Холдынг «Інтэгра́л» — беларуская кампанія вытворца інтэгральных мікрасхем і іншай электронікі.
Структура Асноўны офіс холдынгу размешчаны ў Мінску.
У склад холдынгу ўваходзяць: Мікраэлектроніка НТЦ «Белмикросистемы» УП «Завод полупроводниковых приборов» УП «Завод Транзістар» УП «Завод Цветатрон» Электроніка УП «Завод Камертон» ОАО «Электрамодуль»
Гісторыя
У 1961 годзе пачалі будаўніцтва галоўнага корпуса і будынка заводакіраўніцтва. 13 снежня 1963 году ў Мінску ўвялі ў дзеянне «Завод паўправадніковых прыбораў», на якім выпусцілі першыя вопытныя партыі дыёдаў. Першым кіраўніком заводу стаў Пётр Гайдэнка. У 1963 годзе пачалі ўзводзіць лямпавы завод «Транзістар». У 1965 годзе выпусцілі першыя транзістары. У 1968 годзе ў Мінску адчынілі завод «Транзістар». У 1969 годзе пачалі серыйную вытворчасць інтэгральных мікрасхем. У 1971 г. «Інтэграл» утварыў аб’яднанне прадпрыемстваў, што ўлучыла заводы «Камертон» (Пінск, Брэсцкая вобласць), «Цветатрон» (Брэст, 1983), «Транзістар» (1968), «Электроніка» (1978) і «Элмаш», канструктарскія бюро «Белмікрасхемы», «Захад» (Брэст, 1986) і «Няміга» (1991). У 1972 годзе стварылі спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро (СКТБ) НВА «Інтэграл». У 1973 годзе вырабілі першы ў СССР электронны наручны гадзіннік «Секунда-2». У 1974 годзе «Інтэграл» узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі за распрацоўку і стварэнне апаратуры для даследавання касмічнай прасторы. Папярэдне інжынеры «Інтэграла» стварылі элементную базу для сістэмы кіравання міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-36М. У 1977 годзе выпусцілі першую мікрасхему запамінальнай прылады. У 1978-м стварылі першы мікрапрацэсар і адчынілі завод «Электроніка». У 1979-м у Пінску пусцілі завод «Камэртон». У 1979 годзе ў гадзінніках «Электроніка» выкарысталі інтэгральныя схемы з транзістарамі з малібдэнавым затворам, вырабленыя на аснове камплементарнага метал-аксід-паўправадніка (КМАП). Гэта зрабіла той гадзіннік самым прэстыжным побытавым прыборам у свеце, і зрабіла яго першым цывільным дасягненнем прадпрыемства. У 1980 годзе «Інтэграл» налічваў 30 000 супрацоўнікаў і быў найбольшым вытворцам паўправадніковых вырабаў у СССР. У 1981 годзе прадпрыемства атрымала ордэн Леніна за распрацоўку і вытворчасць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касмічнай сістэмы. Папярэдне на «Інтэграле» стварылі элементную базу кіравання для 1-га савецкага шматразовага касмічнага карабля «Буран». У 1982 годзе распрацавалі лагічныя інтэгральныя схемы. У 1983-м у Брэсце адчынілі завод «Колератрон». У 1986-м у Брэсце стварылі СКБ «Захад». У 1988-м выпусцілі першыя мікракамп’ютары. У 1990-м — мікрасхемы для тэлефаніі.
У 1991 годзе заснавалі СКБ «Няміга». У 1991 годзе распрацавалі мікрасхемы для тэлевізараў «Вiцязь» (Віцебск) і «Гарызонт» 3-га і 4-га пакалення. У выніку каля 30 % вытворчасці склалі мікрасхемы для тэлевізараў. У 1992 годзе інжынеры СКБ «Няміга» прадставілі 1-ы беларускі партатыўны камп’ютар «ПК-300». У 1992 годзе «Інтэграл» пачаў пастаўляць бяскорпусныя крышталі ў складзе пласцінаў для далейшай зборкі пад халадзільнікі паўднёвакарэйскага вытворцы «Шчаслівая Венера». У 1992-м стварылі электроннае абсталяванне для банкаў і крамаў, а таксама тэлефонны апарат. У 1993-м пачалі выпускаць мікрасхемы для калькулятараў. У 1994-м стварылі мікрасхему для электрычна-сціральнай перапраграмавальнай пастаяннай запамінальнай прылады (ЭСППЗП). У 1995-м распрацавалі мікрасхему для 1-платнага тэлевізара 6-га пакалення і тэлефонныя пластыкавыя карткі. У 2001 годзе распрацавалі звышхуткадзейныя дыёды і мікрасхемы для аўтаэлектронікі. У 2002-м асвоілі мікрасхему для тэлевізійнага працэсара. У 2003-м адчынілі прадстаўніцтвы ў Індыі і Кітаі. У 2003 годзе «Пеленг» заказаў у «Інтэграла» распрацоўку факальнай плоскасці на аснове электрапрыбораў з зарадавай сувяззю, што дазваляюць здымаць прадметы на высокай хуткасці ў космасе. Спачатку для 1-га беларускага спадарожніка стварылі аснастку звышхуткаснай цвердацельнай электронікі, на плоскасці якой размясцілі крышталі. Затым распрацавалі керамічны корпус для факальнай плоскасці. У 2005 годзе пачалі вырабляць палявыя транзістары і распрацавалі бартавы камп’ютар для спадарожніка «БелКА». У 2006-м пусцілі серыйную вытворчасць мікрасхем з праектнай нормай 0,8 мікраметру. У 2007 годзе пачалі вытворчасць медычных вырабаў. У 2008-м сталі выпускаць запамінальныя прылады адмысловага прызначэння ёмістасцю 256 кілабіт. У 2009-м распрацавалі мікрасхемы з нормай 0,35 мкм. У 2010-м вырабілі запамінальныя прылады ёмістасцю 1 мегабіт і пачалі вытворчасць мікрасхем на пласцінах прамерам 200 мм. Таксама ў 2010 годзе «Інтэграл» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства. У 2010 г. палова замежнага збыту прыпала на Расію (звыш $40 млн), дзе звыш 90 % экспарту прызначалася збройным прадпрыемствам.
У 2011 годзе «Інтэграл» стаў найбольшым экспарцёрам Беларусі ў Паўднёвую Карэю за кошт паставак інтэгральных мікрасхем. У 2012 годзе «Інтэграл» накіраваў каля 80 % экспарту ў Расію. У 2012 годзе для спадарожніка аддаленага зандзіравання Зямлі вырабілі зборкі фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувяззю (ФПЗС). У 2013 годзе выручка вырасла да 1096,5 млрд рублёў (122,2 млн $). Аперацыйны прыбытак павялічыўся да 30,5 млрд руб (3,39 млн $), чысты прыбытак — да 29,4 млрд руб (3,27 млн $). Прадпрыемства налічвала 5572 супрацоўнікі. 14 чэрвеня 2013 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік холдынг «Інтэграл» за № 62. У 2013 годзе выпрацоўка на супрацоўніка склала 30 000 долараў ЗША. За 2013 год звыш 70 % вырабаў паставілі за мяжу. У верасні 2013 году «Інтэграл» стаў вырабляць бартавыя камп’ютары для збожжаўборачнага камбайна «Палессе ГС16» распрацоўкі «Гомсельмашу». 22 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Віталя Саладухі кіраўніком «Інтэграла».
У 2014 годзе «Інтэграл» паставіў аналагавыя моначыпы для паўднёвакарэйскіх вытворцаў аўтамабіляў і зарадных прылад для планшэтаў і смартфонаў. 1 верасня 2014 году паводле заяўкі «Інтэграла» ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачалі навучанне па спецыяльнасці «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы». У 2014 годзе распрацавалі перанасны вентылятар лёгкіх і 23 мікрасхемы серыі 5584 для спадарожнікаў. Таксама асвоілі шматкрыштальную зборку КМАП для аператыўнай памяці на 16 мегабіт. У 2015-м стварылі ідэнтыфікатар жалезабетонных вырабаў і светладыёднае асвятленне для птушкафабрык. Таксама вырабілі мікрасхему з крэмніем на ізалятары. На студзень 2015 году на прадпрыемстве працавала звыш 5000 чалавек. За 2015 год вытворчасць перавысіла 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $), а экспарт склаў 83,5 млн долараў ЗША. Урад Беларусі падтрымаў вылучэнне прадпрыемству пазыкі на 30 млн эўра. Каля 80 % экспарту прыпала на Расію, а рэшта на краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.
У 2016-м распрацавалі мікрасхему для лічбавага тэрмометра. На 2016 год «Інтэграл» выпускаў інфармацыйныя табло для банкаў і грамадскага транспарту, касавыя апараты, медтэхніку і мікрасхемы для тэлевізараў, смартфонаў і зарадных прыстасаванняў, якія выпускалі ў Кітаі. У лютым 2016 году прадпрыемства атрымала заказ на святлодыёдныя табло, сінхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, для цягнікоў Мінскага метрапалітэну. 5 сакавіка 2016 году табло «бягучы радок» усталявалі ў адным з цягнікоў 1-й лініі метро. На 18 траўня 2016 году «бягучы радок» працаваў у 6 цягніках 1-й лініі метро і ў 2-х цягніках Аўтазаводскай лініі. За 1994—2016 гадах на «Інтэграле» распрацавалі і стварылі каля 250 вырабаў двайнога прызначэння, якія пастаўлялі ў Расію, Нямеччыну, Швейцарыю і ЗША. За 2016 год «Інтэграл» абнавіў кадры на 7 % за кошт 314 адмыслоўцаў, з іх было 82 выпускнікі ВНУ. Астатнія атрымалі сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную асвету. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 44 гады. Пасля 1-га году працы выпускнікам сталі павышаць надбаўку з 20 да 80 %, а за 2-і год — да 150 %, што прывяло да замацавання выпускнікоў пасля абавязковай адпрацоўкі. Адмыслоўцаў для прадпрыемства рыхтавалі 3 кафедры на механіка-матэматычным факультэце БДУ, у БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным універсітэце. 5 красавіка 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 году», паводле якога ўзнагародзілі 2 супрацоўнікаў «Інтэграла» — Віталя Саладуху і Сяргея Шведава за распрацоўку мікраэлектронікі на экспарт і зборачнага абсталявання. У 2017-м стварылі датчык тэмпературы. На красавік 2017 году на «Інтэграле» дзейнічалі азотна-кіслародная і вадародна-кіслародная станцыі. Звыш 30 % супрацоўнікаў былі ў веку да 35 гадоў. Больш як 51 % працаўнікоў меў вышэйшую і сярэднюю спецыяльную асвету. Для вытворчасці мікрасхемы выконвалі ад 300 да 800 аперацый. Доследныя мікрасхемы выпрабоўвалі на безадмоўнасць перад пастаноўкай на вытворчасць ад 3000 да 4500 гадзін (да 9 месяцаў). Найбольш шырока вырабы «Інтэграла» выкарыстоўвалі ў ядзернай энергетыцы, касмічнай тэхніцы і высокадакладных прыладах пад уздзеяннем электрамагнітнага поля. Для аховы здароўя распрацавалі аўтадазатар «ДЭА-100» і манітор «Інтэграл-12». Таксама выраблялі магнітныя карткі, прыстасаванні камп’ютарнай памяці, шпітальныя электраложкі з супрацьпролежневымі матрацамі і ложак для нованароджаных «Сашачка». У вытворчасць укаранілі 137 распрацовак вырабаў двайнога прызначэння, экспарт якіх склаў каля 350 млн долараў ЗША. У верасні 2017 году фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту запатэнтавалі «Золь-гель спосаб утварэння сегнетаэлектрычнай аксіднай плёнкі», які распрацавалі ў супрацы з «Інтэгралам». Гэты нанаматэрыял уяўляў сабой кандэнсатарны мікраслой, які прызначаўся для вытворчасці такіх энерганезалежных запамінальных прылад, як: магнітны дыск, флэш-картка і сім-картка.
У 2018-м — сталі вырабляць мікрасхемы супервізараў сілкавання. На 2018 год холдынг «Інтэграл» быў найбольшым вытворцам мікрасхем у Еўропе. 6 сакавіка 2018 году «Інтэграл» запусціў новую лінію мантажу мікраэлектронікі, што больш як 10-кратна паскорыла вытворчасць. На красавік 2018 году 5 касмічных апаратаў працавала з абсталяваннем «Інтэграла». Ішла распрацоўка сумеснага з «Раскосмасам» спадарожніка з шырынёй паласы агляду да 50 км і распазнаванне да 35 см. 8 красавіка 2020 году падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай групоўкі 8 такіх спадарожнікаў.
Вытворчасць
На 2020 год ААТ «Інтэграл» мела класа 1 плошчай 195 кв. метраў, класа 10 — 950 кв.м, класа 100—1338 кв.м, класа 1000 — 3713 кв.м, класа 10 000 — 3713 кв.м і класа 100 000 — 14 742 кв.м. Крыштальная вытворчасць ажыццяўлялася ў памяшканнях класаў 1, 10, 100 і 1000. Гадавая магутнасць апрацоўкі пласцін прамерам 200 міліметраў з праектнымі нормамі 0,35 мікраметру складала 12 000 асобнікаў, прамерам 150 мм з нормамі 0,8 мкм — 120 000, прамерам 100 мм з нормамі 1,5 мкм — 355 000 і прамерам 100 мм з нормамі 2 мкм — 180 000. У крыштальнай вытворчасці выкарыстоўвалі: 1) камплементарны метал-аксід-паўправаднік (КМАП) 0,35 мкм, 2 полікрышталічныя крэмніі (ПКК) і 3 Me; 2) 2-КМАП 0,8 мкм, 3 ПКК і 2 Me; 3) высакавольтны КМАП 0,8 мкм, 2 ПКК і 1 Me; 4) 2-палярны спосаб 1,5—5 мкм і 1—2 Me; 5) 2-палярныя звышвысокачастотныя (ЗВЧ) транзістары; 6) дыёды Шоткі; 7) планарны выраб тырыстараў з раздзяленнем сустрэчнай дыфузіяй; 8) эпітаксіяльна-планарны і дыфузійна-планарны выраб крэмніевых паўправадніковых высакавольтных транзістараў.