АКСМ-101 — двухвосевы тралейбус вытворчасці Мінскага завода «Белкамунмаш» з рэастатна-кантактарнай сістэмай кіравання пускам цягавым рухавіком. З’яўляецца далейшым развіццём тралейбуса АКСМ-100.

Канструкцыя

Кузаў тралейбуса АКСМ-101 — аналагічны ЗІУ-682 — суцэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Каркас — са сталёвых труб прастакутнага профілю. Грунтуецца на раме ланжаронавага тыпу.

Цягавы электрарухавік — ДК-213 — пастаяннага току, змешанага ўзбуджэння, магутнасцю 115 кВт. Рухавік размешчаны перад заднім мостам, у межах колавай базы, па цэнтры. У адрозненне ад свайго папярэдніка АКСМ-100, цягавае высакавольтнае электраабсталяванне (пуска-тармазныя і шунтавыя супрацівы, групавы рэастатны кантролер) вынесена на дах. Для сілкавання нізкавольтных ланцугоў выкарыстоўваецца дапаможны рухавік-генератар.

Задняя падвеска — залежная, рысорна-пнеўматычная на 4 пнеўмабалонах і паўэліптычных рысорах, з чатырма амартызатарамі і адным рэгулятарам палажэння кузава. Задні мост шарнірна звязаны з кузавам сістэмай з чатырох рэактыўных штангаў. Для гашэння ваганняў, якія ўзнікаюць пры руху тралейбуса па няроўнасцях дарогі, у падвесцы ўсталяваны чатыры разборныя гідраўлічныя амартызатары двухбаковага дзеяння тэлескапічнага тыпу. У пярэдняй падвесцы ўсталяваны два амартызатары і два рэгулятары палажэння кузава. Колы — бяздыскавыя, прызначаныя для камерных шын.

Сядзенні размешчаныя па чатырохраднай схеме. Колькасць месцаў для сядзення — 30. Агульная пасажыраўмяшчальнасць — 114 чалавек.

Мадыфікацыі Выпускаўся ў некалькіх мадыфікацыях: АКСМ-101 (базавая мадэль) выпускаўся ў 1994—1997 гадах.

АКСМ-101А — выпускаўся ў 1996—1999 гадах. Палепшаны варыянт АКСМ-101. Вагон мае кажух на даху абцякальнай формы, лепшую гукаізаляцыю, палепшанае мацаванне цягавага электрарухавіка, мадэрнізаваную кабіну і салон. Ужыты пярэдні мост МАЗ. АКСМ-101М — выпускаўся ў 1996—2002 гадах. Тралейбус атрымаў штангі токапрыёмнікаў, колавыя аркі і прыступкі на ўваходах са шклапластыку. Змяніўся дызайн пярэдняй часткі — фары размясціліся ў бамперы. АКСМ-101ПС — выпускаўся ў 1997—2003 гадах. Адрозненне ад мадэлі 101М — для сілкавання нізкавольтных ланцугоў замест дапаможнага рухавіка-генератара выкарыстаны статычны пераўтваральнік на 24В.

Спасылкі www.beltransport.by — Рухомы састаў. Тралейбус АКСМ-101 Фота АКСМ-101 у Гомелі

Катэгорыя:Белкамунмаш Катэгорыя:Тралейбусы паводле алфавіта Катэгорыя:Тралейбусы Беларусі