Казімір Андрэй Ягайлавіч (Ягелончык, Ягелон) (, — , ) — вялікі князь літоўскі (1440—1492), кароль польскі (1447—1492).
Біяграфія
Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.
Абраны вялікім князем незалежніцкай партыяй на чале з Янам Гаштольдам пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча (1440). Пры абранні абяцаў вярнуць ВКЛ Валынь і Падолле захопленыя Польшчай, што пазней і выканаў. У 1444 г. вярнуў ад Польшчы ў склад ВКЛ Дарагічынскую зямлю. Пасля смерці свайго старэйшага брата Уладзіслава, караля польскага, быў запрошаны на польскі сталец. Але Казімір доўгі час не пагаджаўся, яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават персанальнай уніі з Польшчай, але пасля пад уплывам маці даў згоду. У чэрвені 1447 г. абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453 г. У 1454 г. Казімір ажаніўся з Альжбэтай, дачкой памерлага германскага караля Альбрэхта II. У Казіміра і Альжбэты было трынаццаць дзяцей.
Унутраная палітыка thumb|злева|Казімір Ягелончык, малюнак Я. Матэйкі Намагаўся ўмацаваць велікакняжацкую ўладу, аднак гэтага не атрымалася, вымушаны быў пашырыць правы феадалаў і шляхты. У 1441 г. задушыў выступленне смаленскіх гараджан, а ў 1490—1492 гг. — выступленні сялян на поўдні ВКЛ і Польшчы. У 1447 г. выдаў гэтак званы Казіміраў прывілей, якім пашырыў правы феадалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы. Пры Казіміры вырасла роля паноў-рады і ўзмацніўся яе ўплыў на дзейнасць вялікага князя.
У 1457 годзе выдаў прывілей, паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выязджаць за мяжу, акрамя варожых краін, у тым ліку для набыцця адукацыі. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. У 1468 г. выдаў Судзебнік, першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ. У 1471 г. ліквідаваў удзельныя княствы. Прадстаўнікі незалежніцкай партыі, незадаволеныя збліжэннем з Польшчай, у 1480-х гадах арганізавалі змову супраць Казіміра, але яна была выкрыта. Выданнем Няшаўскага статута Казімір пачаў час палітычнага панавання ў Польшчы шляхецкага стану.
Знешняя палітыка Пры Казіміры васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, было далучана Асвенцімскае княства. У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі (1454—1466) па Таруньскім дагаворы (1466) Польшча вярнула Памор’е, атрымала Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасць. Казіміру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды. Добра прыняў намер наўгародскіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Вялікі Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.
Нашчадкі Уладзіслаў Ягелончык (1456—1516), кароль чэшскі Ядвіга Ягелонка (1457—1502) Казімір (1458—1484) Ян I Ольбрахт (1459—1501), кароль польскі Аляксандр Ягелончык (1461—1506), вялікі князь літоўскі Сафія Ягелонка (1464—1512) Альжбэта (1465—1466) Жыгімонт Стары (1467—1548) Фрыдэрык Ягелончык (1468—1503), біскуп кракаўскі, кардынал Альжбэта II (1472—1480) Ганна Ягелонка (1476—1503) Барбара Ягелонка (1478—1534) Альжбэта III (1483—1517)
Гл. таксама Дагавор ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, 1449
Літаратура Беларуская энцыклапедыя. Т. 7. — Мн., 1998. Беларуская энцыклапедыя. Т. 18. — Мн., 2004. — С. 229. Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
Мысліцелі i асветнікі Беларусі: Х — ХІХ стагоддзі: энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 86. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. — Мн., 1997. Герасімчык В. Праклён Ягелона. «Рукі каралёў сягаюць далёка» // Наша гісторыя, № 5, 2018, с. 50-52. ISBN 2617—2305
Катэгорыя:Вялікія князі літоўскія Катэгорыя:Каралі польскія Катэгорыя:Ягелоны Катэгорыя:Асобы на марках