Астрына́ — гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі, цэнтр Астрынскага пасялковага савета. Размешчана на рацэ Астрынцы, прытоку ракі Котры. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка на лініі Масты—Ліда, на перакрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільня. Насельніцтва 1 731 чал. (2017).
Гісторыя
Назва ад ракі Астрынкі (калісьці Астрошы). Упершыню згадваецца пад 1487 г. у Літоўскай Метрыцы. Расійскі археолаг В. Сядоў атаясамлівае Астрыну з «Астрэяй» са «Спісу гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх». Беларускія археолагі М. Ткачоў, С. Піваварчык, праводзілі раскопкі на гарадзішчы за 2 км ад Астрыны. Было выяўлена, што славяне тут жылі з 10 ст., побач гарадзішча — курганныя могілкі таго часу.
У XV—XVI ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Троцкага павета. У пач. XVI ст. у Астрыне жылі татарскія князі Астрынскія, якія паходзілі з роду Гірэяў, ад Гірэевага ўнука Даўлета. У 1508 г. намеснікам (старостам) быў Федка Храптовіч, падскарбі літоўскі. У 1520 г. вял.кн. Жыгімонт Стары аддаў Астрыну ў заставу (арэнду) магнату Аляксандру Хадкевічу. У XVI ст. старостамі ў Астрыне былі: князь Глеб Пронскі, Федка Храптовіч, і Сямён Скіндзер, родам з Шатландыі.
У часы Рэчы Паспалітай у Астрыне «неградовае» каралеўскае староства. У Астрыне, паводле прывілею на няпоўнае магдэбургскае права ад вял.кн. Уладзіслава Вазы ад 1641 г., штотыдзень адбываліся таргі. У 1666 г. быў пабудаваны касцёл коштам магнатаў Пацаў — Крыштафа Паца і ягонай жонкі Клары дэ Мальгі Ласкарыс. З 1763 г. уласнасць Зянковічаў. У 1771 г. намеснікам (старостам) быў дуэлянт і авантурыст Андрэй Зянковіч, які, між іншым, быў інстыгатарам літоўскім. З 1793 г. Астрына — цэнтр воласці Шчучынскага павета Віленскага ваяводства.
У 1859 г. — 170 дамоў і 970 жыхароў. У 1866 г. — 179 дамоў і 1196 жыхароў, з іх 481 праваслаўныя, 669 яўрэяў, 12 каталікоў і 34 мусульманіна з беларуска-літоўскіх татараў. У 1882 г. налічвалася 1984 жыхары (973 мужчыны і 1011 жанчын). У Астрыне амаль да канца 19 ст. стаяла старажытная мураваная царква — Перамянення Боскага, пабудаваная, магчыма, у кан. 15 ст., і драўляная каталіцкая капліца, якая замяніла ў 19 ст. спалены расійскімі войскамі стары касцёл.
З 1921 г. у складзе Польшчы, з 1926 г. цэнтр гміны Шчучынскага павета, з 1931 г. — горад.
З 1939 г. у БССР, з 1940 г. гарадскі пасёлак Васілішкаўскага раёна. З 3 жніўня 1954 г.Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 3 августа 1954 г. О перенесении центра Василишковского района, Гродненской области, из городского поселка Василишки в городской поселок Острына и об упразднении городского поселка Василишки // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с. па 20 студзеня 1960 г. цэнтр Васілішкаўскага раёна. У 1960—1962 г. у Скідальскім, з 1962 г. у Шчучынскім р-не.
Насельніцтва 1859 — 970 чал. 1866 — 1 196 чал. 1882 — 1 984 чал. 2016 — 1 778 чал. 2017 — 1 731 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы лясной, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасці.
Культура Тэатр «Волат» (Астрынскі народны паэтычны тэатр), размешчаны ў будынку колішняй сінагогі.
Славутасці
Помнік Алаізе Пашкевіч (1954) Праабражэнская царква (1885) Касцёл Святой Тэрэзы.
Вядомыя асобы Андрэй Азараў — мультымедыя-дызайнер. Ігар Георгіевіч Жук (нар. 1956) — заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання. Дар'я Мікалаеўна Карацінская (нар. 1942) — беларускі мовазнавец. Уладзімір Парфянок (1958—2024) — беларускі фатограф, заснавальнік галерэі «NOVA» ў Мінску
Гл. таксама Пасёлкі гарадскога тыпу Гродзенскай вобласці Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі
Зноскі
Літаратура ; Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна / Рэдкал. У. П. Верхась і інш. — Мн., 1993. Беларускія думкі, звычаі, абрады з Лідскага павета ХІХ стагоддзя. Астрынскі прыход віленскай губерні лідскага павета. Этнаграфічны зборнік, 2023 г. На беларускай мове. Ліда, 72 с. // на pawet.net Лаўрэш Л. Астрынская, Глыбоцкая і Дэмбраўская цэрквы Лідскага павета, але Гарадзенскага дэканата // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 56-70 // на pawet.net
Спасылкі
Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства