Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчана ў Мінску па вуліцы Карла Маркса, 38. У будынку размяшчаецца Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя будаўніцтва

Будынак будаваўся для ЦК КПБ у 1939—1941 гадах, скончаны ў 1947 годзе (архітэктары Аляксандр Воінаў, Уладзімір Вараксін). Адно з найбольш значных збудаванняў беларускай савецкай архітэктуры. Пры будаўніцтве ўпершыню ў рэспубліцы выкарыстаныя зборныя жалезабетонныя пліты для перакрыццяў.

У час акупацыі немцы працягнулі будаўніцтва. У будынку меркавалася размясціць Генеральны камісарыят. Планавалася адкрыць будынак 1 мая 1943 года, але ў красавіку ён пацярпеў ад авіябомб, якія скінуў побач з будынкам савецкі бамбардзіроўшчык. У выніку пераезд генкамісарыята ў новы офіс адбыўся толькі ў чэрвені 1943 года. Кабінет гаўляйтара Вільгельма Кубэ размяшчаўся на другім паверсе, яго вокны выходзілі на Аляксандраўскi сквер.

У 1976 годзе з паўднёвага захаду да цэнтральнага аб’ёма прыбудавана правае крыло, рашэнне якога паўтарае архітэктуру галоўнага фасада. У 1986 было прыбудавана левае крыло, а ў 1988 годзе прыбудавалі аб’ём, які злучыў іх з боку вуліцы Кірава ст. 559 (архітэктар Павел Кракалёў).

З 1992 года ў будынку размешчаны Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, потым — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Архітэктура

Займае квартал паміж вуліцамі Энгельса і Чырвонаармейскай, галоўным фасадам арыентаваны да вуліцы Карла Маркса. Будынак пастаўлены за 40 м ад чырвонай лініі, перад ім разбіты зялёны партэр. Знаходзіцца па восі Кастрычніцкай плошчы, адыгрывае вядучую ролю ў фарміраванні яе архітэктурнага ансамбля.

Кампазіцыйна будынак вырашаны як адзіны маналітны аб’ём на масіўным трохметровым цокалі. Будынак па ўсім перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам, што надае яму манументальнасць. Абліцоўка цокаля чырвоным паліраваным гранітам і апрацоўка ўсяго збудавання ў светлых танах узмацняюць уражанне манументальнасці і параднасці. Пазнейшыя прыбудовы з з боку вуліц Энгельса, Чырвонаармейскай і Кірава, паўтараюць кампазіцыю цэнтральнага аб’ёма і надаюць будынку замкнёную кампазіцыю.

Вялікая ўвага аддадзена арганізацыі ўнутранай прасторы. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя адпавядае планіровачнай структуры і канструкцыйнай аснове будынку. Планіроўка калідорная. Цэнтральная частка цокальнага паверха занята вестыбюлем з гардэробам. У цокальным паверсе знаходзяцца бібліятэка, АТС, друкарня, сталовая з дапаможнымі памяшканнямі. З вестыбюля 2 бакавыя лесвіцы вядуць на першы паверх; на галоўнай восі размешчаны фае і вынесеная ў прыбудову двухсветлавая зала пасяджэнняў на 350 месцаў. На 5 паверхах уздоўж светлавога калідора знаходзяцца рабочыя кабінеты. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца на 2 двухмаршавых лесвіцах і ліфтах, размешчаных у цэнтральнай частцы будынка, а таксама па лесвічна-ліфтавых групах у бакавых крылах.

Цікава выкананы інтэр’ер залы пасяджэнняў. Сцены, афарбаваныя пад штучны мармур, вохрыста-карычневага тону, ляпная кесаніраваная столь, драўляныя разныя дзверы, лаканічнасць мастацкіх сродкаў — усё гэта надае памяшканню своеасаблівую мастацкую выразнасць. У афармленні залы нрымаў удзел скульптар А. Бембель. Ён выканаў ляпную кампазіцыю партала сцэны з выявай У. І. Леніна. Інтэр’ер залы таксама быў упрыгожаны габеленам «Ленінізм» (1977 г., мастакі М. Савіцкі, А. Кішчанка).

Ва ўнутранай апрацоўцы памяшканняў выкарыстаны паркет, мармур, тынкоўка з маслянай матавай афарбоўкай. Памяшканні пятага паверха маюць ляпную столь.

Перад будынкам стаялі помнікі Карлу Марксу і Уладзіміру Леніну (1980, скульптар Заір Азгур, архітэктары Ю. Грыгор’еў і Ю. Казакоў). У пачатку 1990-х гадоў пасля распаду СССР бюсты вывез ва ўласную майстэрню Заір АзгурВ подвалы ЦК КПБ после путча «сослали» 47 портретов Ленина кисти Михаила Савицкого. 21 августа 2018 11:51.

Герб Беларусі на будынку створаны ў 1996 годзе скульптарам У. Папсуевым.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Мінскія рэзідэнцыі Лукашэнкі. Спадарожнікавыя здымкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Беларусь Катэгорыя:Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Вуліца Карла Маркса (Мінск) Катэгорыя:З’явіліся ў 1947 годзе Катэгорыя:1947 год у Мінску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Аляксандра Воінава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Уладзіміра Вараксіна