Л, л — трынаццатая літара беларускага алфавіта.

Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай «Л» («людзі») што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай λ («ламбда»). У старабеларускай графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі [л], [л’] (лавра, лилия, львица). Мела лікавае значэнне «трыццаць». У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.

Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае санорныя змычна-праходныя ротавыя пярэднеязычныя зычныя гукі [л], [л’] (волат, ліловы — [л’іловы], хваля — [хвал’а]). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную формы. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ЛТЗ), як умоўнае скарачэнне слова літр (25 л). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне «дванаццаты» (група «Л»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 8л).

Літаратура

Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Л Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт