Царква́ Пакрова Прасвятой Багародзіцы — праваслаўная царква ў Гарадзечне Пружанскага раёна, збудаваная ў памяць бітвы паміж расійскімі і напалеонаўскімі войскамі ў 1812 годзе. Помнік архітэктуры з элементамі класіцызму.

Гісторыя thumb|злева|250px|Валенцій Ваньковіч. Партрэт Войцеха Пуслоўскага На сустрэчах і ў ліставанні з гродзенскім губернатарам генерал Аляксандр Тармасаў неаднаразова выказваў думкі пра неабходнасць ушанавання памяці Гарадзечанскай бітвы. Фундатарам пабудовы стаў уласнік Гарадзечны і Плянты Войцех Пуслоўскі, былы маршалак Слонімскага павета, а будаўніком — памешчык Шэмет. Збудаваная ўніяцкай царква была адчынена на свята Пакрова 1825 года і атрымала назву Свята-Пакроўскай. Пазней царква пераўтваралася то ў каталіцкую, то ў праваслаўную, то назад ва ўніяцкую. Пасля скасавання уніі ў 1839 годзе ў царкве быў усталяваны іканастас, а па здушэнні паўстання 1863 года яна была канчаткова перададзеная праваслаўным.

6 лютага 1963 года Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце міністраў СССР прыняў рашэнне аб ліквідацыі прыхода ў вёсцы Гарадзечна. У будынку царквы пэўны час размяшчалася калгаснае зернясховішча і школьная спартыўная зала. Паступова ў царкве праржавеў дах, уваходная арка і каменная агароджа былі разабраны, сам будынак храма знаходзіўся ў поўным запусценні.

У 1990 годзе царква была вернута праваслаўным. Да гэтай пары яна практычна была пазбаўлена даху, а з чатырох каменных слупоў, якія падпіралі скляпенні, застаўся толькі адзін. Дзякуючы намаганням ураджэнца гэтых мясцін Леаніда Несцерчука і пры падтрымцы грамадскасці і мясцовых уладаў пачалася рэстаўрацыя храма. Дзякуючы таму, што захаваліся гістарычныя дакументы, ён быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе. Праект аднаўлення выканаў архітэктар з Брэста Рыгор Будзька, рэстаўрацыйныя працы здзейсніла брыгада з Валыні.

12 кастрычніка 1991 года на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы царкву асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін.

Архітэктура

Будынак прамавугольны ў плане, над уваходам вежа-званіца. Асноўны трохнефавы аб'ём накрыты двухсхільным дахам, у цэнтры якога размешчаны васьмігранны светлавы барабан. На галоўным фасадзе накладны порцік. Вокны акаймаваны простымі ліштвамі.

Асаблівую велічнасць храму надавалі 12 калон (дзве пры ўваходзе і 10 унутры), якія сімвалізавалі «12-ы год».

Першапачаткова царква мела выгляд велізарнага свірна; не было ні купала, ні званіцы.

Літаратура

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Храмы Найсвяцейшай Дзевы Марыі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Пружанскага раёна Катэгорыя:Гарадзечна (Пружанскі раён) Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1825 год у Беларусі