Е, е — шостая літара беларускага алфавіта.
Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай є («есць»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай ε («эпсілон»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала галосны гук [э] пасля мяккіх зычных і спалучэнне гукаў [йэ] (векъ — [в’эк], зелье — [з’эл’йэ]). Мела таксама лічбавае значэнне «пяць». У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.
Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук [э] пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага (вецер — [в’эц’эр]), а ў пачатку слоў, пасля галосных, ў, ь і апострафа — спалучэнне гукаў [йэ] (елка — [йэлка], таемны — [тайэмны], здароўе — [здароўйэ], калье — [кал’йэ], п’еса — [пйэса]). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ЕЭС). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне шосты (група «Е»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (пункт № 6е).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Е Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт