Ігар Бурко (нар. ) — беларускі футбаліст, абаронца жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ».
Клубная кар’ера Навучаўся футболу ў горадзе Беразіно, пасля паступіў у БДУФК. Падчас вучобы выступаў у чэмпіянаце Мінскай вобласці за клубы з Беразіно і Клецка.
У пачатку 2010 года разам з іншымі студэнтамі БДУФК быў запрошаны ў клуб Другой лігі «Вігвам» са Смалявічаў.
«Дынама» Брэст Добрае выступленне за смалявіцкі клуб прывяло да інтарэсу з боку брэсцкага «Дынама». Пасля прагляду ўлетку 2010 года падпісаў кантракт з дынамаўцамі. Спачатку выступаў за дубль, але ўжо на наступны сезон стаў адным з асноўных абаронцаў.
У сезонах 2012—2013 быў трывалым правым абаронцам каманды. Нярэдка далучаўся да атак сваёй каманды, за гэтыя два гады набраў 7 пунктаў па сістэме «гол + пас». Значную частку матчаў прапусціў з-за службы ў рэзерве ў арміі.
«Тарпеда-БелАЗ» У снежні 2013 года перайшоў у «Тарпеда-БелАЗ». Стаў асноўным правым абаронцам жодзінцаў, правёў на гэтай пазіцыі ўсе 32 матчы чэмпіянату. У другой палове сезона вызначыўся двума шыкоўнымі галамі, якія прынеслі нічыі з мінскім «Дынама» (27 верасня, 1:1) і БАТЭ (27 кастрычніка, 2:2). Па заканчэнні сезона 2014 стала вядома аб цікавасці да Ігара з боку барысаўскага БАТЭ, але ў студзені 2015 года Ігар падоўжыў кантракт з жодзінцамі. У сезоне 2015 заставаўся асноўным правым абаронцам «аўтазаводцаў», толькі ў маі не гуляў з-за траўмы.
«Шахцёр» У канцы 2015 года цікавасць да Бурко стаў праяўляць салігорскі «Шахцёр». У студзені 2016 года ён разам з Аляксандрам Сялявам афіцыйна стаў іграком салігорскага клуба. У сезоне 2016 згуляў ва ўсіх 30 матчах чэмпіянату, дзе, акрамя звыклай пазіцыі правага абаронцы, выкарыстоўваўся таксама ў паўабароне. У снежні 2016 года падоўжыў кантракт з «Шахцёрам». У сезоне 2017 стаў радзей з’яўляцца на полі, працягваў выступаць у якасці правага абаронцы ці паўабаронцы. У кастрычніку 2017 года стала вядома, што Бурко застанецца ў камандзе на наступны сезон.
У лістападзе 2018 года падпісаў новы кантракт з «Шахцёрам». У верасні 2019 года падоўжыў пагадненне з клубам да канца 2020 года. У снежні 2020 года па заканчэнні кантракта пакінуў салігорскую каманду.
Вяртанне ў «Тарпеда-БелАЗ» У студзені 2021 года вярнуўся ў «Тарпеда-БелАЗ», дзе стаў іграком асновы. У студзені 2023 года падоўжыў кантракт з жодзінскім клубам, а ў лістападзе 2023 года пагадненне было падоўжана да канца 2024 года.
Міжнародная кар’ера У кастрычніку 2015 года быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі, але тады так і не згуляў за яе. Дэбютаваў у зборнай 1 чэрвеня 2017 года, правёўшы на полі першы тайм таварыскага матча супраць Швейцарыі (0:1).
У 2018—2019 гадах не гуляў за зборную, а ў лютым 2020 года зноў быў выкліканы ў яе склад на таварыскі матч супраць Узбекістана (1:0), дзе выйшаў у стартавым складзе і быў заменены ў канцы сустрэчы.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі: 2020 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 2016, 2018 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі (3): 2017, 2019, 2023 Уладальнік Кубка Беларусі (2): 2019, 2023 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2024 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (2): 2014, 2016
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Смалявічы Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Брэст Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Выпускнікі БДУФК