Праваслаўная царква на Беларусі — аб’яднанне праваслаўных епархій на тэрыторыі Беларусі.
Першыя стагоддзі пасля хрышчэння Беларусі
Хрысціянства ў яго ўсходняй форме (з 1054 года — праваслаўе) уведзена на беларускіх землях у канцы X ст. як дзяржаўная рэлігія. Большасць даследчыкаў хіляцца да думкі, што заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі — першай на тэрыторыі Беларусі — адбылося ў 992, што традыцыйна лічыцца пачаткам тут гісторыі Праваслаўнай царквы. У перыяд Кіеўскай Русі вызначыліся асноўныя сферы дзейнасці Праваслаўнай царквы, узнікала буйное царкоўнае землеўладанне, сфарміравалася епархіяльная структура, з’явіліся манастыры. Полацкая, Тураўская праваслаўная епархіі і інш., у склад якіх у розныя гады ўваходзілі беларускія землі, былі падпарадкаваны Кіеўскай мітраполіі, якая ў царкоўна-кананічных адносінах падначальвалася Канстанцінопальскаму патрыярхату.
Цэнтрамі хрысціянізацыі былі гарады (напрыклад, аналіз курганнага могільніка Заслаўя сведчыць, што прыхільнікаў язычніцтва ў 1020-я г. было не больш за 9—13 %, у сярэдзіне 11 ст. — 2—2,5 %). У сельскай мясцовасці хрысціянізацыя адбывалася больш павольна і завершана ў канцы XII — пачатку XIII ст. (некаторыя даследчыкі адносяць канец гэтага працэсу да другой паловы XIII ст. і нават да XIV ст).
Праваслаўная царква ў ВКЛ да Берасцейскай уніі
Дакладна ведама, што праваслаўнымі па веравызнанні былі вялікія князі літоўскія Войшалк (1264—1267) і Шварн Данілавіч (1267—1270). Дакладна ведама, што праваслаўнымі былі многія сыны, сваякі і набліжаныя вялікіх князёў літоўскіх — напрыклад, сын і браты вялікага князя Трайдзеня, сыны вялікага князя Віценя. Паводле звестак Літоўскае метрыкі, праваслаўнай была сястра вялікага князя Гедзіміна, у яе быў уласны манастыр у ВільніД. Баронас. Древнейшие следы пребывания русских в Вильнюсе. // Балты в древности и средневековье: языки, история, культура / Отв. ред. М. В. Завьялова. — М., 2000. Праваслаўная культура і асвета гралі выбітную ролю ў Вялікім Княстве Літоўскім, будучы неад’емнай часткай жыцця вяльможаў і культурных колаў. Яшчэ ў XVII стагоддзі гісторыкі адзначалі, што ў Літве нават каталіцкія (!) святары трымаюць стары звычай насіць бароды і мехавыя чапкі, накшталт рускіх баяраўКозловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди.- Вестн. Зап. России, 1869, т. IV, кн. 10, отд. II, с. 1-16; кн. 11, с. 45-63; кн. 12, с. 85-111..
У 1303 г. ў Галіцка-Валынскім княстве створана Галіцкая мітраполія (існавала з перапынкам да канца XIV ст), адной з 7 епархій якога была Турава-Пінская. Некаторыя даследчыкі лічаць, што галіцкі мітрапаліт ад 1303 г. меў тытул мітрапаліта Галіцка-Літоўскага.
Літоўская мітраполія
Самастойная Літоўская мітраполія Вялікага Княства Літоўскага паўстала ў пачатку XIV стагоддзя, не пазней 1316 года; па дадзеных Г.ГэльцэраGelzer H., Beitrage zur russischen Kirchengeschichte aus griechischen Quellen // Zeitschrift fur Kirchengeschichte, XIII, 1892; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241., які грунтаваўся на галоўнай крыніцы па гэтым пытанні — роспісе кафедраў імператара Андроніка — у 1300 г.. Сядзіба мітрапаліта была ў Наваградку. Пазней яна перамясцілася ў Вільню, у збор Прачыстае, пастаўлены вялікім князем Альгердам у 1347 годзе. Літоўскаму мітрапаліту ў 1317 г. падпарадкоўваліся біскупствы Наваградскае, Полацкае і Тураўскае. Мітрапаліт пісаўся ў сваіх лістох «мітрапаліт Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων)Памятники древнерусского канонического права / РИБ, т. 6, СПб., 1880. стб. 92-94; Павлов А. С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV в. // Русское обозрение. 1894. кн. 5 (май). с. 236—241.. Як старажытная сталіца рускай мітраполіі Кіеў знаходзіўся ад 1322 года пад уладаю вялікага князя літоўскага, то мітрапаліт Літоўскі почасту пісаўся таксама і мітрапалітам «Кіеўскім і ўсяе Русі». Маскоўскія мітрапаліты почасту аспрэчвалі гэтай найменне ў Літоўскіх мітрапалітаў. Гэтыя спрэчкі скончыліся тым, што ад 1415 і да 1596 года ў Вільні існавала мітраполія пад назвай «Літоўская, Кіеўская і ўсяе Русі», а ў Маскве паралельна — мітраполія «Маскоўская, Кіеўская і ўсяе Русі». Канцом мітраполіі Літоўскае і ўсяе Русі лічыцца адпадзенне яе ва унію ў 1596 годзе.
Да сярэдзіны XV ст. Канстанцінопальскі патрыярхат, які не жадаў канчатковага падзелу Праваслаўнай царквы Русі на царкву Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і царкву Вялікага княства Маскоўскага, прызначаў мітрапалітаў у Наваградак нерэгулярна, нягледзячы на просьбы вялікіх князёў ВКЛ. Пасля смерці першага літоўска-наваградскага мітрапаліта Феафіла (1330) новы мітрапаліт не быў пастаўлены, епархіі ў ВКЛ адыйшлі пад уладу мітрапаліта кіеўскага ў Маскве (паводле некаторых даследчыкаў, ад 1337 да 1347 года літоўскія біскупствы падпарадкоўваліся Галіцкаму мітрапаліту). У 1355 у Наваградак прызначаны мітрапаліт Раман, якому падпарадкоўваліся 7 епархій на тэрыторыі ВКЛ і Галіцыі: Турава-Пінская, Полацкая, Галіцкая, Уладзіміра-Валынская, Луцкая, Холмская, Перамышльская. Пазней яму прыслухала Бранскае біскупства, а таксама часова — Цверскае.
Пасля смерці Рамана (1362) патрыярх канстанцінопальскі аднавіў адзінства мітраполіі ўсяе Русі. Вялікі князь Альгерд, аднак, жадаў каб Літоўскаму мітрапаліту падпарадкоўвалася ўся Русь, і каб Літоўскі мітрапаліт быў мітрапалітам усяе Русі (як гэта часова было, напрыклад, за Тэадарыта і Рамана). Таму Альгерд у 1375 годзе дапнуў, каб новы мітрапаліт Літоўскі Кіпрыян быў пастаўлены на сваю пасаду з умовай, што яму спадзе пасада мітрапаліта ўсяе Русі па смерці састарэлага тады Маскоўскага мітрапаліта Алексія. Так і здарылася: па смерці Алексія, Кіпрыян быў у лютым 1378 года пасвечаны канстанцінопальскім патрыярхам і зборам на пасаду мітрапаліта Літоўскага, Кіеўскага і ўсяе Русі. Але яго прыезд у Маскву ў чэрвені 1378 года ледзьве не скончыўся трагічна: ён разам з спадарожнікамі быў выгнаны маскоўскім князем Дзмітрыем з горада, у адказ на што Кіпрыян адлучыў Дзмітрыя ад царквы . Гэта пачало цяжкі закалот між Масковіяй і Літвой, знітаваны з барацьбою за ўладу ва ўсіх сферах. У 1381 годзе, у выніку невядомае інтрыгі, Кіпрыян быў пастаўлены ў Канстанцінопалі на пасаду мітрапаліта Маскоўскага і ўсяе Русі, і прыбыў у Маскву, дзе быў з пашанай сустрэты асабіста вялікім князем Дзмітрыем. Кіпрыян працягваў трымаць шчыльныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім: гэтак, з ім неаднакротна сустракаўся кароль Валадыслаў-Ягайла.
У 1414 г. па ініцыятыве вялікага князя Вітаўта Наваградскі збор абвясціў незалежнасць Праваслаўнай царквы ВКЛ ад мітраполіі ў Маскве. Абвяшчалася аднаўленне самастойнае, незалежнае ад Масквы Кіеўскай мітраполіі, але сядзібай мітрапаліта фактычна быў Наваградак ці (часцей) Вільня, «Кіеўскім» ён называўся адно па тытуле. Сядзібай мітрапаліта Літоўскага і Кіеўскага ў Вільні быў збор Прачыстае, збудаваны па загаду вялікага князя літоўскага Альгерда ў 1347 годзе. Ад 1415 і да 1596 года Літоўскі мітрапаліт афіцыйна называўся мітрапалітам Літоўскім, Кіеўскім і ўсяе Русі (паралельна Маскоўскія мітрапаліты называліся мітрапалітамі Маскоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі).
Аднак у 1420 г. пасля літоўска-наваградскага мітрапаліта Рыгора Цамблака кіраўніком Праваслаўнай царквы ў ВКЛ быў прызнаны кіеўскі мітрапаліт (у Маскве) Фоцій. У 1458 г. Праваслаўная царква ў ВКЛ і Вялікім княстве Маскоўскім канчаткова падзялілася на 2 незалежныя адна ад адной мітраполіі: Кіеўскую з цэнтрам у Наваградку (у 1472 г. мітрапаліт Рыгор Балгарын атрымаў кананічнае прызнанне Канстанцінопальскага патрыярха) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). Ад таго часу да сярэдзіны XVI ст. з 12 мітрапалітаў Праваслаўнай царквы ў ВКЛ (мелі тытул мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі) 9 мелі родавыя маёнткі на Беларусі або займалі вышэйшыя месцы ў беларускай царкоўнай іерархіі.
У сярэдзіне XVI ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Наваградку, потым у Вільні) уваходзіла 9 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзіміра-Валынская. Тады ж у Вільні было 17 цэркваў, у Наваградку — 10, у Берасці і Полацку — па 9, у Віцебску — 7, у Гародні і Слоніме — па 6, у Магілеве, Клецку і Слуцку — па 5.
У XV—XVI ст., калі вялікія князі ВКЛ сталі актыўна спрыяць каталіцкай канфесіі, Праваслаўная царква і праваслаўная свецкая знаць павялі барацьбу за свае правы. 15.10.1432 яны дамагліся ад Ягайлы выдання прывілея, які ўраўноўваў праваслаўных феадалаў у правах з католікамі і такім чынам аслабляў дыскрымінацыйны Гарадзельскі прывілей 1413 года. Прывілеем 1434 г. вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча «руская» знаць дамаглася саслоўнай роўнасці з католікамі, але па-ранейшаму абмяжоўвалася ў кіраванні дзяржавай. У 1563 г. Жыгімонт II Аўгуст адмяніў Гарадзельскі прывілей і ў 1568 г. пацвердзіў гэта. Асноўныя палажэнні аб верацярпімасці да праваслаўных зафіксаваны ў «Акце Варшаўскай Канфедэрацыі» 1573, а потым перанесены ў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. У 1592 прынята каралеўская грамата аб тым, каб свецкія ўлады не ўмешваліся ў справы Праваслаўнай царквы. Асобнымі каралеўскімі граматамі ў 1592 г. зацверджаныя праваслаўныя брацтвы ў Мінску і Берасці.
На працягу стагоддзяў Праваслаўная царква адыгрывала значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі: развіцці школьніцтва, пашырэнні кніжнай навукі і пісьменства, вядзенні судаводства (справы, звязаныя з парушэннем царкоўных канонаў; духавенства часта выступала дарадцамі князёў). Але духоўнае жыццё часам было занядбаным. Царкоўныя зборы не склікаліся па некалькі дзесяткаў год, не зважаючы на кананічнае патрабаванне штогадовых збораў. Іерархі і святары набывалі сабе пасады, жылі мірскім жыццём, як звычайная шляхта, парушалі праваслаўныя каноны. У выніку аўтарытэт духавенства зніжаўся.
Праваслаўная царква ў ВКЛ пасля Берасцейскай уніі
У выніку Берасцейскай уніі 1596 Праваслаўная царква апынулася ў цяжкім становішчы: большасць епіскапаў на чале з мітрапалітам Міхаілам Рагозам перайшла ва ўніяцтва. Праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічнае цэлае перастала існаваць. Пачалося змаганне з уніятамі за храмы і манастыры. Спачатку праваслаўныя аб’ядноўваліся для сумеснай барацьбы разам з пратэстантамі, потым звярталіся за дапамогай да Масквы і ўсходніх патрыярхаў, падавалі скаргі ў сойм і Трыбунал ВКЛ. У 1620 Украіну наведаў Іерусалімскі патрыярх Феафан, які прызначыў кіеўскім мітрапалітам (у Кіеве) Іова Барэцкага і епіскапаў на епархіі, але кароль Жыгімонт III не дапусціў іх да кафедраў. Пасля ліквідацыі Віцебскага паўстання 1623, выкліканага дзеяннямі ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча, становішча Праваслаўнай царквы пагоршылася, спроба правесці ў 1626 годзе прымірэнчы з’езд праваслаўных і ўніятаў не мела поспеху.