Трасціно́ (, ) — вёска ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі Адміністрацыйны цэнтр Трасцінскага сельсавета.

Геаграфія Знаходзіцца за 10 км на паўночны захад ад Хоцімска, за 217 км ад Магілёва, за 47 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Клімавічы—Сураж), на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Хоцімск, пры сутоцы ракі Трасцінкі з Мужычком.

Гісторыя Тэрыторыя вёскі была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчаць каля 100 крывіцкіх курганоў ва ўрочышчы Мясцішча на беразе Трасцінкі, якія былі выяўлены і раскапаны сялянамі ў 1910—1911 гадах. Курганы адносяцца да XІ—XІV стагоддзяўКазакова І. В. Фальклорная спадчына Магілёўшчыны: Хоцімскі раён / І. В. Казакова, Белдзяржуніверсітэт. — 2-е выд, дап. — Мінск : Паркус плюс, 2012. — С. 96—98. — 180 с. [іл.] — ISBN 9785985590192-6-5..

Па летапісных крыніцах паселішча вядома з 1662 года ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, калі яно была перададзена вайскоўцу гусарскай харугвы Габрыэлю Керсноўскаму. У 1762 годзе згадваецца як сяло, шляхецкая ўласнасць у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, меўся шынок.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Трасціно апынулася ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Згодна з эканамічным апісаннем 1784 года, сяло было агульным уладаннем «Антона Станіслава — сына Ланы і жонкі яго Хрысціны Ігнацьевай, дачкі Іосіфа Станіславава, і дзяцей яго: Ягнація, Яфіма, Езафата, Іосіфа», налічвалася 1623 дзесяціны зямлі. У 1811 годзе — ўладанне памешчыка. Сяляне ў чэрвені 1861 года адмовіліся адбываць памешчыцкую павіннасць.

У 1885 годзе — сяло ў Хоцімскай воласці Клімавіцкага павета, дзейнічала царква. Частка вяскоўцаў займалася адыходным промыслам. Па выніках перапісу 1897 года, побач з сялом існаваў аднайменны фальварак Гумінскіх (450 дзесяцін зямлі) і фальварак Маркаўка (1 двор, 7 жыхароў). У 1896 годзе ў вёсцы адкрылася школа, для якой у 1906 годзе было ўзведзена памяшканне. У 1905 годзе ў ёй навучаліся 46 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

У 1919 годзе вёска ўвайшла ў склад Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. 1 мая 1919 года была арганізавана гаспадарка «Разальмова», куды ўвайшла вёска Трасціно. У гаспадарцы былі 4 кані, 6 кароў, 10 свіней, 25 гектараў саду. У снежні 1921 года замест дарэвалюцыйнай адкрыліся працоўная пачатковая школа і хата-чытальня.

У выніку першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Трасціно апынулася ў Хоцімскім раёне Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці БССР, дзе 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Новы шлях», які аб’ядноўваў 96 гаспадарак. У 1930 годзе для школы было пабудавана новае памяшканне.

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Трасціно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У памяць аб 117 вяскоўцах, якія загінулі ў часе вайны, у 1967 годзе быў пастаўлены помнік.

У 1962—1966 гадах Хоцімскі раён і Трасцінскі сельсавет былі скасаваны, і вёска была перададзена Забяльшынскаму сельсавету Клімавіцкага раёна. У 1966 годзе вёска была вернута ў склад Хоцімскага раёна, а ў 1971 годзе — адноўленага Трасцінскага сельсавета.

У 1975 годзе ў склад Трасціна ўвайшлі вёскі Зарэчча 1 і Зарэчча 2, а таксама Азёрная (былая вёска Мужычок).

Па звестках канца 1980-х гадоў, вёска з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Трасціно» (утвораны ў 1965 годзе), працавалі аддзяленні банка і сувязі, бібліятэка, гандлёвы цэнтр, дзіцячы сад, клуб, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, сярэдняя школа і фельчарска-акушэрскі пункт.

Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1784 год — 30 двароў, 232 жыхары. XIX стагоддзе: 1811 год — 39 двароў, 133 жыхары мужчынскага полу; 1885 год — 35 двароў, 259 жыхароў; 1892 год — 30 двароў, 324 жыхары; 1897 год — 1 двор, 4 жыхары ў фальварку Трасціно. XX стагоддзе 1909 год — 47 двароў, 390 жыхароў у вёсцы, 2 двары, 13 жыхароў у фальварку; 1986 год — 249 двароў, 678 жыхароў. XXI стагоддзе: 2002 год — 258 двароў, 686 жыхароў; 2007 год — 250 дароў, 607 жыхароў; 2009 год — 540 жыхароў; 2016 год — 520 жыхароў.

Інфраструктура У вёсцы працуюць аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, праваслаўная царква і сярэдняя школа.

Забудова Трасціно забудоўваецца паводле плана, распрацаванага «Магілёўграмадзянпраектам» у 1981 годзе. Рэкі падзяляюць вёску на дзве часткі. У забудове пераважаюць традыцыйныя драўляныя сялянскія хаты. Новыя вуліцы, размешчаныя на поўначы і паўночным захадзе, забудаваны аднакватэрнымі і шматкватэрнымі цаглянымі дамамі. На захадзе і поўдні — вытворчыя будынкі.

Славутасці Свята-Мікалаеўская царква (2-я палова XIX стагоддзя, дзейнічае). Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

Вядомыя ўраджэнцы Ерафей Васілевіч Касценіч (1854—1905) — урач і вучоны ў галіне афтальмалогіі, доктар медыцыны, прафесар.

Крыніцы

Літаратура

Ліст карты N-36-089. Выданне 1989 года. Стан мясцовасці на 1984 год.

Спасылкі

Катэгорыя:Трасцінскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Хоцімскага раёна