Беларускі народны тэатр або БНТ — беларуская тэатральная трупа 1926-1930-х гадоў на Віленшчыне.
Стварэнне Першы калектыў заснаваны ў Вільні 7 мая 1926 года пад назвай Беларускі народны тэатр (БНТ). Кіраўніком быў Пятро Булгак. Як адзначае Эдуард Мазько, дзейнасць калектыву была мінімальнай, ён здолеў паставіць толькі некалькі спектакляў у Вільні і адзін — у Новай ВілейцыАддзел рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі НАН Рэспублікі Беларусь (далей: АРКіР ЦБ НАН РБ), ф. 5, воп. 1, адз. зах. 18, арк. 3.. Трупа складалася з Пётры Булгака, які выступаў і як артыст, Язэпа Жукоўскага, Васіля Івашкі, Аляксандра Лобана, Міхала Маскаліка, Лявона Шадыра, Антона Чайкова, артыстак — Зоі Грыц, Эмы Залкінд, Станіславы Туркевіч, Н. Шумскай, Ф. Чэчат, З. Міхалевіч.
Дзейнасць пры БГІіК Паводле Мазько, на пачатку чэрвеня 1927 года трупа ператворана ў Вандроўны беларускі народны тэатр пры Віленскім аддзеле БІГіК. Аднак, у друкаваным органе БІГіК газеце «Сялянская ніва» калектыў нязменна называюць Беларускім народным тэатрам, хаця па сутнасці дзейнасці ён і праўда быў вандроўнымТэатр і яго значэньне // Сялянская Ніва. 23 ліпеня 1927. № 57 (108). — С. 2.Беларускі Народны Тэатр у Гарадзеі // Сялянская Ніва. 1927. № 62 (113). — С. 5.Ст. Сьв. Валасы Сірэны (З прычыны першага выступленьня Беларускага Народнага Тэатру ў Вільні) // Сялянская Ніва. 1927. № 79 (130). — С. 3.. Тым самым часам змянілася і кіраўніцтва калектыва, трупу ўзначаліў актыўны дзеяч БХД Павел Каруза. Аднак, ужо 30 чэрвеня 1927 года Каруза падаў у Цэнтральны урад БІГіК заяву пра ўласнае адхіленне ад кіраўніцтва з прычыны вялікай партыйнай нагрузкай. З гэтага часу трупу ўзначаліў Аляксандр Яцына, але афіцыйна яго прызначылі дырэктарам толькі ў верасні 1927 года. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам БНТ быў Васіль Івашка.
Трупа БНТ была невялікай — толькі 12 акцёраў — Аляксандр Яцына, Васіль Івашка, Ян Васілеўскі, Аляксандр Лобан, Антон Чайкоў, Лявон Шадыра, Язэп Жукоўскі, Міхал Маскалік, Эма Залкінд, Зоя Грыц, Зінаіда Зімовец і Станіслава Туркевіч.
Асноўным відам дзейнасці БНТ мусілі быць гастрольныя туры па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі. Паездкі мелі мэтай праз паказ спектакляў для сялян стаць штуршком да стварэння ў вёсках самадзейных труп, якія, за прыкладам віленскага тэатра, распачалі б пастаянную дзейнасць у сваіх мясцовасцях.
У чэрвені-ліпені 1927 года здзейснена 36 прадстаўленняў на Віленшчыне, Наваградчыне, Гродзеншчыне і Палессі. Першы гастрольны тур БНТ адбыўся ў чэрвені-верасні 1927 года, ахапіў Ашмянскі, Валожынскі, Баранавіцкі і Стаўпецкі паветы. Спектаклі былі паказаны ў Смаргоні, Жодзішках, Іўі, Моўчадзі, Баранавічах, Ляхавічах, Мядзведзічах, Сіняўцы, Гайніне, Рубяжэвічах і Івянцы. Агулам за гэты час здзейснена 21 пастаноўка. Гастролі завяршыліся 6 верасня 1927 года, калі трупа вярнулася ў Вільню. Тур меў поспех, палонафільская «Беларуская культура» так пісала ў невялікай рэцэнзіі: «Вёска аднеслася вельмі прыхільна да пачынаньняў Беларускага Народнага Тэатру і спэктаклі праходзілі ўсюды вельмі ўдачна». Першы выступ у Вільні — 23 кастрычніка 1927 года, у зале гандлёва-прамысловага клубу («Паўлінка» Янкі Купалы і «Заручыны Паўлінкі» Францішка Аляхновіча).
Пасля непрацяглага адпачынку БНТ у лістападзе 1927 года распачаў другі гастрольны тур. Гэтым разам наведалі Свянцянскі, Пастаўскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі паветы. Спектаклі паказаны ў Свянцянах, Свіры, Лынтупах, Гадуцішках, Паставах, Дунілавічах, Глыбокім, Будславе, Даўгінаве, Курынцы і Докшыцах. За час гастроляў здзейснена 28 пастановак. Тур завяршыўся ў Вільні, дзе 28 снежня 1927 года адбыўся паказ «Паўлінкі» Янкі Купалы.
Для нармальнага функцыянавання і паспяховага правядзення гастрольнай дзейнасці тэатр патрабаваў моцнай фінансавай падтрымкі. БІГіК, як уладальнік Беларускага народнага тэатра, не мог самастойна забяспечыць усе яго выдаткі. Так, згодна фінансавай справаздачы за месяц гастроляў у 1927 годзе, крыніцы яго даходаў выглядалі наступным чынам: сродкі атрыманыя ад БІГіК — 780 злотых, даходы ад продажу білетаў — 879,65 зл., унёсак дырэктара — 100 зл., пазыка — 58,50 зл., агулам — 1 818,15 злотых. Такім чынам, фінансавая падтрымка БІГік складала толькі крыху болей за 1/3 сумы. Усе даходы ішлі на пакрыццё выдаткаў. Пасля аплаты праезду, арэнды памяшканняў, коштаў дэкарацый і касцюмаў, працы актораў, падаткаў, сродкаў не заставалася. Грошай ледзь хапала на самае неабходнае. Тэатр фактычна працаваў на самаакупаемасці, не даючы дадатковых прыбыткаў. Спробы атрымаць дзяржаўную канцэсію і хоць крыху паправіць фінансавае становішча не мелі поспеху.
Поспех гастроляў БНТ выклікаў занепакоенасць у польскіх адміністрацыйных уладаў, якія зрабілі адпаведныя захады, каб перашкодзіць дзейнасці БНТ. У студзені 1928 года тэатр не атрымаў дазволу на правядзенне чарговых гастролей па правінцыі, а неўзабаве яго дзейнасць наогул забаранілі.
Паводле Мазько, нягледзячы на непрацяглы час існавання, БНТ аказаў вялікі ўплыў на актывізацыю культурнага жыцця правінцыі. Ужо пасля першых гастроляў БНТ, узніклі самадзейныя тэатральныя трупы ў вёсках Жодзішкі і Шутавічы, у мястэчку Ляхавічы. Асаблівай актыўнасцю вылучаўся Шутавіцкі гурток БІГіК, у 1927 годзе ім здзейснена 5 пастановак у Шутавічах і Смаргоні, на якіх паказана 6 сцэнічных твораў. У пачатку 1928 года гурток паставіў у сваёй вёсцы два спектаклі.
Пасля забароны
Драматычная секцыя БІГіК Замест БНТ у Вільні створана драматычная секцыя Віленскага гуртка БІГіК, куды ўвайшлі акторы былой трупы. Сярод новых удзельнікаў былі Мар’ян Пецюкевіч, Яна Тарасэвіч і Язэп Найдзюк. Узначалілі секцыю Аляксандр Лобан і Антон Чайкаў. Драматычная секцыя дзейнічала толькі ў Вільні. Сярод найбольш удалых яе пастановак Мазько адзначае спектакль па п’есе «Залёты» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які паказалі пры ўдзеле Беларускага студэнцкага саюза (БСС) 24 і 25 лістапада 1928 года.
Тэатральная аб’язная трупа Імкнучыся кампенсаваць забарону БНТ, Цэнтральны урад БІГіК ініцыяваў заснаванне на базе гурткоў Інстытута вёсак Шутавічы, Свірыдавічы і Галляшынкі Ашмянскага павета агульнага драматычнага калектыву, ён быў створаны ў 1929 годзе і назваўся Тэатральная аб’язная трупа (ТАТ). Узначаліў яе Войцех Шутовіч. У склад ТАТ увайшло 17 самадзейных актораў: Антось Жабінскі, Зоя, Юлія і Марыя Янчуковічы, Віктар Янчуковіч, Аляксандр і Ганна Шчасныя, Юльян Куніцкі, Міхась Федаровіч, Міхась Асіноўскі, Пётр і Сымон Сасноўскія, Базыль і Уладзімір Караваі.
Стварэнне ТАТ значна актывізавала справу пастаноўкі беларускіх спектакляў у Ашмянскім павеце. Аднак дзейнасць трупы сутыкнулася з перашкодамі з боку мясцовых старостваў і павятовай паліцыі. На ўдзельнікаў трупы аказваўся псіхалагічны ціск. Сярод найбольш распаўсюджаных яго метадаў былі арышты. Так, 30 снежня 1929 года паліцыя арыштавала Пятра і Сымона Сасноўскіх, Базыля і Уладзіміра Караваяў, Аляксандра Шчаснага і Віктара Янчуковіча. Ва ўсіх арыштаваных актораў, а таксама і сяброў гурткоў БІГіК з вёсак Шутавічы і Свірыдавічы правялі вобыскі. Амаль праз год, 20 верасня 1930 года ў Вільні арыштаваны і кіраўнік трупы Войцех Шутовіч. Акторы абвінавачваліся ў супрацоўніцтве з пасольскім клубам «Змаганне», у камуністычнай дзейнасці. Аднак іх незаангажаванасць у гэтым руху была даказана і актораў вызвалілі.
Паводле Мазько, мясцовая паліцыя пільна сачыла за ўсімі беларускімі актывістамі і была добра інфармавана, што ўдзельнікі ТАТ не прыхільнікі пракамуністычных партый і арганізацый. На думку даследчыка, арышты мусілі надаць працы ў трупе імідж небяспечнай дзейнасці і такім чынам паўплываць на актыўнасць аб’язной трупы. Аднак гэтага не адбылося, неўзабаве па вызваленні з-пад арышту, беларускія акторы наладзілі 8 студзеня 1930 года ў Свірыдавічах, а 9 студзеня — у Жалігове драматычныя прадстаўленні. Трупа паказала п’есы «Лекары і лекі», «Мікітаў лапаць», дэкламавала вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аўгена Бартуля. Даходы, якія агулам склалі 110 злотых, акторы ахвяравалі на карысць бібліятэкі-чытальні ў Свірыдавічах.
Выдадзеныя п’есы Чорт і Баба. Жарт у 1 акце (паводле народнай казкі) // Беларускі народны тэатр: Сцэнічныя творы. Кн. 1. — Вільня: выд. т-ва «Пагоня», 1927. — 13 с.
Крыніцы
Катэгорыя:Беларускія тэатры Катэгорыя:Арганізацыі Заходняй Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў Вільні Катэгорыя:Тэатры Вільні Катэгорыя:З’явіліся ў 1926 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1927 годзе Катэгорыя:1926 год у Вільні