World of Tanks () — камп’ютарная гульня, кліенцкая масавая шматкарыстальніцкая анлайн-гульня ў рэальным часе ў жанры аркаднага танкавага сімулятара ў гістарычным сетынгу Другой сусветнай вайны, распрацаваная беларускай студыяй Wargaming.net. Распрацоўшчыкі пазіцыянуюць гульню як MMO-экшан з элементамі ролевай гульні, шутара і стратэгіі. Канцэпцыя «World of Tanks» грунтуецца на камандных танкавых бітвах у рэжыме PvP. Анлайн-рэліз рускай версіі гульні адбыўся 12 жніўня 2010 года. Анлайн-рэліз World of Tanks на тэрыторыі Еўропы і Паўночнай Амерыкі адбыўся 12 красавіка 2011 года.
Гульня грунтуецца на схеме Free2Play; самі распрацоўшчыкі дэкларуюць толькі бясплатную загрузку кліента і бясплатны ўваход у гульню.
Для амерыканскіх, кітайскіх і еўрапейскіх гульцоў працуюць асобныя серверы. Распрацоўкай гульні — праграмаваннем, гульнявым працэсам, дызайнам і стварэннем гульнявых мадэляў — займалася звыш 300 чалавек у Беларусі, пераважна выпускнікі БДУІР, БДУ і Беларускай акадэміі мастацтваў. Супрацоўнікі з Амерыкі, Кітая ды Еўропы ажыццяўлялі прасоўванне, рэкламу і тэхпадтрымку. У лютым 2012 года колькасць гульцоў перасягнула 18 мільёнаў, з якіх 250 тыс. былі з Беларусі.
Гісторыя гульні
Ідэя гульні, па словах распрацоўшчыкаў, з’явілася 29 або 30 снежня 2008 года. Афіцыйны анонс гульні быў зроблены студыяй Wargaming.net 24 красавіка 2009 года. Паводле заявы распрацоўшчыкаў, для стварэння гульні «World of Tanks» быў запланаваны самы вялікі бюджэт у гісторыі гульнявой індустрыі краін СНД, аднак дакладных дадзеных пра бюджэт гульні няма. Альфа-тэставанне гульні пачалося ў верасні 2009 года; на той момант было створана толькі пяць мадэляў танкаў і адна няскончаная карта. Да моманту пачатку закрытага бэта-тэставання 30 студзеня 2010 года былі гатовыя ўжо некалькі дзясяткаў мадэляў бранятэхнікі і тры цалкам скончаных карты. За чатыры месяцы на ўдзел у бэта-тэсце было пададзена каля 40.000 заявак, у ходзе тэставання праведзена больш за 400.000 баёў. У сакавіку 2010 года распрацоўшчыкі абвясцілі, што плануюць развіваць праект яшчэ як мінімум 5-7 гадоў.
24 чэрвеня 2010 года пачалося адкрытае бэта-тэставанне гульні; у першай версіі адкрытага бэта-тэсту гульцам былі даступныя школы танкабудавання СССР і Германіі і сем розных карт.
8 ліпеня 2010 года стартаваў закрыты бэта-тэст англамоўнай версіі «World of Tanks».
12 жніўня 2010 года адбыўся анлайн-рэліз «World of Tanks», аднак з-за тэхнічных прычынах серверы гульні запрацавалі толькі 13 жніўня 2010 года.
27 студзеня 2011 года англамоўная версія гульні перайшла ў рэжым адкрытай бэта-версіі, яе рэліз адбыўся 12 красавіка 2011 года.
У 2012 годзе гульня ўключана ў склад дысцыплін фінальных гульняў найбуйнейшага кіберспартыўнага мерапрыемства свету World Cyber Games.
Бранятэхніка ў гульні У гульні прадстаўлена больш за 150 тыпаў танкаў і самаходных гаўбіц, якія былі на ўзбраенні СССР, Трэцяга рэйху, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая і Японіі або распрацоўваліся ў гэтых краінах. Чакаецца выхад Італьянскай лінейкі танкаў і танкаў «Зборнай Еўропы». Агулам гульня ахоплівае гісторыю танкабудавання 1920-1950-х гадоў.
У гульні ёсць не толькі мадэлі танкаў, якія рэальна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але і эксперыментальныя мадэлі, які існавалі толькі на чарцяжах або ў прататыпах (напрыклад, звыш цяжкі танк «Маўс», рэальна выраблены толькі ў двух асобніках); апроч гэтага, дапускаюцца неаўтэнтычныя мадыфікацыі баявой тэхнікі — гарматы, вежы, рухавікі і г. д., якімі ў рэальнасці танкі не абсталёўвалі.
Прадстаўленая ў гульні бранятэхніка ўмоўна падзяляецца на пяць класаў (лёгкія, сярэднія і цяжкія танкі, а таксама процітанкавыя і гаўбічныя САУ) і 10 узроўняў.
Гульнявы працэс У «World of Tanks» гульцы ўключаюцца ў бітвы адразу ж, без папярэдніх гульняў у адзіночным рэжыме, што дазваляе параўноўваць гульню з Battlefield Heroes. Першапачаткова гулец атрымлівае ў свае распараджэнне па адным танку першага ўзроўню кожнай нацыі: СССР (МС-1), Германіі (Leichttraktor), ЗША (T1 Cunningham), Францыі (Renault FT), Кітая (NC-31), Японіі (Renault Otsu) — лёгкія танкі, Вялікабрытаніі — сярэдні танк (Vickers Medium Mark I) з цалкам навучаным экіпажам. Удзелам у бітвах гулец зарабляе «крэдыты», трэніруе экіпаж і назапашвае балы досведу для атрымання доступу да новых вузлоў і баявым машынам. Кожная мадэль бранятэхнікі мае шэраг вузлоў — гармату, вежу, хадавую частку, рухавік і радыёстанцыю — якія можна замяніць на больш дасканалыя ўзоры. Апгрэйды тэхнікі робіцца ў «ангары» ў прамежках паміж баямі. «Крэдыты» расходуюцца на рамонт пашкоджанага танка, набыццё боепрыпасаў, расходных матэрыялаў і дадатковага абсталявання; на іх таксама набываюць удасканаленыя вузлы і новыя баявыя машыны. Ад абсталявання, боепрыпасаў і танкаў, якія не выкарыстоўваюцца гульцом ён можна пазбавіцца, атрымаўшы палову ад іх першапачатковага кошту. У далейшым плануецца ўвесці магчымасць унутрыгульнявога гандлю паміж гульцамі.
Гульнявы працэс у «World of Tanks» грунтуецца на бітве двух выпадкова падабраных каманд з 15 гульцоў — пры гэтым у адной камандзе могуць спалучацца танкі розных нацый і гадоў выпуску, рэальныя танкі і эксперыментальныя мадэлі. Умова перамогі ў бітве — поўнае знішчэнне каманды саперніка, або захоп яго базы, для чаго адзін або некалькі танкаў павінны знаходзіцца ў адзначанай зоне некаторы час, не атрымліваючы пры гэтым пашкоджанняў. З абнаўленнем 0.7.4 былі ўведзеныя рэжымы «Штурм» (адна з каманд павінна, адбіваць атаку каманды саперніка і ўтрымаць базу) і «Сустрэчны бой» (каманды спрабуюць захапіць адзіны на карце кантрольны пункт). З абнаўленнем 8.9 быў уведзены рэжым «Камандны бой» (каманда складаецца з сямі гульцоў з выкарыстаннем тэхнікі да восьмага ўзроўню ўключна, якая падбіраецца не выпадковым чынам, а на аснове асабістага рэйтынгу гульцоў).
Сувязь паміж гульцамі падчас баёў і каардынацыя дзеянняў ажыццяўляюцца праз тэкставы чат, або голасам (паміж гульцамі ў складзе ўзвода, роты, або ў трэніровачных пакоях). Гулец, танк якога знішчаны, выбывае з бою, але можа або назіраць за бітвай ў рэжыме свабодна пераключальнай камеры, або пакінуць поле бою і вярнуцца ў ангар, адкуль неадкладна адправіцца на іншую бітву на іншым танку, або дачакацца вяртання пашкоджанага танка з бою. Ёсць рэйтынгавая сістэма, якая адлюстроўвае статыстыку перамог і паражэнняў і фіксуе дасягнення асобнага гульца.
Ёсць некалькі асноўных рэжымаў камеры: від ад трэцяй асобы, калі гулец назірае за танкам з боку, і від праз прыцэл, які набліжае аб’екты для больш дакладных стрэлаў. Ёсць таксама трэці рэжым камеры — гаўбічны (пры выкарыстанні САУ з навясным агнём). Пры ўключэнні гэтага рэжыму можна назіраць частку карты зверху, набліжаць або аддаляць камеру для прыцэльвання.
Вялікае значэнне ў «World of Tanks» даецца гістарычнай дакладнасці баявых машын. Гэта тычыцца іх вонкавага выгляду, блізкага да рэалістычнасці браніравання, размяшчэння ўнутраных і вонкавых агрэгатаў і экіпажа. Пры стварэнні мадэляў танкаў распрацоўшчыкі кансультуюцца з ваеннымі гісторыкамі і экспертамі ў галіне танкабудавання.
У гульні рэалізавана складаная мадэль пашкоджанняў, якая ўлічвае тып і таўшчыню броні, хуткасць снарада і вугал яго сустрэчы з бранёй, тып боепрыпасаў і шэраг іншых фактараў. Стан танка таксама не вычэрпваецца адзіным параметрам «здароўя»: у канструкцыю кожнай машыны закладзены аб’екты, адпаведныя рухавіку, хадавой частцы, гармаце, боеукладцы, бензабакам і іншым найбольш важным у функцыянальным плане вузлоў, а таксама членам экіпажа; пры гэтым кожны такі аб’ект можа быць пашкоджаны індывідуальна, што адпаведным чынам адаб’ецца на паводзінах танка: пашкоджанне рухавіка можа знерухоміць танк, прабіты бак можа выклікаць пажар, а кантужаны камандзір не зможа эфектыўна выяўляць замаскіраваныя варожыя танкі.
Абнаўленне 0.8.0 дадала ў гульню рэалістычную фізіку руху: цяпер тэхніка гульцоў можа залазіць на схілы ўзвышшаў, спускацца або нават падаць з іх, атрымліваючы ў некаторых выпадках пашкоджанні, тануць у вадаёмах на карце. Акрамя таго, пры паваротах ў руху на высокай хуткасці здараюцца заносы.
Аднак, нягледзячы на дэталёвую прапрацоўку вонкавага выгляду танкаў, набліжаную да рэальнасці мадэль пашкоджанняў, разлікі балістыкі і пашкоджання брані, дакладнасць паводзін бранятэхнікі ў баі прынесена распрацоўшчыкамі ў ахвяру магчымасці гуляць: спрошчана кіраванне, паскораны рух танка і перазарадка гарматы, агляд адаптаваны пад гульца. Самі распрацоўшчыкі таксама не адмаўляюць аркадных элементаў гульні:
У гульні рэалізаваны «туман вайны»: месцазнаходжанне бранятэхнікі праціўніка невядома, варожы танк робіцца бачным для гульца толькі калі камандзір яго танка здольны «разгледзець» варожую машыну; пры гэтым выяўлены танк робіцца бачным і іншым гульцам каманды, калі яны знаходзяцца ў радыусе дзеяння рацыі гэтага танка. Верагоднасць выяўлення праціўніка залежыць ад далёкасці агляду з танка, дасведчанасці экіпажа, выкарыстання праціўнікам маскіроўкі, а таксама цэлага шэрагу іншых фактараў, і разлічваецца дынамічна; з прычыны складанасці і рэсурсаёмістасці разлік бачнасці можа адбывацца з затрымкай.
Распрацоўшчыкі не выключаюць магчымасці з’яўлення ў гульні сродкаў падтрымкі танкаў, такіх як авіяцыя, артылерыя і нават пяхота.
Камандная гульня На момант анлайн-рэлізу ў гульні быў магчымы толькі ўваход у бой узводамі да трох танкаў або трэніровачныя баі. У версіі 0.6.2 былі ўведзеныя ротныя баі 15 на 15 гульцоў; патч 0.6.2.8 увёў у гульню кланы і міжкланавыя бітвы за тэрыторыі на глабальнай карце, якія ў гульні называюцца «Сусветнай вайной». Таксама існуе рэжым камандных баёў 7 на 7 гульцоў з версіі 9.4.
Кланы і «Сусветная вайна»
Гулец, які далучыўся да клану, атрымлівае прыпіску (тэг) клана ў канцы імя карыстальніка і доступ да асобнага ўнутрыгульнявога каналу тэкставай сувязі паміж членамі клана. Для рэжыму «Сусветная вайна» створана глабальная карта, якая ўключае Еўропу, часткі Азіі, Паўночнай Афрыкі, Паўночнай Амерыкі і ўсю тэрыторыю Расіі, падзеленая на невялікія зоны ўплыву, за кантроль над якімі і адбываюцца бітвы паміж кланамі. Чым больш тэрыторый будзе знаходзіцца пад кантролем клана, тым больш гульнявых пераваг ён атрымлівае. За валоданне тэрыторыяй у скарб клана паступае ўнутрыгульнявая валюта — «золата», якую звычайна купляюць за рэальныя грошы. Колькасць «золата», якая атрымліваецца з тэрыторыі, расце з яе аддаленнем ад зоны дэсантавання і даходзіць да 4560 адзінак на суткі, тады як у зоне дэсанта за суткі кланы атрымліваюць толькі 240 адзінак. «Золатам» распараджаецца камандзір, намеснік камандзіра і скарбнік клана. Новы клан, жадаючы ўступіць у баі за тэрыторыю, павінен падаць заяўку на дэсантаванне ў адной з мноства даступных для гэтага зон, пасля чаго яму трэба будзе прайсці турнір на выбыванне ад 1/32 да фіналу, дзе клан, які нападае змагаецца з уладальнікамі гэтай тэрыторыі.
Наяўнасць мноства ворагаў і небяспека нападаў з усіх бакоў падахвочвае кланы ствараць кааліцыі з абавязацельствам узаемнага ненападзення на правінцыі адзін другога. Гэта дазваляе кланам вывесці войскі правінцый, якія знаходзяцца на мяжы з саюзнікамі і засяродзіць іх для баёў за астатнія правінцыі. Некаторыя кааліцыі канчаюцца здрадніцкімі ўдарамі ў спіну, а іншыя аказваюцца ўстойлівымі і існуюць на сталай аснове.
З патчам 0.6.4 глабальная карта была пашырана прыкладна да 800 правінцый за кошт дадавання Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і ўсёй тэрыторыі СССР. У далейшым карта будзе працягваць пашырацца за кошт астатняй часткі свету аж да Антарктыды.
Прэміум-элементы гульні
Гульнявая валюта ў «World of Tanks» дзеліцца на «крэдыты» і «золата». «Крэдыты» налічваюцца за праведзеныя гульцом баі, прычым узнагароджваюць як перамогу каманды агулам, так і індывідуальныя дасягненні гульцоў; «золата» можа быць купіць за рэальныя грошы, а таксама атрымаць ў ходзе розных акцый. Некаторыя магчымасці гульні робяцца даступнымі толькі пры ўмове аплаты «золатам»: купля прэміум-акаўнта з павялічаным у паўтара разы атрыманнем гульнявых грошай і досведу; стварэнне клана; купля прэміўмнай бранятэхнікі;