Аляксандр Карніцкі (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца венгерскага клуба «Дыёшдзьёр II» з Мішкальца і былы ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі.

Клубная кар’ера Прафесійную кар’еру пачаў у 2009 годзе ў складзе «Баранавічаў». Пасля гуляў за іншыя клубы Першай лігі — «Полацк» і «Граніт».

«Гомель» У снежні 2012 года перайшоў у «Гомель», дзе адразу стаў іграком асновы. Звычайна выступаў на пазіцыі апорнага паўабаронцы. Згодна са статыстыкай InStatFootball, стаў найлепшым іграком чэмпіянату 2013 адразу ў некалькіх намінацыях (колькасць выйграных адзінаборстваў, колькасць паспяховых перахватаў, колькасць парушэнняў на іграку). Акрамя таго, 7 ліпеня 2013 года вызначыўся голам, забітым са сваёй паловы поля ў браму «Тарпеда-БелАЗ».

У лістападзе 2013 года была дасягнута дамоўленасць аб пераходзе Карніцкага ў БАТЭ, да якога ён далучыўся па заканчэнні сезона ў снежні.

БАТЭ У першай палове сезона 2014 з’яўляўся на полі нерэгулярна. Увосені, аднак, пачаў дэманстраваць выдатную гульню і замацаваўся ў асноўным складзе барысаўчан на пазіцыі атакуючага паўабаронцы. 16 кастрычніка 2014 года аформіў хет-трык у матчы з салігорскім «Шахцёрам», а 22 лістапада 2014 года аддаў чатыры галявыя перадачы ў матчы з «Гомелем». У выніку стаў самым карысным іграком другой паловы чэмпіянату (агулам пасля падзелу лігі на шасцёркі забіў 7 галоў і аддаў 6 галявых перадач).

«Хапаэль» 1 верасня 2016 года падпісаў трохгадовы кантракт з ізраільскім клубам «Хапаэль» з Раананы. Спачатку рэгулярна гуляў у аснове, але ў пачатку 2017 года страціў месца ў складзе, і ў лютым пагадненне «Хапаэля» з паўабаронцам было разарвана.

Вяртанне ў «Гомель» Неўзабаве пасля зыходу з «Хапаэля» вярнуўся ў Беларусь і стаў трэніравацца з «Гомелем», шукаючы варыянты працягу кар’еры за мяжой. У выніку, аднак, вырашыў застацца ў гомельскім клубе, падпісаўшы ў сакавіку кантракт да канца сезона 2017. У «Гомелі» зноў стаў іграком асновы, да лета правёў за клуб 11 матчаў і забіў 4 галы.

«Тосна» У чэрвені 2017 года накіраваўся на прагляд у расійскі клуб «Тосна», з якім у выніку падпісаў кантракт. Замацаваўся ў асноўным складзе «Тосна» і дапамог камандзе выйграць Кубак Расіі, аднак па выніках сезона 2017/18 клуб страціў месца ў Прэм’ер-лізе і спыніў існаванне.

«Сепсі» У ліпені 2018 года стаў іграком румынскага клуба «Сепсі».

«Мезёкёвешд» У чэрвені 2019 года падпісаў двухгадовы кантракт з венгерскім клубам «Мезёкёвешд». Па выніках сезона 2023/24 клуб страціў месца ў найвышэйшым дывізіёне, і паўабаронца пакінуў каманду.

«Дыёшдзьёр» У жніўні 2024 года далучыўся да «Дыёшдзьёра II» з трэцяга венгерскага дывізіёна.

Міжнародная кар’ера 7 кастрычніка 2017 года дэбютаваў за нацыянальную зборную Беларусі ў адборачным матчы чэмпіянату свету 2018 супраць Нідэрландаў (1:3), правёўшы на полі ўсе 90 хвілін.

Дасягненні Чэмпіён Беларусі (2): 2014, 2015 Уладальнік Кубка Беларусі: 2015 Уладальнік Суперкубка Беларусі (3): 2014, 2015, 2016 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (2): 2013, 2014 Уладальнік Кубка Расіі: 2018

Крыніцы

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Баранавічы Катэгорыя:Ігракі ФК Полацк Катэгорыя:Ігракі ФК Граніт Мікашэвічы Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Хапаэль Раанана Катэгорыя:Ігракі ФК Тосна Катэгорыя:Ігракі ФК Сепсі Сфынту-Георгэ Катэгорыя:Ігракі ФК Мезёкёвешд Катэгорыя:Ігракі ФК Дыёшдзьёр