Іосіф Францавіч Блажэвіч ( — ) — расійскі афіцэр, герой грамадзянскай вайны, савецкі военачальнік, камдыў (20.11.1935), адзін з кіраўнікоў СПА.
Біяграфія Нарадзіўся ў верасні 1891 ў вёсцы Навасёлкі Наватрокскага павета Віленскай губерні ў сялянскай сям’і. Беларус. Скончыў рамеснае вучылішча, Віленскае ваеннае вучылішча (падпаручнікам 6 жніўня 1913). Затым служыў малодшым афіцэрам у 70-м Ражскім пяхотным палку. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Камандаваў ротай, батальёнам, кіраваў падрыхтоўчымі курсамі 5-й арміі Паўночнага фронту. У баях быў тройчы паранены. Узнагароджаны некалькімі баявымі ордэнамі і Георгіеўскай зброяй (УП ад 2.11.1916). У кастрычніку 1917 года быў накіраваны на вучобу ў Акадэмію Генеральнага штаба. У пачатку 1918 года абраны камандзірам батальёна 70-га пяхотнага палка 18-й пяхотнай дывізіі. Апошні чын у старой арміі — падпалкоўнік.
У Чырвонай Арміі з ліпеня 1918 года. Удзельнік Грамадзянскай вайны, у гады якой займаў пасады: памочнік камандзіра і камандзір 4-га палка 6-й Маскоўскай пяхотнай дывізіі (жнівень — кастрычнік 1918 г.), начальнік аператыўнага аддзела Правабярэжнай групы войскаў 5-й арміі (кастрычнік — лістапад 1918 г.), камандзір 1-га Волжскага стралковага палка (з лістапада 1918 г.), камандзір 1-й асобнай Сімбірскай брыгады і 3-й брыгады 27-й стралковай дывізіі (студзень — лістапад 1919 г.), часовы выканаўца абавязкаў начальніка 26-й стралковай дывізіі, начальнік 27-й (лістапад — снежань 1919 г.), 59-й (люты-ліпень 1920 г.) і 3-й Туркестанскай (ліпень — лістапад 1920 г.) стралковых дывізій.
Пасля Грамадзянскай вайны займаў буйныя пасады ў войсках і цэнтральным апараце наркамата абароны. Са снежня 1920 г. па студзень 1921 камандаваў войскамі 1-й арміі Туркестанскага фронту. У 1921—1922 гг. начальнік 1-й Туркестанскай стралковай дывізіі, камандуючы 1-й арміяй Туркестанскага фронту, слухач Вышэйшых акадэмічных курсаў пры Ваеннай акадэміі РСЧА. З верасня 1922 г. — камандзір 16-га стралковага корпуса.
У 1925 кандыдат у ЦВК БССР.
Са снежня 1926 інспектар па стралкова-тактычнай справе Вучэбна-страявога кіравання ГУ РСЧА. Затым быў прызначаны інспектарам Супрацьпаветранай абароны РСЧА. З мая 1930 г. — першы начальнік 6-га ўпраўлення Штабу РСЧА (ён жа інспектар СПА РСЧА). З восені 1931 г. — начальнік інспекцыі СПА 6-га ўпраўлення Штабу РСЧА. З лета 1932 г. — інспектар Упраўлення СПА РСЧА. З кастрычніка 1933 г. — намеснік начальніка Упраўлення СПА РСЧА. Кандыдат у члены ВКП(б) з 1930 г. Член ВЦВК. Камдыў (Загад наркама абароны СССР па асабоваму складу № 2395 ад 20 лістапада 1935 года).
Блажэвіч унёс вялікі ўклад у стварэнне ў цэнтральным апараце РСЧА Упраўлення, якое ведае пытаннямі супрацьпаветранай абароны.
У жніўні 1935 года ім быў прадстаўлены даклад наркаму абароны СССР аб непадрыхтаванасці мясцовай абароны шэрагу пунктаў і аб’ектаў краіны. У кастрычніку-лістападзе 1936 г. ён арганізуе праверкі стану супрацьпаветранай абароны гарадоў Ленінграда, Мінска, Кіева, Баку. У 1937 годзе ўдзельнічае ў выпрацоўцы мерапрыемстваў па ўмацаванні СПА краіны згодна з прынятай у ЦК ВКП(б) і СНК СССР праграмай на 1938—1941 гг., у фарміраванні першага корпуса СПА для абароны сталіцы, Ленінграда, Баку, дывізіі СПА для абароны Кіева.
За ліквідацыю белаказачых банд атамана Аненкава ў раёне Сергіёпаль, Копаль і за баі пры вызваленні Омска быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (як начдзіў 59-й стралковай дывізіі, Заг. РВСР № 260 ад 1920 г., і як камкор 16-га корпуса, Заг. РВСР № 177 ад 1924 г., другаснае ўзнагароджанне).
Арыштаваны 18 лютага 1938 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 16 сакавіка 1939 па абвінавачванні ў прыналежнасці да вайсковай змовы прысуджаны да расстрэлу. Прысуд прыведзены ў выкананне 8 мая 1939 г. Месца пахавання — Масква, Данскія могілкі. Вызначэннем ВКВС ад 29 жніўня 1956 рэабілітаваны.
Літаратура Г. Роговицкий, П. Селиванов. Полководцы и военачальники. Комдив И. Ф. Блажевич // Военно-исторический журнал, № 8 за 1967 г. Е. Н. Великанов, В. Л. Голотюк, А. Ю. Лашков, А. Е. Ужанов. (Под общ. ред. Н. Н. Швеца). Звезды противовоздушной обороны. М., 2004. «Расстрельные списки. Москва, 1935—1953. Донское кладбище (Донской крематорий)». Книга памяти жертв политических репрессий. М., 2005.
Спасылкі
Зарождение и развитие противовоздушной обороны страны Биография в Мартирологе РККА Биография на Hronos Репрессии в Красной армии. Комдив Сборник лиц, награжденных орденом Красного Знамени (РСФСР)
Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Царскія афіцэры на службе ў РСЧА Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Рэпрэсаваныя военачальнікі Катэгорыя:Расстраляныя Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя)