Сцяпан Паўлавіч Супру́н () — савецкі лётчык-выпрабавальнік, ваенны лётчык-знішчальнік. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Удзельнік баёў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Блізкі сябар Валерыя Чкалава і Аляксандра Пакрышкіна. Першы двойчы Герой Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне (другі раз — пасмяротна).
Біяграфія Нарадзіўся 2 жніўня 1907 года ў сяле Рычкы Сумскага павета Харкаўскай губерні (цяпер — Білапільскі раён Сумскай вобласці Украіны).
У 1910—1913 гадах жыў у ЗША, з 1913 года — у Канадзе. У 1924 годзе скончыў 8 класаў школы ў горадзе Вініпег. У 1924 годзе пераехаў разам з сям’ёй у СССР. Жыў у сяле Вострава (Алтайскі край), Алма-Аце. З 1925 года быў вучням у карэтнай майстэрні ў горадзе Белаполле, у 1925—1928 гадах працаваў у майстэрнях у горадзе Сумы, у 1928—1929 гадах — фрэзероўшчыкам на Сумскім машынабудаўнічым заводзе. З 1929 года на службе ў Чырвонай Арміі. У сакавіку 1930 года скончыў школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў, у 1931 годзе — школу пілотаў Беларускай ваеннай акругі ў Смаленску. Служыў лётчыкам, камандзірам 91-й знішчальнай эскадрыллі ў Беларускай ваеннай акрузе. З ліпеня 1933 года С. П. Супрун лётчык-выпрабавальнік Навукова-даследчага інстытута ВПС РСЧА. Праводзіў выпрабаванні самалётаў І-16, І-180, Як-1, І-21, ЛаГГ-1, ЛаГГ-3, 2PA-L. У 1934—1939 гадах прымаў удзел у паветраных парадах на Краснай плошчы ў Маскве і на Тушынскім аэрадроме. У 1937 годзе абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
У 1939—1940 гадах прымаў удзел у япона-кітайскай вайне (у якасці камандзіра добраахвотнікаў лётчыкаў-знішчальнікаў) і ў савецка-фінляндскай вайне. У 1940 годзе быў адазваны ў Маскву і ў складзе камісіі па закупцы авіяцыйнай тэхнікі выязджаў у Германію, выконваў аблёт купленых самалётаў. Пасля вяртання з Германіі вярнуўся на працу ў Навукова-даследчы інстытут ВПС РСЧА.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны — на Заходнім фронце. Камандаваў сфармаваным з лётчыкаў-выпрабавальнікаў знішчальным авіяцыйным палком асобага прызначэння. У першым баі збіў два самалёты праціўніка. 4 ліпеня 1941 года, выконваючы чацвёрты за дзень баявы вылет на самалёце МіГ-3, уступіў у бой з шасцю нямецкімі знішчальнікамі Messerschmitt Bf.109. Самалёт С. Супруна быў падбіты і выканаў вымушаную пасадку на ўзлеску каля вёскі Манастыры (сучасная назва — Палявая) ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Пасля пасадкі самалёт Супруна ўзарваўся і лётчык загінуў. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік. Быў пахаваны на месцы гібелі, а ў ліпені 1960 года перапахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Літаратура
Спасылкі
Супрун Степан Павлович // Праект «Память народа»
Катэгорыя:Лётчыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Двойчы Героі Савецкага Саюза Катэгорыя:Падпалкоўнікі СССР Катэгорыя:Удзельнікі япона-кітайскай вайны (1937—1945) Катэгорыя:Дэпутаты Савета Саюза Вярхоўнага Савета СССР 1-га склікання