Рэнэ́ Дэка́рт (; ; 31 сакавіка 1596, Лаэ, Францыя — 11 лютага 1650, Стакгольм, Швецыя) — французскі філосаф, матэматык і фізік, славуты найперш дзякуючы стварэнню сістэмы каардынат. Прыхільнік аналітычнага метаду ў матэматыцы, метаду радыкальнага сумнення ў філасофіі, механіцызму ў фізіцы.

Біяграфія Дэкарт паходзіў са старажытнага, але збяднелага шляхетнага роду і быў трэцім, малодшым сынам у сям'і. Ён нарадзіўся 31 сакавіка 1596 году ў горадзе Лаэ, які зараз носіць прозвішча навукоўца, у Францыі. Яго маці памерла, калі яму быў толькі год. Бацька Дэкарта быў суддзёй у горадзе Рэн і ў Лаэ паяўляўся вельмі рэдка, таму выхаваннем хлопчыка займалася бабуля па маці. У дзяцінстве Рэнэ адрозніваўся кволым здароўем і неверагоднай дапытлівасцю. Пачатковую адукацыю Дэкарт атрымаў у езуіцкім калегіуме Ла Флеш, дзе пазнаёміўся з Марэнам Мерсенам, які пазней стаў святаром, будучым каардынатарам навуковага жыцця Францыі. Рэлігійная адукацыя, як ні дзіўна, толькі ўмацавала ў маладым Дэкарце скептычнае стаўленне да тагачасных філасофскіх аўтарытэтаў. Пазней ён сфармуляваў свой метад пазнання: дэдуктыўныя (матэматычныя) развагі над вынікамі атрыманых вопытаў.

У 1612 годзе Дэкарт закончыў калегіум, некаторы час вывучаў права ў Пуацье, затым выехаў у Парыж, дзе некалькі гадоў чаргаваў рассеянае жыццё з матэматычнымі даследаваннямі. Затым ён паступіў на вайсковую службу ў 1617 годзе — спачатку ў рэвалюцыйную Галандыю, якая ў тыя гады была саюзнікам Францыі, а затым у Нямеччыну, дзе ўдзельнічаў у нядоўгай бітве за Прагу падчас Трыццацігадовай вайны. Некалькі гадоў Дэкарт правёў у Парыжы, аддаючыся навуковай працы. Акрамя іншага, ён адкрыў прынцып віртуальных хуткасцей, які ў той час ніхто яшчэ не быў гатовы ацаніць па вартасці. Затым яшчэ некалькі гадоў удзельнічаў у вайне. Па вяртанні ў Францыю аказалася, што яго вольнадумства стала вядома езуітам, і тыя абвінавацілі яго ў ерасі. Таму Дэкарт у 1628 годзе выехаў Нідэрланды, дзе правёў 20 гадоў. Ён вёў шырокую перапіску з лепшымі навукоўцамі Еўропы, дзякуючы сябру Мерсену, а таксама вывучаў самыя розныя навукі ад медыцыны да метэаралогіі. Нарэшце, у 1634 годзе ён завяршыў сваю першую кнігу пад назвай «Свет» (Le Monde), якая складалася з дзвюх частак: «Трактат пра святло» і «Трактат пра чалавека». Але момант для выдання быў няўдалым, бо годам раней інквізіцыя ледзь не замучыла Галілеа Галілея. Таму Дэкарт вырашыў пры жыцці не друкаваць гэтую працу.

Неўзабаве, аднак, адна за адной, з'яўляюцца іншыя кнігі Дэкарта: «Развага пра метад…» (1637) «Роздум пра першую філасофію…» (1641) «Пачатак філасофіі» (1644)

Кардынал Рышэльё добразычліва паставіўся да прац Дэкарта і дазволіў іх выданне ў Францыі, а вось пратэстанцкія тэолагі Нідэрландаў наклалі на іх праклён у 1642 годзе, і без падтрымкі прынца Аранскага навукоўцу прыйшлося б нялёгка. У 1635 годзе ў Дэкарта нарадзілася незаконная дачка Франсіна ад служанкі. Пражыла яна ўсяго 5 гадоў (памерла ад шкарлятыны), і смерць дачкі Дэкарт расцаніў як найвялікшае гора ў сваім жыцці.

У 1649 годзе Дэкарт, змучаны шматгадовым цкаваннем за вальнадумства, паддаўся ўгаворам шведскай каралевы Крысціны, з якой шмат гадоў актыўна перапісваўся, і пераехаў у Стакгольм. Амаль адразу пасля пераезду ён сур'ёзна прастудзіўся і неўзабаве памёр. Меркаванай прычынай смерці была пнеўманія. Існуе таксама гіпотэза аб яго атручанні, бо сімптомы хваробы Дэкарта падобныя з сімптомамі пры вострым атручэнні мыш'яком. Гэтую гіпотэзу выказаў Айкі Піз, нямецкі навуковецШаров А. Покушение на мысль? Наука и жизнь, № 4, 1994., а затым падтрымаў Тэадор ЭбэртРене Декарта отравили причастной облаткой. Lenta.ruЦеркви мешали координаты Декарта. Gazeta.ru. Падставай для атручвання, па гэтай версіі, паслужыла занепакоенасць каталіцкіх агентаў, што вальнадумства Дэкарта можа перашкодзіць іх намаганням па схіленні каралевы Крысціны ў каталіцтва, які сапраўды адбыўся пазней у 1654 годзе. У канцы жыцця Дэкарта стаўленне царквы да яго вучэння стала рэзка варожым. Неўзабаве пасля яго смерці асноўныя працы Дэкарта былі ўнесены ў вядомы «Індэкс забароненых кніг», а Людовік XIV спецыяльнай пастановай забараніў выкладанне філасофіі Дэкарта («картэзіянства») ва ўсіх навучальных установах Францыі. Праз 17 гадоў пасля смерці навукоўца яго астанкі былі перавезены ў Парыж, дзе пазней ён быў пахаваны ў Пантэоне. У 1819 годзе шматпакутны прах Дэкарта быў ізноў патурбаваны, і цяпер спачывае ў царкве Сен-Жэрмен дэ Прэ. У гонар навукоўца названы кратар на Месяцы.

Навуковая дзейнасць Матэматыка

У 1637 годзе выйшла ў свет галоўная матэматычная праца Дэкарта «Разважанне пра метад». У гэтай кнізе выкладалася аналітычная геаметрыя, а ў прыкладаннях — шматлікія вынікі ў алгебры, геаметрыі, оптыцы (у тым ліку — слушная фармулёўка закона праламлення святла) і многае іншае. Асобна варта адзначыць перапрацаваную ім матэматычную сімволіку Віета, якая стала блізкай да сучаснай. Каэфіцыенты ён абазначаў лацінскімі літарамі a, b, c ..., а невядомыя літарамі x, y, z. Натуральны паказчык ступені прыняў сучасны выгляд (дробныя і адмоўныя зацвердзіліся дзякуючы Ньютану). З'явілася рыса над падкарэнным выразам. Раўнанні прыводзіліся да кананічнай формы, дзе ў правай частцы стаіць нуль. Сімвалічную алгебру Дэкарт называў «Усеагульнай матэматыкай», і пісаў, што яна павінна растлумачыць «усё, што адносіцца да парадку і меры».

Стварэнне аналітычнай геаметрыі дазволіла перавесці даследаванне геаметрычных уласцівасцей крывых і цел на алгебраічную мову, гэта значыць аналізаваць раўнанне крывой у некаторай сістэме каардынат. Гэты пераклад меў толькі адзіны недахоп, што цяпер трэба было акуратна вызначаць сапраўдныя геаметрычныя ўласцівасці, якія не будуць залежыць ад сістэмы каардынат (інварыянтаў). Аднак вартасці новага метаду былі выключна вялікімі, і Дэкарт прадэманстраваў іх у той жа кнізе, адкрыўшы мноства палажэнняў, невядомых старажытным і сучасным яму матэматыкам.

У дадатку «Геаметрыя» былі дадзены метады рашэння алгебраічных раўнанняў (у тым ліку геаметрычных і механічных), класіфікацыя алгебраічных крывых. Новы спосаб задання крывой — з дапамогай раўнанняў — быў вырашальным крокам да паняцця функцыі. Дэкарт сфармуляваў дакладнае «правіла знакаў» для вызначэння колькасці дадатных каранёў раўнання, хоць і не даказаў яго. Дэкарт, акрамя таго, даследаваў алгебраічныя функцыі (мнагасклады), а таксама рад «механічных» фунцый, як то спіралі, цыклоіды. Для трансцэндэнтных функцый, на думку Дэкарта, агульнага метаду даследавання не існуе.

Камплексныя лікі яшчэ не разглядаліся Дэкартам на роўных правах з рэчаіснымі, аднак ён сфармуляваў (хоць і не даказаў) асноўную тэарэму алгебры: агульная колькасць рэчаісных і камплексных каранёў раўнання роўная яго ступені. Адмоўныя карані Дэкарт па традыцыі назваў несапраўднымі, аднак аб'яднаў іх з дадатнымі сапраўднымі лікамі, аддзяляючы ад уяўных (камплексных). Гэты тэрмін увайшоў у матэматыку. Зрэшты, Дэкарт праявіў некаторую непаслядоўнасць: каэфіцыенты a, b, c ... у яго лічыліся дадатнымі, а выпадак невядомага знака спецыяльна адзначаўся шматкроп'ем злева.

Усе неадмоўныя рэчаісныя лікі, не выключаючы ірацыянальныя, разглядаліся Дэкартам як раўнапраўныя; яны вызначаюцца як адносіны даўжыні некаторага адрэзка да эталона даўжыні. Пазней аналагічнае вызначэнне ліку прынялі Ньютан і Ойлер. Дэкарт пакуль яшчэ не аддзяляў алгебру ад геаметрыі, аднак і змяніў іх прыярытэты; рашэнне раўнання ён разумеў як пабудову адрэзка з даўжынёй, роўнай кораню раўнання. Гэты анахранізм быў неўзабаве адкінуты яго паслядоўнікамі, перш за ўсё — англійскімі, для якіх геаметрычныя пабудовы былі толькі дапаможным прыёмам.

Кніга «Метад» адразу зрабіла Дэкарта прызнаным аўтарытэтам у матэматыцы і оптыцы. Характэрна, што выдадзена яна была на французскай, а не на лацінскай мове. Дадатак «Геаметрыя» быў, аднак, тут жа перакладзены на лацінскую мову і неаднаразова выдаваўся асобна, разрастаючыся каментарыямі, і стаўшы, у рэшце рэшт, настольнай кнігай еўрапейскіх навукоўцаў. Працы матэматыкаў другой палавіны XVII стагоддзя адлюстроўваюць наймацнейшы ўплыў Дэкарта.

Фізіка і касмалогія Фізічныя даследаванні Дэкарта адносяцца галоўным чынам да механікі, оптыкі і агульнай будове Сусвету. Фізіка Дэкарта, у адрозненне ад яго метафізікі, была матэрыялістычнай: Сусвет цалкам запоўнены матэрыяй, якая рухаецца і самадастатковая ў сваіх праявах. Непадзельных атамаў і пустаты Дэкарт не прызнаваў і ў сваіх працах рэзка крытыкаваў атамістаў, як антычных, так і сучасных яму. Акрамя звычайнай матэрыі, Дэкарт вылучыў шырокі клас нябачных тонкіх матэрыяў, з дапамогай якіх спрабаваў растлумачыць дзеянне цеплыні, прыцягнення, электрычнасці і магнетызму.

Асноўнымі відамі руху Дэкарт лічыў рух па інерцыі, які сфармуляваў у 1644 годзе, што пазней таксама зрабіў Ньютан, і матэрыяльныя віхры, якія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні адной матэрыі з іншайКузнецов Б. Г. Эволюция картины мира. Указ. соч., стр. 146, 151-152.. Узаемадзеянне ён разглядаў як механічную праяву, як сутыкненне. Дэкарт ўвёў паняцце колькасці руху, сфармуляваў у 1664 годзе у нястрогай фармулёўцы закон захавання руху (колькасці руху), аднак тлумачыў яго недакладна, не ўлічваючы, што колькасць руху з'яўляецца вектарнай велічынёй.

У 1637 годзе выйшла ў свет «Дыёптрыка», дзе ўтрымліваліся законы распаўсюджвання святла, адбіцця і прыламлення, ідэя эфіру як пераносчыка святла, тлумачэнне вясёлкі. Дэкарт першы матэматычна вывеў закон прыламлення святла на мяжы двух розных асяроддзяў. Дакладная фармулёўка гэтага закона дазволіла ўдасканаліць аптычныя прыборы, якія тады сталі адыгрываць велізарную ролю ў астраноміі і навігацыі, а праз нейкі час і ў мікраскапіі. Акрамя таго, Дэкарт даследаваў законы ўдару. Выказаў здагадку, што атмасферны ціск з павелічэннем вышыні памяншаецца. Цеплыню і цеплаперадачу Дэкарт зусім правільна разглядаў як эфект, які адбываецца з-за руху дробных часціц рэчыва.

У касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часціц матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Дэкарта).

Фізіялогія Раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навуковае апісанне рэфлектарнага акта (дуга Дэкарта). Найбуйнейшым вынаходствам Дэкарта, якое стала фундаментальным для псіхалогіі, можна лічыць паняцце аб рэфлексе і прынцыпе рэфлекторнай дзейнасці. Схема рэфлексу зводзілася да наступнага. Дэкарт прадставіў мадэль арганізма як працуючы механізм. Пры такім разуменні жывое цела не патрабуе ўмяшання душы, бо функцыі «машыны цела», да якіх адносяцца «ўспрыманне, захаванне ідэй, утрыманне ідэй у памяці, унутраныя імкненні і іншыя здзяйсняюцца ў гэтай машыне як рухі гадзінніка».

Нараўне з вучэннямі пра механізмы цела Дэкартам распрацоўвалася праблема афектаў як цялесных станаў, якія з'яўляюцца рэгулятарамі псіхічнага жыцця. Тэрмін «страсць», альбо «афект», у сучаснай псіхалогіі абазначае на пэўныя эмацыйныя станы.

Філасофія

У гнасеалогіі Р. Дэкарт — пачынальнік рацыяналізму. Галоўную ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы.

Філасофія Дэкарта была дуалістычнай. Ён прызнаваў наяўнасць у свеце двух аб'ектыўных сутнасцей: працяглай () і думаючай (), пры гэтым праблема іх узаемадзеяння развязвалася ўвядзеннем агульнай крыніцы (Бога), які, выступаючы стваральнікам, стварае абедзве субстанцыі па адных і тых жа законах. Галоўным укладам Дэкарта ў філасофію стала класічная пабудова філасофіі рацыяналізму як універсальнага метаду пазнання. Розум, па меркаваннях Дэкарта, крытычна ацэньвае вопытныя дадзеныя і выводзіць з іх схаваныя ў прыродзе праўдзівыя законы, якія фармуліруюцца на матэматычнай мове. Пры ўмелым прымяненні няма граніц магутнасці розуму.