Беларускі ПЭН — беларускі нацыянальны цэнтр ПЭН-клуба.
Гісторыя Створаны ў 1989 годзе. Зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў рэспублікі № 274 ад 1 лістапада 1990 года, перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў «Міжнародны ПЭН-клуб» у маі 1990 года на Сусветным кангрэсе, мае статус «А» ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН. Беларускі ПЭН -- сузаснавальнік Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні.
Беларускі ПЭН — аб’яднанне прафесійных літаратараў, створанае для пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў. Сябры Беларускага ПЭНа далучаюцца да прынцыпаў і каштоўнасцей Хартыі Міжнароднага ПЭНа, прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.
З 1996 года Беларускі ПЭН -- член Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.
Беларускі ПЭН удзельнічае ў працы Камітэта Міжнароднага ПЭН-клуба па мастацкім перакладзе і лінгвістычным праве, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Барселоне. У першую чаргу праца тычыцца праграмы «Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў».
У ліпені 2021 года па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭНа прайшоў ператрус, былі арыштаваны рахункі арганізацыі. 9 жніўня 2021 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Беларускі ПЭН. У ліпені 2022 года арганізацыя паведаміла, што атрымала рэгістрацыю ў Польшчы.
У пачатку 2026 года КДБ Беларусі аб’явіў Беларускі ПЭН-цэнтр экстрэмісцкім фарміраваннем.
Прэзідэнты Рыгор Барадулін (1990—1999) Васіль Быкаў (1999—2003) Лявон Баршчэўскі (2003—2005) Уладзімір Някляеў (2005—2008) Андрэй Хадановіч (2008—2017) Таццяна Нядбай (2017—2019) Святлана Алексіевіч (2019—2021) Таццяна Нядбай (з 2021)
Літаратурныя прэміі Прэмія «Кніга года» — пісьменнікі і перакладчыкі самі абіраюць найлепшую беларускую кнігу праз інтэрнэт-галасаванне. Пераможца — адна кніга, напісаная на беларускай або рускай мове ў жанрах мастацкая проза, нон-фікшн, паэзія ці эсэістыка. Прэмія Цёткі — за найлепшую беларускамоўную кнігу для дзяцей і падлеткаў. Даецца ў дзвюх намінацыях — найлепшы літаратурны твор і найлепшае мастацкае афармленне. Сузаснавальнік — Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмію падтрымлівае мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне». Прэмія імя Ежы Гедройця — буйнейшая незалежная літаратурная прэмія за мастацкую і дакументальную прозу на беларускай мове. Надаецца з 2012 года. Прэмію арганізоўваюць Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. У 2019 годзе сярод іншага фундатарамі прэміі сталі Адвакацкае бюро Borovtsov & Salei, ПП «Тэрасофт» і Святлана Алексіевіч. Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча — за найлепшую дэбютную кнігу, напісаную беларускай або перакладзеную на яе, аўтарам або перакладчыкам ва ўзросце да 35 гадоў. Даецца за творы ў жанрах паэзія, проза, мастацкі пераклад. Сузаснавальнік — Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмію падтрымлівае мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне». Прэмія імя Наталлі Арсенневай — надаецца з 2017 года за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Суарганізатары — Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Партнёрамі прэміі выступаюць Фонд культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўны фонд Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Прэмія імя Карласа Шэрмана — надаецца з 2016 года за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Сузаснавальнікі прэміі — Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і мясцовы дабрачынны Фонд «Вяртанне». Прэмія імя Міхала Анемпадыстава — надаецца з 2019 года за найлепшую кніжную вокладку для беларускай кнігі. Сузаснавальнікі і партнёры — Беларускі ПЭН, Беларускі саюз дызайнераў, Лятучы ўніверсітэт, H&L Group, фонд «Адкрытая культура», тэлеканал «Белсат». Прэмія імя Алеся Адамовіча — заснавана ў 1995 годзе ў гонар аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Даецца за найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. У некаторых выпадках прэміяй уганароўваюцца значныя для беларускай культуры ініцыятывы, з’явы або падзеі.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча — даецца з 1994 года за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэнню свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. У некаторых выпадках прэміяй уганароўваюцца значныя для беларускай гісторыі ініцыятывы, з’явы або падзеі. Прэмія імя Францішка Аляхновіча — заснавана ў 2013 годзе разам з Радыё Свабода, даецца за найлепшы твор на беларускай і рускай мовах любога жанру, напісаны ў зняволенні. Могуць быць намінаваны як апублікаваныя творы, так і рукапісы. Даецца не штогод.
Іншыя праекты
Фестывалі
Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» Выступае як пляцоўка для інтэнсіўнай камунікацыі паміж усімі ўдзельнікамі кнігавыдавецкага працэсу: выдаўцамі і аўтарамі, рэдактарамі і крытыкамі, ілюстратарамі і дызайнерамі, перакладчыкамі і чытачамі.
Арганізатар: установа культуры «Кніжны офіс». Беларускі ПЭН з’яўляецца адным з галоўных партнёраў фестывалю.
Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова Запачаткаваны ў 2012 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў і ПЭНам. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў фестывалю — паэтычны слэм, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі кніг, кніжных серый, музычныя выступы і г. д.
Збірае паэтаў з Беларусі, Германіі, Ісландыі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі.
Перакладчыцкая майстэрня Штотыднёвыя заняткі для перакладчыкаў, скіраваныя на знаёмства з асноўнымі тэндэнцыямі і мастацкімі падыходамі ў перакладзе. На занятках разглядаюцца пераклады розных літаратурных жанраў. Наведвальнікі аналізуюць і вучацца дапрацоўваць уласныя пераклады пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча.
Школа крэатыўнага пісьма Адама Глобуса «Літара» Школа створаная для падлеткаў 15-18 гадоў. У праграме — азнаямленне, вывучэнне і практыкаванне ў формах літаратурных мініяцюр на прыкладзе класікаў сусветнай і беларускай літаратуры: Сэй-Сёнагон, Янкі Брыля, Басё, Рамона Гомэса дэ ля Сэрны і іншых.
Рэзідэнцыя маладога літаратара Праграма дае магчымасць творцу ва ўзросце да 35 гадоў два тыдні жыць у Вільні і займацца літаратурнай працай. Дзейнічае пры падтрымцы Беларускага Дома правоў чалавека і Амбасады Літвы.
Майстар-класы для маладых літаратараў Маладыя літаратары з усёй краіны збіраюцца разам і цягам некалькіх дзён знаёмяцца паміж сабой, а таксама з прафесійнымі пісьменнікамі. Працуюць над ўласнымі творамі і абмяркоўваюць тэксты калег з дапамогай дасведчаных паэтаў, празаікаў, перакладчыкаў.
Аўдыятэка Архіў аўдыязапісаўhttps://audio.pen-centre.by , на якіх аўтары і перакладчыкі самі чытаюць свае творы. Кожны літаратар мае асобную старонку з біяграфіяй і спісам твораў, якія можна чытаць і слухаць.
Конкурсы Конкурс маладога літаратара Конкурс маладых крытыкаў
Крытыка У 2015 годзе пра свой выхад з Беларускага ПЭНа заявілі літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў. Паводле слоў Алеся Аркуша, знаходзіцца ў складзе гэтай арганізацыі значыць «даваць магчымасць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна», бо «з сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца», ніхто не цікавіцца іх меркаваннем па тым ці іншым пытанні, а сам ПЭН, які павінен абараняць правы пісьменнікаў, апошнім часам «ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменнікаў, чым павінны былі ў першую чаргу займацца». Дадатковай прычынай паслужыла заява ПЭНа пра дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў. З падобнай прычыны заявіў, што пакідае арганізацыю, і пісьменнік Сяргей Дубавец (але па стане на 2019 г. С. Дубавец з’яўляецца сябрам Рады Беларускага ПЭНа). Выйшаў з арганізацыі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Пасля заявы пра «дыскрымінацыю рускамоўных літаратараў» пакінуў арганізацыю і драматург Юры Станкевіч, які патлумачыў прычыну свайго сыходу яшчэ і тым, што ён стаў членам ПЭН-цэнтра, калі «арганізацыя імкнулася прытрымлівацца пісьменніцкага праваабарончага кірунку і нацыянальнай ідэі. А потым прыйшлі „эпігоны“, набылі сяброўства выпадковыя і невыпадковыя людзі, і наступіла непазбежнае».
У 2016 годзе ў беларускай літаратурнай прасторы ўзнік скандал па выніках уручэння літаратурнай прэміі «Дэбют», заснаванай Беларускім ПЭНам. На цырымоніі ўручэння прэміі намінацыя «Паэзія» засталася без пераможцы, у выніку чаго маладыя паэты палічылі такое рашэнне журы зняважлівым да іх. Пасля інцыдэнту паэт Алесь Плотка, які увайшоў у шорт-ліст прэміі, звярнуўся да арганізатараў конкурсу з просьбай, «каб брыдкі скандал, які ўзнік вакол гэтай намінацыі, быў вырашаны». Яго падтрымалі і астатнія шортлістэры. А. Плотка пракаментаваў, што сваім рашэннем не прызначаць пераможцу сярод паэтаў журы парушыла статут прэміі, дзе напісана: «ў кожнай намінацыі вызначаюцца пераможца (1 месца) і даюцца два заахвочвальныя прызы».
Адзначаліся праблемы і з іншай літаратурнай прэміяй, заснаванай Беларускім ПЭНам — «Прэміяй Цёткі». Так, у спіс намінантаў могуць не трапіць калектыўныя зборнікі з вялікай колькасцю аўтараў альбо мастакоў, хаця гэтае абмежаванне нідзе не прапісанае, а ў Палажэнні аб прэміі згодна з п. 1.3. наадварот, гаворыцца, што «ў выпадку калектыўнага аўтарства прэмія дзеліцца між усімі аўтарамі кнігі-пераможцы». Пры гэтым арганізатары спасылаюцца на тое, што журы можа прымаць рашэнні аб прыняцці кнігі да разгляду ў прэміі згодна з уласным меркаваннем.
У канцы 2010-х гадоў пра выхад з Беларускага ПЭНа з розных прычын заявілі ганаровы старшыня ПЭНа Лявон Баршчэўскі, філосаф Алесь Анціпенка, заснавальнік курсаў «Мова нанова», журналіст і паэт Глеб Лабадзенка, шматгадовы рэдактар «Нашай Нівы», былы першы намеснік кіраўніка ПЭНа Андрэй Дынько, перакладчыца і літаратарка Наталка Харытанюк, былы намеснік кіраўніка арганізацыі Андрэй Скурко.
На думку Паўла Севярынца, агучаную ў 2019 годзе, заснавальнікам «лявацкага гнязда» ў арганізацыі стаў літаратар Андрэй Хадановіч, яго памагатым — Павел Анціпаў (брат Ніка Анціпава, заснавальніка ЛГБТ-сайта Makeout.by), да іх жа Павел Севярынец прылічыў Анку Упалу, Уладзіміра Лянкевіча і масона Сяргея Дубаўца. Палітык абвінаваціў кіраўніцтва цэнтра ў тым, што яно не прыняло ў арганізацыю шэраг літаратараў, бо тыя з’яўляюцца хрысціянамі, у тым ліку Яўгена Зубовіча, Паўла Булатага, Алеся Гелагаева, Уладзіміра Бруя, Антонія Бокуна, Ганну Станіславенку.
На пасяджэнні Рады ПЭНа 29 кастрычніка 2019 года ганаровы старшыня Лявон Баршчэўскі падаў заяву на выхад з арганізацыі, назваў асноўнымі матывамі тое, што яго знаходжанне ў Радзе будзе шкодзіць прыняццю рашэнняў шляхам кансэнсусу. Таксама Л. Баршчэўскі абурыўся тым, што Рада не абараніла яго ад хамскіх выказванняў Я. Ліпковіча, звязаных з дзейнасцю Л. Баршчэўскага ў рамках арганізацыі.
Скандал з выключэннем Паўла Севярынца З 2014 года Павел Севярынец, які быў прыняты за кнігу «Лісты з лесу» ў 2007 годзе, не плаціў членскія ўнёскі, аргументуючы гэта тым, што ён хрысціянін і не бачыць для сябе магчымасці падтрымліваць, у тым ліку фінансава, мерапрыемствы пад эгідай арганізацыі, звязаныя з тым, што ён лічыць прапагандай гомасексуальнага ладу жыцця. 15 студзеня 2019 года ён быў выключаны з арганізацыі, але паведамлена пра выключэнне яму было толькі ў красавіку. Як прызнавала Таццяна Нядбай, рашэнне пра выключэнне было складаным і не было адзінагалосным, яго абмяркоўвалі цягам некалькіх сустрэч Рады. Апроч Севярынца, за неаплату ўнёскаў з цэнтра выключылі таксама Глеба Лабадзенку і Сяргея Шапрана. Следам з арганізацыі выйшаў Андрэй Дынько.