Дом Во́ліна — трохпавярховы будынак у Мінску, пабудаваны ў 1900 годзе з рысамі эклектыкі і неабарока як даходны дом, месціцца па вуліцы Валадарскага, 12 А. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.
Гісторыя
Дом пабудаваны ў 1900 годзе, злучаны з суседнім двухпавярховым домам Воліна. Уласнікам быў Волін Самуіл Лазаравіч, яго жонка Воліна Блюма-Фейга, іх дачка і пяць сыноў. Стары адрас — вул. Захар’еўская № 41/12 на рагу з Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), у 1910—1912 — дом № 43Маракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 165.
Частка пакояў здавалася пад жыллё. У 1901—1903 гадах у доме месцілася «1-я гарадская раскладкавая па прамысловым падатку прысутнасць». З 1907 года — піўная Жыдовіча. З 1908 года — лаўка Назаравай, пральня Юзафовіч. З 1909 года — майстэрня шаўца Паўлоўскага. З 1910 года — булачная і пякарня Хмелявец. У 1915 годзе — упраўленне камітэта Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза. У 1912—1915 гадах — прыёмны кабінет лекара па нутраных і дзіцячых хваробах Палонскага Лейбы (Льва) Мордухавіча (Маркавіча). У 1916—1917 гадах тут месцяцца кабінет асобнаўпаўнаважанага камандавання Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза, кантрольны аддзел камітэта Усерасійскага земскага саюза, статыстычны аддзел Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым вайскоўцам, кабінет загадчыка аддзела атрадаў камандавання Заходняга фронту Усерасійскага земскага саюза, улікова-гаспадарчы аддзел Усерасійскага земскага саюза. У 1918 годзе тут месціцца бакалейная крама Дубаграева Акіма Сцяпанавіча, гадзіннікавая крама Ламперта В. К., крама Мендаля Іосіфа Абрамавіча, У 1918—1921 гадах — шавецкая майстэрня Цывеса Л. ГМаракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 169.
У 1920 годзе тут месціцца гарадское і павятовае бюро Наркамата юстыцыі БССР. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная. У 1922 годзе тут месцяцца 4 лаўкі. У 1925—1926 гадах шавецкая майстэрня Вішнёва Герца Маісеевіча, сажная майстэрня Егера Андрэя Якаўлевіча, кравецкая майстэрня Райнеса, гадзіннікавая майстэрня Рубінштэйна С., дзіцячы сад, кнігарня, цырульня арцелі «Мастак». У 1925—1926 гадах уласнік — аддзел камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэта (арандатар з 1 студзеня 1925 года — жыллёва-арэнднае кааператыўнае таварыства № 10).
У 1928—1940 гадах будынак займаюць Беларуская аддзяленне Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, аддзел падпісных і перыядычных выданняў беларускага аддзялення Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, Ваеннае выдавецтва беларускага аддзялення Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, ваенна-кніжная крама беларускага аддзялення Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР. У 1934—1935 гадах тут месціцца крама «Ваенная кніга», пчалярская крама Наркамата земляробства БССР. У 1935—1936 гадах кантора і групкам «Менхарчгандля». У 1940 годзе — цырульня «Белкааппрамсвета»Маракоў, Л. Галоўная вуліца… С. 170.
У наш час на першым паверсе месцяцца гандлёвыя памяшканні, на другім і трэцім — Цэнтральнае праўленне таварыства глухіх.
Архітэктура Г-падобны ў плане будынак са зрэзанай вуглавой часткай. Галоўны фасад дома быў арыентаваны на былую вуліцу Захар’еўскую (сучасны праспект Незалежнасці). Фасады аздобленыя канеліраванымі пілястрамі са складанымі капітэлямі на вышыні другога і трэцяга паверхаў. Больш высокі першы паверх, другі і трэці аддзеленыя тонкапрафіляванымі карнізамі. Прасценкі паміж арачнымі на другім паверсе і лучковымі на трэцім паверсе вокнамі дэкараваныя ляпным раслінным арнаментам. Пачатковая планіроўка і фасад першага паверха зменены.
Літаратура
С. Харэўскі, «Тапаграфія БНР», Наша Ніва, № 10, 2007 Нарысы гісторыі Беларусі. Частка 2. Мн. 1995
Катэгорыя:Славутасці Мінска Катэгорыя:Вуліца Валадарскага (Мінск) Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі эклектыкі Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі неабарока Катэгорыя:З’явіліся ў 1900 годзе Катэгорыя:1900 год у Мінску