Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь — сукупнасць адносін з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі структурамі. Рэспубліка Беларусь як незалежная дзяржава пачала выпрацоўваць асноўныя прынцыпы сваёй знешняй палітыкі яшчэ падчас знаходжання ў складзе СССР. Глыбокі сацыяльна-эканамічны і грамадска-палітычны крызіс канца 1980-х гадоў суправаджаўся аслабленнем кантролю цэнтра над саюзнымі рэспублікамі. Атрымліваючы ўсё большую самастойнасць у вырашэнні ўнутраных пытанняў, мясцовыя эліты пачыналі дэманстраваць незалежнасць ад Масквы і ў пытаннях знешнепалітычных, пашыраючы свае паўнамоцтвы ў сферы знешнепалітычных зносін. І хоць фармальна ўсё гэта рабілася ў межах СССР, фактычна знешнепалітычная актыўнасць савецкіх рэспублік адбывалася ў абыход цэнтра.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і падзей лета — восені 2020 года ў Беларусі дыпламатычныя місіі краін Еўрапейскага саюза і ЗША прынялі рашэнне не прызнаваць легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. У выніку новыя паслы ўручалі копіі даверачных лістоў толькі кіраўніку Міністэрства замежных спраў Уладзіміру Макею, што паводле дыпламатычных правіл азначае абмежаванасць у іх дзейнасці.

Членства ў міжнародных арганізацыях Паводле сакрэтных перамоваў паміж СССР і ЗША, Беларусь (Беларуская ССР) у 1945 годзе ўвайшла, нараўне з СССР і Украінскай ССР, у лік першапачатковых членаў-заснавальнікаў ААН.

Пасля распаду СССР Беларусь з’яўляецца членам наступных міждзяржаўных утварэнняў: Садружнасць незалежных дзяржаў Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы Еўразійскі эканамічны саюз Адзіная эканамічная прастора Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Міжнародны валютны фонд Сусветны банк Рух недалучэння Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва

Беларусь і еўрапейскія арганізацыі У снежні 1991 незалежная Беларусь была прызнаная Еўрапейскімі Супольнасцямі, і на першых этапах адзначалася ўстойлівае развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС. У 1995 быў падпісаны Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (Partnership and Cooperation Agreement) у палітычнай, эканамічнай і гандлёвай сферах. Беларусь атрымлівала значную дапамогу ў рамках праграмы ТАСІС і па іншых каналах. Развіццю адносін паміж Беларуссю і ЕС перашкодзілі, аднак, некаторыя меры кіраўніцтва Беларусі, якія былі ўспрыняты на Захадзе як уцісканне дэмакратыі. Еўрасаюз адмовіўся прызнаць змены ў Канстытуцыі Беларусі 1994 года, занесеныя ў 1996. У 1997 Савет Міністраў ЕС адмовіўся падоўжыць Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве і падтрымаць уступленне Беларусі ў Савет Еўропы; былі прыпыненыя двухбаковыя адносіны на міністэрскім узроўні і замарожаныя праграмы тэхнічнай дапамогі ЕС.

Беларусь страціла статус адмыслова запрошанага члена ў Асамблеі Савета Еўропы. Гэтае рашэнне было выклікана тым, што Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала праведзеныя ў Беларусі ў 1997 годзе выбары недэмакратычнымі, а ціск на апазіцыю — незаконным.

У 1998 годзе меў месца інцыдэнт у Драздах, калі дыпламатычныя прадстаўніцтвы былі выселеныя са сваіх рэзідэнцый, што таксама сыграла сваю ролю ў пагаршэнні адносін з Еўропай.

У маі 2005 у Польшчы адбыўся саміт Савета Еўропы, дзе актыўна абмяркоўвалі «беларускае пытанне», аднак беларуская дэлегацыя — адзіная з усіх дзяржаў Еўропы — не была запрошаная.

У сакавіку 2005 Еўрасаюз абвясціў пра намер напроста фінансаваць «фарміраванне грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі. 10 сакавіка Еўрапарламент заклікаў «асудзіць існы беларускі рэжым як дыктатуру». У рэзалюцыі Еўрапарламента прапаноўваюць выявіць і замарозіць асабістыя актывы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і вышэйшых дзяржаўных службоўцаў, а таксама пашырыць спіс прадстаўнікоў беларускіх улад, якім забаронены ўезд у еўрапейскія краіны. Рашэнне Еўрапарламента прадугледжвае стварэнне тэле- і радыёстанцый для вяшчання на Беларусь, у тым жа годзе пачынае вяшчанне Еўрапейскае радыё для Беларусі.

Гэтая рэзалюцыя аналагічная дакументам, прынятым уладамі ЗША у 2004, аднак можа зрабіць Беларусі больш сур’ёзную шкоду, паколькі сярод еўрапейскіх краін знаходзяцца яе буйнейшыя гандлёвыя партнёры.

26 студзеня 2006 на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) была прынятая рэзалюцыя, якая асуджае сітуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на актыўную падтрымку расійскай дэлегацыі, Беларусь ізноў не атрымала статус адмыслова запрошанай у Савет Еўропы (якога яна была пазбаўлена ў 1997), паколькі не выкананыя чатыры ўмовы СЕ — пашырэнне паўнамоцтваў парламента, увядзенне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека, перагляд Выбарчага кодэкса і закона аб друку.

ПАСЕ заклікала ўвесці супраць Беларусі рэжым міжнароднай ізаляцыі, які заключаецца ў адмове выдаваць візы высокапастаўленым беларускім дзяржаўным служачым і ў той жа час палегчыць выдачу віз простым грамадзянам. Прапанавана таксама замарозіць усе банкаўскія рахункі і іншыя фінансавыя актывы Аляксандра Лукашэнкі і членаў яго асяроддзя.

З 26 лютага 2006 на тэрыторыі Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі пачалі працу незалежныя еўрапейскія тэле- і радыёстанцыі, фундаваныя з бюджэту ЕС і, адпаведна, не кантраляваныя мясцовымі ўладамі. Акрамя таго, незалежны расійскі тэлеканал RTVi атрымаў еўрапейскі грант на падрыхтоўку для беларускай аўдыторыі штодзённай 30-хвіліннай палітычнай перадачы. Усе праграмы выходзяць на рускай і беларускай мовах.

Еўрасаюз вылучыў на незалежнае вяшчанне ў Беларусі каля 2 млн долараў. Праграмы, фундаваныя Еўрасаюзам, працягнуць выходзіць у эфір і пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ЕС увёў абмежавальныя меры супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў, уключаючы забарону на ўезд. Адносіны былі мінімальнымі, а асноўны акцэнт ЕС рабіў на падтрымцы грамадзянскай супольнасці.

У 2008 годзе ЕС прыпыніў дзеянне санкцый для стымулявання дыялогу. У Мінску адкрылася паўнавартаснае Прадстаўніцтва Еўракамісіі. У 2009 годзе Беларусь стала краінай-удзельніцай ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», што адкрыла доступ да шматбаковых праграм супрацоўніцтва.

Пасля падзей 19 снежня 2010 года адносіны імкліва пагоршыліся. ЕС вярнуў і пашырыў санкцыі, а Беларусь у адказ адклікала сваіх паслоў з Бруселя і Польшчы ў 2012 годзе. Дыялог быў практычна спынены.

Дзякуючы ролі «мінскай пляцоўкі» ў дыпламатычным урэгуляванні канфлікту ва Украіне, ЕС у 2016 годзе зняў большасць санкцый.

У ліпені 2020 года ўступіла ў сілу пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, што знізіла кошт шэнгенскіх віз для беларусаў да 35 еўра.

ЕС не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і пачаў уводзіць пакеты санкцый. Беларусь у адказ прыпыніла ўдзел ва «Усходнім партнёрстве» і пагадненне аб рэадмісіі.

Абвастрэнне сітуацыі на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй прывяло да далейшай ізаляцыі Мінска.

Падтрымка Беларуссю дзеянняў Расіі ва Украіне стала прычынай увядзення беспрэцэдэнтных сектаральных санкцый. Быў забаронены экспарт калійных угнаенняў, драўніны і нафтапрадуктаў. Шэраг беларускіх банкаў (Белаграпрамбанк, Банк Дабрабыт, Альфа-Банк і інш.) былі адключаны ад сістэмы SWIFT.

Па стане на пачатак 2026 года адносіны знаходзяцца ў кропцы замарозкі. Дзейнічае забарона на палёты беларускіх авіякампаній у ЕС і еўрапейскіх у Беларусь. Многія памежныя пераходы зачынены, а дыпламатычная прысутнасць скарочана да ўзроўню павераных у справах. Асноўны фокус ЕС застаецца на падтрымцы апазіцыйных сіл за мяжой.

Беларусь і ГУУАМ 22 красавіка 2005 удзельнікі саміту ГУУАМ таксама заявілі аб намеры развіваць дэмакратыю ў Беларусі.

Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі панаракаў, што ў Беларусі «няма дэмакратыі і свабоды», і падкрэсліў, што беларускі народ «мае права на вольны выбар» і еўрапейскае развіццё.

З цвёрдай заявай выступіў прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус: «Прэзідэнт Лукашэнка ўсё хутчэй і хутчэй рухаецца да аўтакратыі, самаізаляванасці як дзяржавы, так і беларускага народа».

Беларусь і Польшча

Адносіны паміж Беларуссю і Польшчай у 2005, пасля «аранжавай рэвалюцыі» на Украіне і ўлічваючы тую ролю, якую сыграў прэзідэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскі, пагоршыліся.

У маі 2005 Беларусь абвінаваціла аднаго з польскіх дыпламатаў у «актыўных дзеяннях, накіраваных на дэстабілізацыю беларускага грамадства». У адказ Польшча падрыхтавала спіс беларускіх службоўцаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Чыннікам канфлікту стала грамадскае аб’яднанне «Саюз палякаў Беларусі» (СПБ), якое аб’ядноўвае каля 20 тысяч чалавек. У сакавіку 2005 на сходзе СПБ яго ранейшы кіраўнік, лаяльны кіраўніцтву Беларусі, быў зрушаны, пасля чаго Саюз палякаў Беларусі падвергнуўся масіраванаму ціску з боку ўлад, якія абвінавацілі кіраўніцтва Польшчы, якое фінансавала правядзенне з’езду СПБ, і пасольства гэтай краіны ў «падрыўной дзейнасці» супраць Беларусі. Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовілася зацвердзіць вынікі з’езду СПБ, які абраў сваёй старшынёй Анжаліку Борыс. Польскі сойм выказаў сваю незадаволенасць дзеяннямі беларускіх улад, што было ўспрынята ў Беларусі як спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы. Далейшае развіццё падзей і прывяло да дыпламатычнага канфлікту.

22 ліпеня МЗС Беларусі заявіў, што «дзеянні, прадпрымаемыя …польскім бокам, сведчаць аб свядомым правядзенні Польшчай лініі, накіраванай на згортванне беларуска-польскіх адносін… такая лінія польскага боку сведчыць альбо аб скажоным разуменні ім сваёй ролі новага члена ЕС, альбо аб несамастойнасці яго знешняй палітыкі».

У той жа дзень стала вядома аб зачыненні беларускага прадстаўніцтва польскага навуковага фонду «Дыялог».

У жніўні 2005 года новым старшынёй беларускага Звязу палякаў па патрабаванні беларускага ўрада быў абраны пенсіянер Юзаф Лучнік. Шматлікія актывісты Саюза палякаў падвяргаліся адміністрацыйным арыштам па абвінавачваннях ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Канфліктная сітуацыя з «Саюзам палякаў Беларусі» стала адной з прычын беларуска-польскага дыпламатычнага канфлікту. За некалькі месяцаў бакі выслалі па тры дыпламаты, а Польшча нават адклікала свайго пасла ў Беларусі для кансультацый.

11 снежня 2005 дарадніку польскага прэм’ер-міністра Міхалу Дворчыку, які займаецца пытаннямі сувязяў з суайчыннікамі за мяжой, было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Беларускія памежнікі паведамілі Дворчыку, што ён з’яўляецца асобай, непажаданай у Беларусі.

Чарговы шпіёнскі скандал з польскімі дыпламатамі разгарэўся напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі і ў пачатку агітацыйнай кампаніі.

7 лютага 2006 у штодзённай праграме Беларускага дзяржаўнага тэлебачання «Каментарый дня» нейкі супрацоўнік кіравання контрразведкі КДБ абвінаваціў пасольства Польшчы ў Беларусі ў тым, што тут доўгі час дзейнічае рэзідэнтура польскіх спецслужбаў, якая, выкарыстоўваючы дыпламатычны імунітэт, ажыццяўляе легальную разведку, праводзіць збор інфармацыі аб сітуацыі ў арганізацыях этнічных палякаў, падрыхтоўвае крыніцы ўплыву і праводзіць іншыя дзеянні, накіраваныя на ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь.

Тутака ж начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Рэспублікі Беларусь Валерый Надтачаеў звязаў актывізацыю «прадстаўнікоў замежных спецслужбаў, працаўнікоў дыппрадстаўніцтваў і супрацоўнікаў розных замежных няўрадавых арганізацый і фондаў» з надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі.

Паводле афіцыйных даных, у Беларусі пражывае каля 450 тыс. этнічных палякаў — гэта другая па колькасці нацыянальная меншасць Беларусі пасля рускіх. Саюз палякаў Беларусі ажыццяўляе культурныя і адукацыйныя праграмы, якія фінансуе Польшча. У яго вядзенні, у прыватнасці, знаходзяцца дзве польскія школы.

Польшча ўваходзіць у склад працоўнай групы для каардынацыі дзеянняў у дачыненні да Беларусі, стварэнне якой было ўзгоднена прэм’ер-міністрамі Польшчы, Літвы, Латвіі і Украіны (падрабязней гл. #Беларусь і Літва)

Беларусь і Расія

Беларусь і Украіна

Па заявах украінскіх і беларускіх палітыкаў, Украіну і Беларусь аб’ядноўвае вельмі шматлікае — гісторыя, культура, роднасныя сувязі. Беларусы і ўкраінцы стагоддзямі жылі разам у міры і згодзе.