Дубо́к — возера ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Заходняя Дзвіна, за 10 км на паўночны захад ад Полацка каля вёскі Гваздова.

Плошча паверхні возера складае 0,38 км². Даўжыня 1,12 км, найбольшая шырыня 0,42 км. Даўжыня берагавой лініі 3,26 км. Найбольшая глыбіня 7 м, сярэдняя 3,2 м. Аб’ём вады 1,21 млн. м³. Плошча вадазбору 1,5 км².

Катлавіна возера рэшткавага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, пераважна спадзістыя і парослыя лесам. Берагавая лінія слабазвілістая, у заходняй частцы возера ўтварае два залівы. Берагі нізкія, месцамі сплавінныя, забалочаныя, пад хмызняком. Дно возера плоскае, выслана сапрапелем, на ўсходзе мелкаводдзе пясчанае. Вада празрыстая да 4,3 м. Возера дыстрофнае. Больш 53 % плошчы возера зарастае, да глыбіні 4 м пашыраны імхі.

На паўночным усходзе з возера выцякае ручай у раку Полюшка.

У возеры водзяцца шчупак, акунь, плотка і іншыя віды рыб.

Зноскі

Літаратура

Ліст карты N-35-22. Выданне 1987 года. Стан мясцовасці на 1986 год.

Спасылкі Агульная характарыстыка азёр Віцебскай вобласці // Даведнік «Водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь» Морфаметрычныя параметры азёр Віцебскай вобласці // Даведнік «Водныя аб’екты Рэспублікі Беларусь»

Катэгорыя:Азёры Полацкага раёна Катэгорыя:Басейн Заходняй Дзвіны