Аляксей Гаўрыловіч (нар. , ) — беларускі футбаліст, абаронца мінскага «Дынама».

Клубная кар’ера Выхаванец пінскай СДЮШАР-3, з 2008 года гуляў за мінскае «Дынама», у асноўным за дубль. У другой палове сезона 2011, калі галоўным трэнерам быў Сяргей Аўчыннікаў, трывала трапляў у асноўны склад мінскай каманды.

У сакавіку 2012 года быў аддадзены ў арэнду наваполацкаму «Нафтану». Здолеў стаць іграком асновы наваполацкага клуба. 20 мая 2012 года, забіўшы апошні пасляматчавы пенальці ў браму «Мінска», дапамог «Нафтану» выйграць Кубак Беларусі 2012.

У студзені 2013 года перайшоў у «Гомель», дзе адразу стаў іграком асновы. Звычайна гуляў на пазіцыі цэнтральнага абаронцы, часам выкарыстоўваўся як апорны паўабаронца ці флангавы абаронца.

Сезон 2014 распачаў у якасці правага абаронцы, але неўзабаве быў пераведзены на левы фланг і замацаваўся на новай пазіцыі. У студзені 2015 года падоўжыў кантракт з «Гомелем». Неўзабаве адправіўся на прагляд у клуб расійскай Прэм’ер-лігі «Мардовія», але ў выніку застаўся ў «Гомелі». У сезоне 2015 года стаў адным з лідараў каманды, стаў выступаць у цэнтры абароны. У ліпені 2015 года з-за нявыплат з боку клуба звярнуўся ў АБФФ, а неўзабаве па ўзаемнай згодзе пакінуў «Гомель».

У жніўні 2015 года падпісаў кантракт са «Слуцкам». Замацаваўся ў аснове «Слуцка», але па заканчэнні сезона ў лістападзе 2015 года пакінуў клуб.

У студзені 2016 года далучыўся да складу «Белшыны», а ў ліпені таго ж года перайшоў у брэсцкае «Дынама», дзе стаў асноўным цэнтральным абаронцам, а неўзабаве і капітанам. У чэрвені і ліпені 2017 года не гуляў з-за траўмы, пасля вярнуўся ў стартавы склад. У ліпені 2018 года па пагадненні бакоў пакінуў брэсцкі клуб і неўзабаве стаў іграком мінскага «Дынама», дзе таксама хутка замацаваўся ў стартавым складзе. У другой палове 2019 года выконваў функцыі капітана каманды.

У студзені 2020 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт з дынамаўцамі і хутка перайшоў у казахстанскі «Акжэтпес». У лютым 2021 года стаў трэніравацца з гродзенскім «Нёманам» і неўзабаве падпісаў пагадненне. Ужо ў маі 2021 года па пагадненні бакоў пакінуў гродзенскі клуб.

У чэрвені 2021 года падпісаў двухгадовы кантракт з клубам «Чайка» з расійскай ФНЛ. Праз месяц пакінуў «Чайку» пасля таго, як яна за ўдзел у дагаварных матчах была пераведзена ў ніжэйшы дывізіён, аднак неўзабаве вярнуўся ў каманду. Пакінуў клуб па заканчэнні сезона ў чэрвені 2022 года і неўзабаве папоўніў склад астраханскага «Валгара». У чэрвені 2023 года пакінуў астраханскі клуб па заканчэнні кантракта.

У жніўні 2023 года стаў іграком мінскага «Дынама». У снежні 2023 года падоўжыў кантракт з клубам.

Міжнародная кар’ера Гуляў за моладзевую зборную Беларусі. У 2011 годзе разам з Арцёмам Салаўём увайшоў у канфлікт з галоўным трэнерам Юрыем Шуканавым, з-за чаго перастаў выклікацца ў зборную. Пасля адстаўкі Шуканава ў чэрвені 2012 года новы трэнер Аляксей Вяргеенка вярнуў Гаўрыловіча ў моладзевую зборную.

Таксама выступаў у алімпійскай зборнай. На Алімпійскіх гульнях 2012 выйшаў на замену ў адным матчы.

9 лістапада 2017 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі, выйшаўшы на замену ў другім тайме таварыскага матча супраць Арменіі (1:4).

Дасягненні Чэмпіён Беларусі: 2023 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі: 2009 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2018 Уладальнік Кубка Беларусі (3): 2012, 2017, 2018 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2018

Статыстыка выступленняў СезонДывізіёнКлубКраінаМатчыГалы 2008 дубль Дынама Мінск 23 6 2009 Д1 Дынама Мінск 1 0 2010 Д1 Дынама Мінск 7 0 2011 Д1 Дынама Мінск 24 0 2012 Д1 Нафтан 25 0 2013 Д1 Гомель 30 1 2014 Д1 Гомель 28 0 2015 (1) Д1 Гомель 13 1 2015 (2) Д1 Слуцк 12 0 2016 (1) Д1 Белшына 14 1 2016 (2) Д1 Дынама Брэст 14 0 2017 Д1 Дынама Брэст 19 0 2018 (1) Д1 Дынама Брэст 13 1 2018 (2) Д1 Дынама Мінск 13 2 2019 Д1 Дынама Мінск 22 0 2020 Д1 Акжэтпес 16 0 2021 (1) Д1 Нёман 5 0 2021/22 Д3 Чайка 26 1 2022/23 Д2 Валгар 19 1 2023 (2) Д1 Дынама Мінск 11 1

Сям’я Жонка — беларуская гімнастка Алеся Бабушкіна, бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне. Сям’я выхоўвае двух дзяцей.

Крыніцы

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Нафтан Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК Слуцк Катэгорыя:Ігракі ФК Белшына Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Брэст Катэгорыя:Ігракі ФК Акжэтпес Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Чайка Песчанакопскае Катэгорыя:Ігракі ФК Валгар Астрахань Катэгорыя:Футбалісты на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года