Асіпо́віцкае — вадасховішча ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Створана ў 1953 годзе плацінай Асіповіцкай ГЭС на рацэ Свіслач.
Плошча вадасховішча 11,9 км². Даўжыня 23,7 км, найбольшая шырыня 1,2 км, даўжыня берагавой лініі 55,3 км. Найбольшая глыбіня 8,5 м. Аб’ём вады 17,5 млн м³. Плошча вадазбору 4370 км².
Берагавая лінія звілістая. Берагі вадасховішча пераважна высокія (да 8 м). Ложа ў межах затопленай поймы Свіслачы перасечана шматлікімі мелкаводнымі ўчасткамі. На вадасховішчы астравы агульнай плошчай 15 га. Дно выслана глеем, уздоўж берагоў пясчанае. Сярэднегадавыя ваганні ўзроўню вады каля 81 см. Вадасховішча праточнае (аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак). Сярэдні шматгадовы сцёк у створы плаціны 790 млн м³.
Гідравузел мае плаціну (даўжыня 415 м, максімальная вышыня 7,75 м), вадаскід, прырэчышчавую ГЭС (мае 3 турбіны), плытаход (даўжыня 134,3 м). Гідралагічны рэжым вадасховішча звязаны з работай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
Мінералізацыя вады 330—380 мг/л. Улетку вада праграецца да 21 °С. Замярзае на пачатку снежня (таўшчыня лёду 40 см), ускрыццё адбывается на пачатку красавіка.
Інтэнсіўна зарастае (ступень зарастання больш за 80 %), асабліва ў вярхоўі. Вадасховішча ў летні перыяд актыўна цвіце (броснее) з прычыны актыўнага развіцця цыянабактэрый. Расліннае покрыва ўтвараюць 52 віды водных раслін, сярод якіх пераважаюць маннік водны, плюшчай, аер, урэчнік бліскучы, гарлачык жоўты, раска малая і многакарэннік.
У вадасховішчы водзяцца шчупак звычайны, акунь, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, лінь, карась, мянтуз і іншыя віды рыб.
Каля вадасховішча населеныя пункты Цэль, Лапічы, Азярышча, Зборск, Смык, Вяззе і інш.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вадасховішчы Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Вадасховішчы Асіповіцкага раёна Катэгорыя:Свіслач (прыток Бярэзіны) Катэгорыя:З’явіліся ў 1953 годзе Катэгорыя:1953 год у Беларусі