўночны ўсход ад горада Глыбокае, за 4,5 км на поўнач ад вёскі Зябкі. Трэцяе па глыбіні на Беларусі.

Плошча паверхні возера 0,51² км. Даўжыня 2,2 км, найбольшая шырыня 0,29 км. Даўжыня берагавой лініі 4,84 км. Найбольшая глыбіня 43,3 м, сярэдняя 43,3 м. Аб'ём вады 7,97 млн м³. Плошча вадазбору 4,4 км².

Катлавіна возера лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, серпападобнай формы. Схілы катлавіны вышынёй 20-30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком, сугліністыя. У паўднёвай і паўночнай частках возера схілы катлавіны вышынёй да 3—6 м. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі большай часткай зліваюцца са схіламі катлавіны. Мелкаводдзе (глыбіня да 2 м) вельмі вузкае і займае каля 6 % плошчы возера. Дно да глыбіні 6–10 м пясчанае, глыбей — ілістае. Зарастае слаба. Возера мезатрофнае з прыкметамі алігатрафіі. Слабапраточнае. У возера ўпадае ручай з Шылаўскага возера, выцякае пратока ў раку Нехрысць. Возера зарастае слаба. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.

У возеры водзяцца акунь, лешч, сняток, плотка, гусцяра і іншыя віды рыб.

Літаратура Рачэўскі А. М. Гінькава возера // Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.

Спасылкі Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник "Водные объекты Республики Беларусь"

Катэгорыя:Азёры Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Басейн Авуты