Івяне́ц (, ) — гарадскі пасёлак у Валожынскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, стаіць на р. Волма. Знаходзіцца за 31 км ад Валожына, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогі накіраваны на Мінск, Дзяржынск, Стоўбцы, Навагрудак. Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сімволіку.

Герб Герб Івянца (1998) уяўляе сабою палову фігуры льва залацістага колеру на чырвоным фоне з залатой каронай уверсе. Выява льва ўзята з радавога герба Салагубаў — былых уладальнікаў Івянца, верхняя частка (карона) нагадвае пра тое, што ў XVIII ст. Івянец быў цэнтрам Івянецкага графства.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Упершыню Івянец упамінаецца ў другой палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданні вялікага князя літоўскага Вітаўта. У другой палове XV ст. — уладанне Давойна-Салагубаў. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павета. У сяр. XVI ст. тут з’явілася пратэстанцкая супольнасць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 у мястэчку збудавалі драўляны касцёл. На 1640 у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэнні.

У пач. XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 стольнік мінскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар францысканцаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касцёл (фару). У 1780 тут было 7 вуліц, Рынак, 174 двары.

Пад уладай Расійскай імперыі У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Івянец апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Менскага павета. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялян (толькі ў 1860 яны дабіліся свабоды і вяртання мяшчанскага звання). З 1795 года ўладанне Казіміра Плявакі, калабарыйскага старасты, з 1810 г. — Якуба Плявакі. Станам на 1859 год у Івянцы было 189 двароў, на 1861 — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні (1863—1864)

Пасля здушэння паўстання ў 1864 з мэтай русіфікацыі края расійскія ўлады адкрылі ў Івянцы народнае вучылішча, а 28 лістапада 1869 гвалтоўна перарабілі касцёлы Святога Міхаіла і Найсвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я у мястэчку было 288 дамоў, 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сінагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменнік Ядвігін Ш.

У 1888 г. уладальнік Міхаіл Казарынаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, колькасць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народнае вучылішча, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальвання гаршкоў, 9 кузняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі.

Найноўшы час У пач. XX ст. дзейнічалі бальніца і амбулаторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фельчары, некалькі санітарак. З 1902 г. да верасня 1939 года ва ўладанні Пятра Дарагунцава. У 1913—1915 гадах каля кірмашовай плошчы былі ўзведзены праваслаўная царква Святой Ефрасінні Полацкай і жаночы манастыр.

У Першую сусветную вайну ў лютым 1918 Івянец занялі нямецкія войскі. Затым у час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 Івянец занялі польскія войскі.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 стала цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла праз паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец размяшчаўся на пагорках у атачэнні лясоў і складаўся з некалькіх вуліц, найбольшымі з якім былі: вул. Пілсудскага (гістарычная Койданаўская), на ёй размяшчаліся пошта, гродскі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касцёлам Святога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два атэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касцёл Святога Міхаіла. У 1934 распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна размяшчалася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 у Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасць вуліц забрукавалі, а некаторыя асвятлілі. На 1938 у мястэчку было 574 будынкі (з іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» () у Доме жаўнера, ваенны аэрапорт пры кашарах.

Увосень 1939 года Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёна Баранавіцкай вобласці (з 1962 у Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадскога тыпу. У гэты час тут было 523 двары.

У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У Івянецкім гета (10 лістапада 1941 — 9 чэрвеня 1942) былі закатаваныя і забітыя больш за 1000 габрэяў.

У 1998 адбылося афіцыйнае зацверджанне герба Івянца, створанага на аснове герба «Праўдзіч» роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 у мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі.

Насельніцтва

XIX стагоддзе: 1815 год — 418 чал.; 1861 год — 1 799 чал.; 1897 год — 2 445 чал. XX стагоддзе: 1923 год — 2226 чал. у мястэчку Івянец і 38 чал. у фальварку Івянец С. 425.; 1931 год — 3 084 чал., з іх 1 521 хрысціянін і 563 іўдзеі; 1940 год — 3 303 чал.; 1971 год — 3,7 тыс. чал.; 1994 год — 5,2 тыс. чал.; 1998 год — 5 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 год — 4,8 тыс. чал.; 2008 год — 4,8 тыс. чал. С. 422.; 2009 год — 4 320; 2016 год — 4 178 чал.; 2017 год — 4 206 чал.; 2026 год — 3 806 чал.

Эканоміка

У Івянцы працуюць прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай прамысловасці, у тым ліку фабрыка мастацкай керамікі і гафту, племянны птушказавод, дрэваапрацоўчы камбінат, дзяржаўнае прадпрыемства «Крыніца», кандытарская фабрыка «Іўкон». Гасцініца «Івянец».

Івянец — адзін з ганчарных цэнтраў Беларусі (гл. івянецкая кераміка). У даўнія часы мясцовая прадукцыя вывозілася не толькі ў навакольныя сёлы і мястэчкі, але і на рынкі Вільні і Мінску. Ганчарнае рамяство існуе тут і ў наш час.

Культура Дзейнічаюць музей традыцыйнай культуры (краязнаўчы музей), дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатр.

Пачынаючы з 2003 года ў Івянцы адбываецца штогадовая «Музычная майстэрня» — найбуйнейшы ў Беларусі майстар-клас для хрысціянскіх музыкантаў і спевакоў.

Інфраструктура У Івянцы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе пасялковая бальніца.

Забудова

Планіроўка Планіроўка Івянца гістарычна склалася па традыцыйнай схеме: вуліцы пачынаюцца ад гандлёвай плошчы, размешчанай у сярэдзіне паселішча. Ад плошчы праменямі разыходзяцца шэсць вуліц. З іх тры пераходзяць у дарогі на Ракаў (зараз вул. 17 Верасня), Стоўбцы (вул. Камсамольская), Дзяржынава (вул. 1 Мая).

Вуліцы і плошчы Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы 17 Верасня вуліца Ракаўская вуліца Тадэвуша Касцюшкі вуліца 1 Мая вуліца Віленская вуліца 3 мая вуліца Камсамольская вуліца Койданаўская вуліца Пілсудскага вуліца Леніна вуліца Зашкольная вуліца Прамысловая вуліца Княжацкая вуліца Свабоды плошча Рынак плошча

Славутасці Касцёл Святога Аляксея (чырвоны касцёл; 1905—1907) — Комплекс кляштара францысканцаў: касцёл Святога Міхаіла Арханёла, кляштарны корпус, агароджа з брамай (белы касцёл; 1702—1705), на перакрыжаванні вуліц 1-га Мая і Пушкіна — Курганны могільнік (XI—XIII стагоддзi), на паўночнай ускраіне пасёлка, за 0,4 км на поўнач ад касцёла, за 50 м на захад ад птушкафабрыкі — Сядзіба Плявака (пач. XX ст.) Сінагога (1912) Царква Св. Ефрасінні (пасля 1990) Прыдарожныя капліца Капліца на каталіцкіх могілках Брацкая магiла (1941—1944), пл. Свабоды — Адміністрацыйны будынак (1930-я) Дом-музей Апалінарыя Пупко (XIX ст.) Яўрэйскія могілкі Каталіцкія могілкі Помнік Ф. Дзяржынскаму

Страчаная спадчына Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1745) Царква, пабудаваная на месцы касцёла Св. Тройцы

Гарады-пабрацімы Стэрдынь, Польшча

Вядомыя асобы Уладзімір Яўгенавіч Ануфрыеў (нар. 1957) — беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст.

Міхалка Петрукоў (Лотыш) — нашанівец Апалінарый Пупко (1893—1984) — самабытны майстар-разьбяр Вацлаў Пупка — грамадскі і палітычны дзеяч Адам Пучкар-Хмялеўскі (1891—1938) — беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч Лявон Лявонавіч Більдзюкевіч (1895—1942) — беларускі педагог, матэматык, грамадскі дзеяч. Васіль Паўлавіч Гур’янаў (нар. 1955) — беларускі палітык. Іосіф Валяр’янавіч Ляшчынскі (нар. 1924) — беларускі дзеяч аматарскага мастацтва, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Таццяна Мікалаеўна Буйко (нар. 1959) — беларускі філосаф.

Гл. таксама Пасёлкі гарадскога тыпу Мінскай вобласці Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі

Зноскі

Літаратура

Kuźmiński J.J. Z Iwieńca i Stołpców do Białegostoku. — Białystok, 1993. ISBN 83-901635-0-0.

Спасылкі

Івянец ONLYNE — старонка г.п. Івянец

Катэгорыя:Мястэчкі Менскага ваяводства