Акця́брскі — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Акцябрскага раёна, на р. Нератоўка. Знаходзіцца ў 190 км ад Гомеля. Прыпыначны пункт на чыгунцы Бабруйск — Рабкор. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Азарычамі, Парычамі, Капаткевічамі. Насельніцтва 6 596 чал. (2017).

Гісторыя Утвораны 31 жніўня 1954 года аб’яднаннем вёсак Карпілаўка, Рудабелка і Рудня з атрыманнем статуса райцэнтра. Вёска Рудабелка вядомая з сярэдзіны XV ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў заставу (арэнду) Радзівілам, Вішнявецкім і іншым. З 1685 года зрабілася прыватнай уласнасцю Радзівілаў. У канцы XVIII ст. належала памешчыку Дамініку Лапе, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка і ў першай палове XIX ст. правёў буйныя меліярацыйныя мерапрыемствы. У 1863 годзе аткрыта народнае вучылішча. У 1918—1920 гадах існавала «Рудабельская рэспубліка» (захаванне савецкай улады на тэрыторыі, акупаванай спачатку нямецкімі, а потым — польскімі войскамі). 28 чэрвеня 1939 года быў створаны Акцябрскі раён Палескай вобласці з цэнтрам у Карпілаўцы.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з цэнтраў Акцябрска-Любанскай партызанскай зоны (існавала савецкая ўлада, працавалі школы, выдаваліся газеты). У пачатку красавіка 1942 года ў ходзе карнай аперацыі немцаў усе 3 вёскі (Карпілаўка, Рудабелка і Рудня) амаль цалкам спаленыя, знішчана больш за 2,5 тысяч жыхароў. Вызвалены 27 чэрвеня 1944 года.

У 1962—1966 гадах — у Светлагорскім раёне.

20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Акцябрскі раён і пасёлак Акцябрскі, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Акцябрскі раён.

Насельніцтва Для пасёлка характэрна наступная дынаміка змянення колькасці жыхароў: 1959 — 2 954 чал. (перапіс) 1970 — 4 273 чал. (перапіс) 1979 — 5 825 чал. (перапіс) 1989 — 7 253 чал. (перапіс) 1999 — 8 440 чал. (перапіс) 2009 — 7 367 чал. (перапіс) 2016 — 6 753 чал. 2017 — 6 596 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай (завод сухога абястлушчанага малака, хлебазавод), дрэваапрацоўчай прамысловасці. Цэнтр КСУП "Саўгас «Акцябрскі». Камбінат бытавога абслугоўвання, аўтапарк, райаграсэрвіс, лясгас, будаўнічая арганізацыя. Гасцініца «Арэса». Метэастанцыя.

Культура З 1998 года раз на два гады праводзіцца Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня»; Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна. Карцінная галерэя імя Леаніда Ніканоравіча Дробава.

Нематэрыяльная спадчына

Мастацкія практыкі саломапляцення Гомельскай вобласці — .

Сацыяльная сфера Прафесійна-тэхнічнае вучылішча сельскай гаспадаркі, раённая гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спартыўная і музычная (адкрыта 01.09.1969) школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, Цэнтр гісторыі і культуры (з 14.11.1995), карцінная галерэя (з 1990 года), 2 бібліятэкі, кінатэатр, райбальніца, 2 аптэкі, раённы вузел сувязі, друкарня, заапарк. Выдаецца раённая газета «Чырвоны Кастрычнік» (з 1939 года). 23.11.1996 года адкрыта праваслаўная Свята-Пакроўская царква, будуецца рымска-каталіцкі касцёл.

Архітэктура і славутасці

Планіроўка Планіроўка квартальная, выцягнутая з поўдня на поўнач. Рака падзяляе пасёлак на паўночную і паўднёвую часткі. Асноўным планіровачным ядром з’яўляецца цэнтральная плошча, вакол якой размешчаны адміністрацыйныя будынкі, гандлёвы цэнтр і асноўныя месцы адпачынку. На ўсходзе ў апошнія дзесяцігоддзі склаўся мікрараён, забудаваны 3- і 5-павярховымі жылымі дамамі. У 1987—93 гадах у асноўным на поўначы пасёлка ўзведзена 189 мураваных, катэджнага тыпу дамоў, у якіх размясціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месц пасля Чарнобыльскай аварыі 1986 года. На месцы былой лесапілкі ў цэнтры пасёлка будуецца новы квартал (з 2010 года). Карта пасёлка

Помнікі Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан на вуліцы Савецкая. У 59 магілах пахаваны 272 воіны Чырвонай Арміі (загінулі ў чэрвені 1944 года пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і 41 партызан (загінулі ў Вялікую Айчынную вайну). У 1959 годзе пастаўлены помнік — скульптура воіна (рэканструяваны ў 1984 годзе). Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Бумажкова. Пахаваны астанкі 643 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі жывымі карнікі ў памяшканні клуба спіртзавода. У 1959 годзе пастаўлены абеліск. Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Гастэлы. Пахаваны астанкі 486 жыхароў былой вёскі Карпілаўка, якіх 3 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1959 годзе пастаўлены абеліск. Магіла ахвяр фашызму на вуліцы Савецкая, каля сярэдняй школы № 1. Пахаваны астанкі 700 жыхароў, якіх 2 красавіка 1942 года расстралялі, а потым спалілі карнікі. У 1972 годзе на магіле пастаўлены помнік — скульптура жанчыны ў жалобе. Магіла ахвяр фашызму. За 0,5 км ад пасёлка, каля дарогі на Азарычы. Пахаваны астанкі 800 жыхароў былой вёскі Рудня, якіх 2 красавіка 1942 года спалілі карнікі. У 1975 годзе ўстаноўлены 2 стэлы. Мемарыяльная дошка ў гонар партызан. Партызанская плошча, на будынку раённага Савета дэпутатаў. Устаноўлена ў 1959 годзе ў памяць аб знаходжанні ў Рудабелцы цэнтра партызанскай зоны. Мемарыяльная дошка на месцы базіравання Акцябрскага падпольнага райкома КП(б)Б і штаба 123-й партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Устаноўлена ў 1959 годзе на будынку № 40 па вуліцы Савецкай. Помнік Ц. П. Бумажкову. Устаноўлены ў 1961 годзе на вул. Савецкай перад кінатэатрам. Помнік Леніну (1953 год) на Партызанскай плошчы. Помнік «Барацьбітам за савецкую ўладу» на Цэнтральнай плошчы. Сцяна прысвячэння — помнік Героям Савецкага Саюза — воінам-землякам і воінам, атрымаўшым гэта званне за вызваленне Акцябрскага раёна. Цэнтральная плошча.

Вядомыя асобы Лявонцій Яфімавіч Адзінец — удзельнік устанаўлення савецкай улады ў Беларусі і Грамадзянскай вайны, адзін з арганізатараў Мінскага падполля ў час Другой сусветнай вайны. Яўген Міхайлавіч Грыдзюшка — гітарыст, кампазітар і музычны педагог, адзін з пачынальнікаў беларускай гітарнай школы. Міхаіл Дзям’янавіч Лапа — дзекабрыст. Аляксандр Раманавіч Салавей — удзельнік устанаўлення савецкай улады ў Беларусі і Грамадзянскай вайны. Алег Віктаравіч Таргонскі (нар. 1980) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Алег Васілевіч Цылько (нар. 1971) — беларускі службовец, дэпутат.

Зноскі

Літаратура

Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.

Спасылкі

Катэгорыя:Пасёлкі гарадскога тыпу Гомельскай вобласці Катэгорыя:Перайменаваныя населеныя пункты Беларусі