Тэадор Антоні Ваньковіч (, ? — ) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік і падстароста судовы менскі (1689—1716).

Біяграфія З роду Ваньковічаў герба «Ліс зменены», сын менскага войскага Пятра і ваўкавыскай харунжычанкі Ганны Дунін-Глушынскай.

У 1671—1676 гадах узгадваецца як падчашы пінскі. Каля 1685 стаў менскім стольнікам, а ў 1689 годзе — падстаростам судовым. Гэтыя дзве пасады трымаў да канца жыцця. Таксама быў старостам падусвяцкім і рушаўскім. Пяць разоў засядаў у Трыбунале ВКЛ у 1682, 1686, 1691, 1701 і 1709 (у гэтым годзе быў маршалкам кола Compositi judicii) гадах. Часта бываў кіраўніком на сойміках і судах фіскальных. У Менску заснаваў кляштары кармелітаў і баніфратаў. Ахвяраваў значныя сродкі менскім францысканцам. Быў фундатарам мноства іншых кляштараў, у тым ліку тых жа законаў у Івянцы (Касцёл Святога Міхаіла Арханёла).

Згодна з Юзафам Вольфам, незадоўга да смерці атрымаў ад караля Аўгуста II прывілей на менскае кашталянства. Але нават калі прывілей і меў месца, Тэадор Ваньковіч не здолеў замацавацца на пасадзе кашталяна, бо з 1713 яе займаў Даніэль Выгоўскі. Ваньковіч застаўся стольнікам і падстаростам менскім, на гэтых пасадах і памёр пасля доўгай хваробы 15 ліпеня 1716.

Сям'я Быў жанаты з дачкой лідскага земскага пісара Ганнай Войшнар і меў ад яе двух сыноў, Стэфана і Антонія, якія рана памёрлі, і пяць дачок: Соф'ю, жонку менскага войскага Францішка Валадковіча; Алену, жонку новагародскага земскага суддзі Яна Багуслава Рдултоўскага; Кацярыну, жонку вількамірскага скарбніка Яна Ярмаловіча; Францішку, якая была ксеніяй менскага закона Св. Бенедыкта; Калумбу, якая стала прэорыцай гэтага ж кляштара.

Літаратура Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839—1846

Чарняўскі Ф. Ураднікі Менскага ваяводства: біяграфічны даведнік, выпуск 1, с. 54. Мінск, 2007

Тэадор Антоні Катэгорыя:Кашталяны менскія Катэгорыя:Стольнікі менскія Катэгорыя:Падстаросты менскія Катэгорыя:Падчашыі пінскія Катэгорыя:Старосты рушаўскія Катэгорыя:Старосты падусвяцкія