Эканоміка Беларусі — гаспадарчая сістэма краіны.

Агульная характарыстыка Рэспубліка Беларусь — экспартна арыентаваная дзяржава з развітой прамысловасцю, сектарам паслуг і сельскай гаспадаркай. Беларусь прытрымліваецца мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.

За 2010—2022 гады ВУП краіны павялічыўся ў супастаўных цэнах на 15,6 % пры росце прадукцыйнасці працы за названы перыяд на 28,1 %.

Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас з 15,4 тыс. міжнародных долараў у 2010 годзе да 22,5 тыс. міжнародных долараў у 2022 годзе (папярэднія даныя).

Асноўныя галіны эканомікі Прамысловасць

Прамысловая вытворчасць фарміруе больш як чвэрць валавога ўнутранага прадукту Беларусі (у 2023 годзе — 27,5 %).

Найбольш развітыя галіны прамысловасці краіны — вытворчасць прадуктаў харчавання і напояў, тытунёвых вырабаў, машынабудаванне і металаапрацоўка, лёгкая прамысловасць, дрэваапрацоўка, нафтахімічная і фармацэўтычная галіны.

Энергетыка

Беларусь выступае надзейным партнёрам у галіне транзіту энергетычных рэсурсаў, актыўна ўдзельнічае ў справе зніжэння выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу, імкнецца рацыянальна выкарыстоўваць паліўна-энергетычныя рэсурсы.

У Беларусі пабудавана першая атамная электрастанцыя сумарнай магутнасцю двух энергаблокаў 2400 МВт.

Створаная ў Беларусі газатранспартная сістэма працягласцю каля 67 тыс. км дае магчымасць забяспечыць падачу прыроднага газу ў запатрабаваных аб’ёмах спажыўцам. Па ўзроўні газазабеспячэння краіна займае лідзіруючыя пазіцыі ў СНД.

У Беларусі атрыманыя прамысловыя запасы торфу ацэньваюцца ў 302,1 млн т. У агульным паліўна-энергетычным балансе доля торфу складае амаль 2 %, што дае магчымасць штогод замяшчаць каля 450 млн кубічных метраў імпартуемага прыроднага газу. Па выніках 2022 года Беларусь заняла першае месца ў свеце па аб’ёмах здабычы торфу і першае месца па аб’ёмах вытворчасці тарфяных брыкетаў.

Сельская і лясная гаспадарка

Сельская гаспадарка — важная галіна эканомікі Рэспублікі Беларусь, якая забяспечвае харчовую бяспеку і экспартны патэнцыял.

У 2023 годзе ўклад сельскагаспадарчай вытворчасці ў аб’ём ВУП краіны склаў 6,5 %, у галіне працавалі больш за 251 тыс. чалавек.

На 1 студзеня 2024 года ў галіне налічвалася амаль 1,5 тыс. сельскагаспадарчых арганізацый і 3,4 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва ў Беларусі адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД. Беларускі харчовы сектар не толькі поўнасцю забяспечвае ўнутраныя патрэбнасці насельніцтва ў прадуктах харчавання, але і з’яўляецца адной з асноўных крыніц атрымання валютнай выручкі.

Актыўна вядзецца работа па дыверсіфікацыі экспарту, што дало магчымасць экспартаваць прадукцыю ў 103 краіны свету, у тым ліку ўсе краіны СНД, краіны ЕС, Азіі, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу, Афрыкі. У 2023 годзе асвоены новыя знешнія рынкі — Бахрэйн, Самалі, Мексіка, Сенегал.

Яшчэ адзін знакавы паказчык — Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых вытворцаў ільновалакна. У 2023 годзе яго выраблена 37,2 тыс. т.

Па шэрагу ключавых паказчыкаў (лясістасць тэрыторыі, плошча лясоў і запас растучай драўніны ў пераліку на аднаго жыхара) краіна ўваходзіць у дзясятку вядучых еўрапейскіх дзяржаў. На кожнага жыхара Беларусі прыпадае амаль 1 га лясных насаджэнняў. Агульная плошча зямель ляснога фонду перасягае 9,7 млн га.

Лес сёння дае работу больш як 103 тысячам чалавек. Большасць — жыхары сельскай мясцовасці. У 2023 годзе 36,3 тыс. чалавек працавалі ў сістэме Мінлясгаса.

Лесагаспадарчымі ўстановамі Мінлясгаса ў 2023 годзе было нарыхтавана каля 21 млн куб.м драўніны, амаль палова — механізаваным спосабам. Уся нарыхтаваная драўніна рэалізуецца дрэваапрацоўчым прадпрыемствам краіны.

Будаўніцтва

Будаўнічы комплекс Рэспублікі Беларусь уключае звыш 10 тыс. арганізацый рознай формы ўласнасці, што ажыццяўляюць архітэктурную, горадабудаўнічую і будаўнічую дзейнасць.

Сфера паслуг Сфера паслуг фарміруе амаль палову ўнутранага валавога прадукту Беларусі 47,8 % (ацэнка 2023 года).

Транспарт і лагістыка

За 2023 год доля транспартнай галіны ў валавым унутраным прадукце Рэспублікі Беларусь склала 4,7 %. Транспартныя паслугі фарміруюць больш за 40 % агульнага аб’ёму экспарту паслуг краіны.

У сферы транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2024 года функцыянуе больш як 11,2 тыс. арганізацый розных форм уласнасці і звыш 36 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.

У 2023 годзе ўсімі відамі пасажырскага транспарту (уключаючы таксаматорны) перавезена больш за 1570,2 млн чалавек.

Адпачынак і турызм

Колькасць занятых у сферы турызму ў 2022 годзе склала 189,8 тыс. чалавек або 4,5 % ад занятых па эканоміцы. Усё большую папулярнасць у рэспубліцы набывае ўнутраны турызм — у 2023 годзе 1,8 млн грамадзян Рэспублікі Беларусь арганізавана накіраваліся ў туры ў межах краіны.

Рознічны гандаль У Беларусі налічваецца больш за 66 тыс. гандлёвых аб’ектаў.

Інфармацыйныя паслугі і сувязь

Доля IT у ВУП краіны паменшылася. Напрыклад, калі ў 2021 годзе яна была 7,4 %, то ў 2022 — 6,6 %, а ў 2023 — 5,5 %. Колькасць занятых у гэтай сферы таксама пакуль зніжалася: у 2021 годзе было больш за 125 тысяч чалавек, у 2022 — 119,8 тысячы, у 2023 — 105,3 тысячыЕАБР: IT-сектор Беларуси продолжает восстанавливаться.

Гл. таксама Эканоміка БССР Беларускі рубель Дарогі Беларусі Знешні гандаль Беларусі Банкаўская сістэма Беларусі

Крыніцы

Літаратура Манак, Б. А. Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення / Б. А. Манак. — Мінск : Універсітэцкае, 1992. — 176 с. Нацыянальны атлас Беларусі / Складз. і падрыхт. да друку Рэсп. унітарн. прадпрыемствам «Белкартаграфія» у 2000—2002 гг., Гал. рэдкал. М. У. Мясніковіч (старшыня) і інш. — Мінск : Белкартаграфія, 2002. — 292 с.

Спасылкі Статыстыка Інфармацыя аб эканоміцы Беларусі на сайце навукова-даследчага цэнтра Мізэса