Капінгамарангі () — атол у Ціхім акіяне у складзе Каралінскіх астравоў. З’яўляецца часткай Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Плошча сушы — 1,12 км², разам з лагунай — 74 км ². Насельніцтва — 500 чал. (2007 г.).
Геаграфія Капінгамарангі — тыповы каралавы атол, які складаецца з 33 дробных астраўкоў, размешчаных пераважна ва ўсходняй частцы атола. Унутры месціцца прасторная лагуна. 2 пралівы, размешчаныя на поўдні, злучаюць яе з акіянам.
Капінгамарангі знаходзіцца ў 748 км на паўднёвы захад ад Палікіра, сталіцы Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, у 1769 км на паўднёвы ўсход ад Аганьі (Гуам), у 4091 км на паўночны ўсход ад Канберы (Аўстралія), у 12238 км на паўднёвы ўсход ад Мінска.
Клімат экватарыяльны вільготны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля 24 — 29 °C.
Гісторыя Капінгамарангі быў населены ў XIII — XIV стст. выхадцамі з астравоў Тувалу. Згодна паданням, на той час на атоле ўжо мелася нешматлікае мясцовае мікранезійскае насельніцтва, якое было асімілявана. Жыхары Капінгамарангі былі вымушаны існаваць ізалявана ад астатніх палінезійцаў, аднак падтрымлівалі гандлёвыя і культурныя зносіны з тубыльцамі Каралінскіх і Маршалавых астравоў.
У 1865 г. на Капінгамарангі здзейснілі напад маршальцы. Каля 30-40 маладых воінаў на 5 вялікіх лодках уварваліся на атол і пачалі забойства мясцовага насельніцтва. Яны цалкам знішчылі жыхароў некалькіх астраўкоў. Выжылыя былі ператвораны ў рабоў. Маршальцы кіравалі атолам 8 гадоў, аднак, калі запасы былі спустошаны, пакінулі Капінгамарангі і ніколі сюды не вярталіся.
У 1877 г. атол быў адкрыты еўрапейцамі, фармальна далучаны спачатку да іспанскіх, а потым германскіх тэрыторый у Ціхім акіяне. Кантакты са знешнім светам і каланіяльнай адміністрацыяй абмяжоўваліся нерэгулярнымі гандлёвымі сувязямі. Тым не менш, дзякуючы нямецкім гандлярам астравіцяне асвоілі вырошчванне камерцыйных культур і новыя прыёмы апрацоўкі глебы.
У 1914 г. атол трапіў пад кантроль Японіі. Японцы перасялілі частку жыхароў Капінгамарангі на Панпеі. Астатнія тубыльцы атрымалі магчымасць працаваць за межамі сваёй малой радзімы.
У 1947 г. Капінгамарангі быў далучаны да тэрыторыі ААН, перададзенай пад апеку ЗША. У 1978 г. увайшоў у склад Федэратыўных Штатаў Мікранезіі на правах муніцыпалітэту.
Асаблівасці культуры Аснову насельніцтва Капінгамарангі складае група знешніх палінезійцаў-капінга, блізкіх да тувалу. Капінгамарангі таксама жывуць на іншых Каралінскіх астравах (пераважна на востраве Панпеі) і ЗША.
Асноўныя традыцыйныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Да прыходу еўрапейцаў вырошчвалі какосавую пальму, хлебнае дрэва, бананы, тара і г. д. Адметнай рысай капінга была апрацоўка буйных каралавых блокаў, якія выкарыстоўвалі для будаўніцтва дарог, агароджы палеткаў і вёсак. У будаўніцтве жытлаў камень не выкарыстоўваўся.
На Капінгамарангі захавалася архаічная сацыяльная арганізацыя. Мужчыны аб’яднаны па сваяцкаму або прафесійнаму прынцыпу ў саюзы, на чале якіх стаяць старасты-тамаона. Тыя, у сваю чаргу, падпарадкоўваюцца алігі, адзінаму на атоле правадыру і першасвятару. Функцыі старастаў і правадыра звычайна абмяжоўваюцца судовымі разглядамі маёмасных і зямельных адносін паміж суседзямі, а таксама правядзеннем рэлігійных рытуалаў. Алігі можа накладваць табу на лоў рыбы ў лагуне, наведванне пэўных мясцін або на пладовыя дрэвы.
Улада алігі перадаецца па жаночай лініі, хаця звычайна перадача іншай спадчыны адбываецца па мужчынскай. Шлюбы паміж сваякамі (акрамя шлюбаў паміж бацькамі і дзецьмі або дзецьмі з адной нуклеарнай сям’і) не забараняюцца. Фармальна не забаронена таксама палігінія. Выхаваннем дзяцей займаюцца пераважна жанчыны. Не толькі маці, але яшчэ бабулі, цёткі, старэйшыя сёстры. У наш час многія дарослыя мужчыны вымушаны працаваць за межамі Капінгамарангі.
Капінга добра захавалі народны фальклор, старажытныя міфы і легенды. Яны вераць у шматлікіх духаў, небяспечных для жывых людзей. Паўднёвыя астравы кантралюе дух-мужчына, які робіць жанчын вар’яткамі. Паўночныя астравы належаць духу-жанчыне, што спакушае і забівае мужчын. Застаюцца папулярнымі рытуальныя танцы-оні і песні-даахілі.
Спасылкі Kapingamarangi Village on Pohnpei, FSM Countries and Their Culture: Kapingamarangi Archaeology on Kapingamarangi Atoll J. L. FISCHER, FOLKTALES, SOCIAL STRUCTURE, AND ENVIRONMENT IN TWO POLYNESIAN OUTLIERS Edriin D. PIcKee, Geology of Kapingamarangi Atoll Synop Information for 91434 in Kapingamarangi Atoll, P, Micronesia Wind, waves & weather forecast Kapingamarangi Atoll
Катэгорыя:Каралінскія астравы Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Аўстраліі і Акіяніі Катэгорыя:Атолы