Гена́дзь Васі́левіч Буда́й () — беларускі журналіст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Мінскай і Баранавіцкай абласцях у гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўны рэдактар часопіса «Камуніст Беларусі» (1972—1988), заслужаны дзеяч культуры БССР (1968). Брат Георгія Будая.
Біяграфія Даваенны перыяд і вучоба Сваю журналісцкую працу пачаў яшчэ ў маладосці, у 1934 годзе. Спачатку працаваў загадчыкам сельгасаддзела, а потым адказным сакратаром раённай газеты, доўгі час з’яўляўся сакратаром камсамольскага камітэта рэдакцыі.
Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі (КІЖ) ў Мінску. Падчас вучобы ў інстытуце шчыльна сябраваў з Уладзімірам Амельянюком, які характарызаваў Г. Будая як выдатнага студэнта і рознабаковага чалавека: ён паспяхова здаваў іспыты, іграў на ўсіх відах струнных інструментаў і баяне, маляваў акварэллю і маслам, цікавіўся філасофіяй і гісторыяй, актыўна працаваў у прафкаме.
У інстытуце ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Нінай Котяшавай, якая таксама была студэнткай КІЖа. Пачатак вайны 22 чэрвеня 1941 года Г. Будай разам з жонкай сустрэў на практыцы ў Брэсце. З-за пачатку вайны КІЖ Г. Будаю скончыць не давялося, і вышэйшую адукацыю ў БДУ ён атрымаў ужо завочна ў 1959 годзе.
У гады вайны Пасля пачатку вайны і 15-дзённага пераходу з Брэста вярнуўся ў Дзяржынск. У жніўні 1941 — кастрычніку 1942 года быў удзельнікам мінскага камуністычнага падполля. Разам з Уладзімірам Амельянюком ствараў падпольную газету «Звязда» і камітэт «Смерць фашызму», які аб'ядноўваў каля 20 антыфашысцкіх груп. З'яўляўся адным са стваральнікаў і кіраўнікоў дзяржынскага камуністычнага падполля. На яго абрушыўся ўдар гестапа, у выніку якога была схоплена і бясследна знікла ў мінскай турме яго жонка Ніна. Самому Г. Будаю ўдалося сысці ў лес.
З лістапада 1942 года стаў камісарам Івянецкага партызанскага злучэння ў Налібоцкай пушчы. У красавіку 1943 — лютым 1944 года быў намеснікам упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Івянецкім міжрайпартцэнтры. Адначасова з чэрвеня 1943 года з'яўляўся рэдактарам партызанскай газеты «Народны мсцівец». З кастрычніка 1943 года — член Івянецкага падпольнага райкама КП(б)Б, а ў лютым — чэрвені 1944 года — рэдактар газеты «Чырвоная звязда» Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б.
Пасляваенная журналісцкая дзейнасць Пасля вайны працаваў на адказнай журналісцкай працы. Быў адказным сакратаром і намеснікам рэдактара «Сельской газеты» (цяпер «Беларуская ніва»). З 1959 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара, а з 1972 па 1988 год — галоўнага рэдактара партыйнага часопіса «Камуніст Беларусі».
Як кіраўнік вылучаўся дыпламатычнасцю, гнуткасцю, уменнем згладжваць вуглы і гасіць канфлікты ў рэдакцыйным калектыве. Пры гэтым быў патрабавальным да якасці матэрыялаў і захавання дысцыпліны, умеў абараняць інтарэсы сваіх супрацоўнікаў. Быў чалавекам надзвычай сціплым, не любіў выстаўляць напаказ свае ваенныя заслугі.
Абіраўся членам ЦК КПБ з 1976 года. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР з 1975 года.
У 1975 годзе выдаў кнігу мемуараў «Свінцом і словам. Запіскі журналіста» (), якую пісаў каля 30 гадоў, дасканала вывяраючы факты. У 1981 годзе выйшла другое, дапоўненае выданне. Кніга была высока ацэнена за яе стрыманасць, аб'ектыўнасць і дакументальную дакладнасць без штучнай гераізацыі і ў 1984 годзе была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Памёр у 1988 годзе на 70-м годзе жыцця. Яго сыход з пасады галоўнага рэдактара і з жыцця быў нечаканым. Знаходзячыся ў адпачынку, Г. Будай даведаўся, што ў ЦК партыі прынята рашэнне пра яго звальненне з пасады і прызначэнне новага рэдактара без належнай падзякі за доўгую працу. Неўзабаве пасля гэтага ён памёр26 июня: этот день в истории .
Узнагароды Чатыры ордэны; Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968); Дзяржаўная прэмія БССР (1984).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся 26 чэрвеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1918 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Дзяржынску Катэгорыя:Памерлі ў 1988 годзе Катэгорыя:Партызаны Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Журналісты СССР Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Мемуарысты Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР Катэгорыя:Члены ЦК КПБ