Сха — рака ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці Беларусі, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня 80 км. Плошча вадазбору 577 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.

Назва Назва балцкага паходжання.

Захаваная форма назвы Сха мяркуецца змененай з цягам часу, як і роднасная ёй назва ракі Ісга (таксама ў басейне Бярэзіны, прыток гайненскай Цны). У назве Ісга пачатковы галосны І- другаснага і пазнейшага паходжання.

Абедзве назвы зводзяцца да агульнай ім прамежкавай формы *Сга (фрыкатыўнае г дало пазней форму Сха). Далей да *Зьга (з выбухным ґ), ад балцкага *ZĭgāВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 189—190..

Далей да балцкага *žei- / *ži- «гарэць; свяціць, ззяць», ад якога латышскае zīt «світаць, віднець», zaigs «зіхоткі» (*žei-, -g-), літоўскае žibus «зіхоткі» (*ži-, -b-)S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 137—141..

Літоўскія гідранімічныя аналагі — назвы тыпу Žiba, Žiegas, Žied-upė, Žyd-a-upisA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 400, 401.. «Зіхоткія» водныя назвы ў балцкай гідраніміі на ўсходзе — Лучоса (на старой балцкай тэрыторыі тройчы), Свіцязь (двойчы).

Ад таго ж балцкага кораня таксама азёрныя назвы Жыд-возера (у басейне Прыпяці) і *Zeitō, ад якой назва нёманскай ракі Zietela (> Дзятлаўка). Гэтыя назвы, рачныя і азёрныя, значаць «Блішчастае (возера)», «Блішчастая (рака)» і матываваныя «блішчастасцю» воднай паверхні.

На Бярэзіне (як і на Сажы) Ул. Тапаровым адзначалася адмысловая канцэнтрацыя балцкіх гідронімаў.

Асноўныя прытокі Справа: Глініца, Бродня. Злева: Неманіца

Гідраграфія Пачынаецца за 0,5 км на ўсход ад вёскі Міхайлава, вусце ў горадзе Барысаў. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай раўніне. Замярзае ў сярэдзіне — канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

Даліна да ўпадзення ракі Глініца невыразная, ніжэй скрынкападобная, шырынёй 0,3—0,4 км, месцамі 1—2 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія (вышыня 15—20 м), парэзаны ярамі і далінамі прытокаў. Характэрны шматлікія выхады грунтовых водаў. Пойма двухбаковая, зрэдку чаргуецца па берагах або адсутнічае; шырыня яе ў вярхоўі каля 0,1 км, у месцы ўпадзення Неманіцы 0,9 км, у нізоўі зліваецца з далінай Бярэзіны. Паверхня роўная, месцамі забалочаная і перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца на глыбіню 0,3—0,5 м тэрмінам да 5—10 сутак.

Рэчышча ад вытоку на працягу 12,5 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, шырынёй 6—12 м. Берагі стромкія і абрывістыя. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем 1,7 м.

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Бярэзіны Катэгорыя:Рэкі Барысаўскага раёна