Нарачанскае выступленне рыбакоў — выступленне нарачанскіх сялян-рыбакоў, якое пачалося ўлетку 1935 года. Прычынай стала забарона ўладамі свабоднай лоўлі рыбы на возеры Нарач. У выступленні ўдзельнічала каля 5 тысяч сялян. Кіравала выступленнямі КПЗБ. Барацьба цягнулася да 1939 года.29. Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (20 — 30-я гг.). Уз'яднанне з БССР

Прычыны выступленняў

У 1932 годзе польскі ўрад прыняў закон, паводле якога нацыяналізаваліся рэкі і азёры. У прыватнасці, возера Нарач перайшло да Дырэкцыі дзяржаўных лясоў. Жыхарам прылеглых да возера вёсак было аб'яўлена, што Нарач здаецца ў арэнду памешчыку Яблонскаму, а таму свабодная лоўля рыбы на возеры забаранялася. Рыбакам было прапанавана ісці наймацца працаваць да арандатара возера, які, у сваю чаргу, будзе плаціць ім за працу. Такая прапанова мясцовых жыхароў не задавальняла.

Выступленні

У чэрвені 1935 года, нягледзячы на пагрозы і папярэджанні арандатара рыбакі, як і раней, арганізавана выехалі на возера лавіць рыбу. Паліцыя, выкліканая арандатарам, пачала на маторнай лодцы ганяцца за рыбакамі, каб адабраць у іх рыбу. Калі паліцэйская маторная лодка, буксуючы лодкі, гружаныя рыбай, наблізілася да берага, жонкі рыбакоў, якія назіралі за падзеямі з берага, кінуліся ў ваду і перакулілі маторную лодку разам з паліцэйскімі. Скарыстаўшыся момантам, рыбакі адчапілі свае лодкі і пагналі іх на сярэдзіну возера. Паліцэйскія ж больш не адважыліся паляваць за рыбакамі.

Як вынік выступлення, супраць рыбакоў пачаліся рэпрэсіі: адныя адразу былі асуджаныя на нязначныя тэрміны турэмнага зняволення, на іншых рыхтаваліся матэрыялы да суда. Для ўрэгулявання канфлікту на перамовы на возера Нарач прыбыў павятовы стараста з Паставаў, а таксама ваявода з Вільні. На прапанову пайсці на працу да арандатара, які будзе іх забяспечваць усімі прыладамі для лоўлі рыбы, рыбакі пачалі ў адказ патрабаваць узамен возера надзелы прыдатнай зямлі.

Пра выступленні рыбакоў стала вядома ЦК КПЗБ, які прыняў рашэнне абараніць інтарэсы рыбакоў, а першапачатковаму стыхійнаму выступленню надаць арганізаваны характар. Вынікам садзеяння рыбакам стала арганізацыя ў другой палове чэрвеня забастовачнага камітэта, які ў жніўні 1935 года сабраў шматлюдны сход рыбакоў, дзе таксама прысутнічалі сяляне з далёкіх вёсак. Рыбакі прынялі рашэнне прагнаць арандатара з возера Нарач, не дапускаць штрэйкбрэхераў на працу да арандатара, арганізавана лавіць рыбу ў возеры, а таксама патрабаваць вызвалення рыбакоў, арыштаваных за ўдзел у стачцы.

Раніцай на наступны дзень сяляне пачалі з'яжджацца да рыбалавецкай базы арандатара Яблонскага, якая знаходзілася паміж вёскамі Мікольцы і Пасынкі. Арандатару прад'явілі патрабаванне з'ехаць з возера, і пад ціскам вялікай колькасці сялян ён быў вымушаны гэта зрабіць. Частка рыбы, злоўленая ў возеры ў гэты дзень, была прададзеная ў Вільні на рынку, а частка была канфіскавана ўладамі як скрадзеная.

У адказ на выступленні рыбакоў паліцыя правяла новыя арышты, аднак рыбакі працягнулі пратэстныя выступы супраць арыштаў іх калег і працягвалі самастойна выяжджаць на возера лавіць рыбу.

Агулам у выступленні нарачанскіх рыбакоў былі ўцягнуты больш за 5 тысяч сялян. Па прыкладзе нарачанскіх рыбакоў праводзілі стачкі рыбакі ўсіх бліжэйшых азёраў, а таксама групы Браслаўскіх азёр.

У выніку выступленняў сялян арандатар возера Нарач быў вымушаны пайсці на саступкі, якія, аднак, не задавальнялі мясцовых рыбакоў, і ў наступныя гады яны працягвалі арганізавана выступаць за свабодную лоўлю рыбы без арэнднай платы. Супрацьстаянне рыбакоў працягвалася да 1939 года.

У культуры У 1937 годзе Максім Танк пра барацьбу нарачанскіх рыбакоў напісаў паэму «Нарач». Праз цэнзуру цалкам твор надрукаваць было не магчыма. Таму аўтару даводзілася, выкрэсліваючы найбольш вострыя моманты, друкаваць яго часткамі ў «Калосьсі». І тым не менш некаторыя нумары часопіса з фрагментамі паэмы былі канфіскаваны польскімі ўладамі. Толькі ў 1940 годзе, магчыма падчас працы ў Вілейцы, паэту ўдалося цалкам узнавіць тэкст паэмы.

Мастак Віталь Цвірка прысвяціў нарачанскім падзеям сваю карціну «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957 г.). Мастак Кастусь Харашэвіч на тэму выступленняў стварыў палатно «Паўстанне нарачанскіх рыбакоў»Сяргей Харэўскі. Кастусь Харашэвіч. Пасля навальніцы // Наша Ніва, № 17, 1997 г..

Літаратура

Катэгорыя:Акцыі пратэсту ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Мядзельскага раёна Катэгорыя:1935 год у Заходняй Беларусі Катэгорыя:Камуністычная партыя Заходняй Беларусі Катэгорыя:Забастоўкі ў Беларусі