Ві́цебская дыяцэ́зія — каталіцкая дыяцэзія (епархія) у Беларусі. Створана загадам Яна Паўла II па просьбе кардынала Казіміра Свёнтка 13 кастрычніка 1999 года, уваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Першым біскупам прызначаны Уладзіслаў Блін. Віцебская дыяцэзія супадае па межах з Віцебскай вобласцю. Да ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Віцебская дыяцэзія аб’ядноўвае Аршанскі, Браслаўскі, Віцебскі, Докшыцкі, Глыбоцкі, Лепельскі, Мёрскі, Полацкі і Пастаўскі дэканаты.

Гісторыя 13 мая 2000 года у віцебскім кафедральным касцёле св. Барбары адбыліся першыя з моманту стварэння Віцебскай дыяцэзіі прэзбітарскія пасвячэнні, якія атрымалі пяцёра дыяканаў — Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч, будучы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы з гэтай нагоды прысутнічаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.

У 2004 годзе заснаваныя дыяцэзіяльныя структуры, створаны дыяцэзіяльная курыя Віцебскай капітулы, дыяцэзіяльны суд.

У 2001 годзе біскуп Уладзіслаў Блін здзейсніў першую кананічную візітацыю парафій у новастворанай Віцебскай дыяцэзіі. Наступныя візітацыі праходзілі ў 2006—2007 гадах і 2010—2012 гадах.

У 2004 годзе ў дыяцэзіі налічалася 83 парафіі ў дзевяці дэканатах. Сваё пастырскае служэнне няслі 93 святары і 75 законных сясцёр; у дыяцэзіяльных і законных семінарыях вучылася 42 клерыка.

На 2019 год у Віцебскай дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэканатах, у якіх служэнне нясуць 51 дыяцэзіяльны і 37 законных святароў і 1 дыякан, а таксама 47 законных сясцёр і 2 законныя браты; у дыяцэзіяльных семінарыях навучаецца 3 клерыкі. Колькасць вернікаў Віцебскай дыяцэзіі складае прыкладна 170 тысяч чалавек.

Біскупы Уладзіслаў Блін (да 25.02.2013) (адміністратар — прэлат Францішак Кісель) (з 25.02.2013) Алег Буткевіч (з 29.11.2013)

Дэканаты Аршанскі дэканат Браслаўскі дэканат Відзскі дэканат Віцебскі дэканат Глыбоцкі дэканат Докшыцкі дэканат Лепельскі дэканат Мёрскі дэканат Пастаўскі дэканат Полацкі дэканат Шаркаўшчынскі дэканат

Гл. таксама Парафіі Віцебскай дыяцэзіі Каталіцкі веснік

Спасылкі Афіцыйная старонка Старонка дыяцэзіі на сайце catholic.by Інфармацыя на сайце «Catholic Hierarchy»

Катэгорыя:З’явіліся ў 1999 годзе Катэгорыя:1999 год у Віцебску